“Лічым ініцыятыву, скіраваную на адмену візавых санкцыяў у дачыненні да асобаў, адказных за бесперапынныя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі, як найменей безадказнаю і амаральнаю”, -- гаворыцца ў прынятай беларускім прадстаўніцтвамі ў замежжы заяве.
Падпісанты заявы выступаюць за ўзмацненне санкцый супраць рэжыму ў Беларусі.
Публікуем ніжэй прынятую заяву.
Афіцыйная пазіцыя грамадзянскіх і палітычных беларускіх прадстаўніцтваў замежжа
(заява ў сувязі з некаторымі інсінуацыямі, датычнымі пытання санкцыяў Еўразвязу супраць дыктатарскага рэжыму ў Беларусі)
У сувязі з спробамі пэўных структураў правесці лабісцкія мерапрыемствы па адвольным карэктаванні спісу асобаў, да якіх ужытыя абмежавальныя санкцыі ў рамках афіцыйнае палітыкі Еўрапейскага Звязу да ўсталяванага ў Беларусі дыктатарскага рэжыму, а таксама ў звязку з тым, што наспела відавочная патрэба праясніць пазіцыю беларускае дэмакратычнае супольнасці па дадзеным пытанні, беларускія грамадскія і палітычныя прадстаўніцтвы замежжа супольна заяўляюць пра недапушчальнасць "абельвання" рэпутацыі паслугачоў дыктатуры, прызнаных такімі праз занясенне ў "чорныя спісы" ЕЗ.
Мы рашуча адмяжоўваемся ад апошняе ініцыятывы офіса "За дэмакратычную Беларусь", які ачольвае Вольга Стужынская, што дзеіць па-за межамі ўсякага дыялогу з беларускаю дэмакратычнаю і грамадзянскаю супольнасцю замежжа. Лічым ініцыятыву, скіраваную на адмену візавых санкцыяў у дачыненні да асобаў, адказных за бесперапынныя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі, як найменей безадказнаю і амаральнаю.
Аргументацыя зняцця візавых абмежаванняў з рэктараў універсітэтаў не вытрымлівае крытыкі: гэтыя асобы, прызначаныя дыктатарам на свае пасады, адказныя за шматлікія факты выключэння студэнтаў паводле палітычных матываў, прымусовага галасавання ў датэрміновым парадку, наўпроставыя і ўскосныя забароны на ўдзел у грамадска-палітычным жыцці, іншы ціск на студэнтаў. Пра арганізацыю якіх рэформаў збіраецца гаварыць з імі спадарыня Стужынская? Найпершаю ўмоваю камунікавання з гэтымі прадстаўнікамі рэжыму з’яўляецца скасаванне БРСМ у тым выглядзе, у якім гэтая арганізацыя сёння існуе і выдаленне ідэолагаў з навучальных установаў, а таксама вызваленне студэнтаў ад палітычных наглядчыкаў і куратараў з КДБ.
Мы патрабуем ад офіса "За дэмакратычную Беларусь" тлумачэння з нагоды лабіявання інтарэсаў зброевага барона Уладзімера Пефціева.
Разважанне пра крытэры трапляння ў спіс неўяздных беспадстаўныя – з боку спн. Стужынскай было б слушна задацца пытаннем пра крытэры трапляння беларускіх дэмакратычных актывістаў у вязніцы, што ўтрымліваюцца са сродкаў, заробленых для рэжыму ў тым ліку У. Пефціевым і такімі, як ён.
Мы патрабуем абнародавання ліста, які офіс спн. Стужынскай разаслаў у дыпламатычныя прадстаўніцтвы, паколькі яго змест наўпрост закранае інтарэсы беларускіх палітзняволеных – нашых сяброў і калегаў.
Лічым неабходным пашырыць спіс неўяздных у Еўразвяз асобаў тымі, хто нясе адказнасць за рэпрэсіі ў дачыненні да Алеся Бяляцкага, катаванні і здзекі над кандыдатамі ў прэзідэнты Андрэем Саннікавым, Мікалаем Статкевічам, палітычнымі і грамадскімі дзеячамі Дзмітрыем Бандарэнкам, Змітром Дашкевічам, Артурам Лобавым, Сяргеем Каваленкам, прадпрымальнікам Мікалаем Аўтуховічам і іншымі зняволенымі паводле палітычных матываў.
Сярод іншых, санкцыі мусяць закрануць кіраўніцтва Магілёўскай турмы №4, калоніі "Віцьба-3", Бабруйскай калоніі. Патрабуем далучэння да спісу асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Еўразвязу алігархаў, шчыльна звязаных з рэжымам.
Мы настойваем на крымінальным пераследзе высокапастаўленых чыноўнікаў рэжыму Лукашэнкі, адказных за парушэнні Канвенцыі ААН супраць катаванняў, за знікненні лідараў апазіцыі, грамадскіх актывістаў, журналістаў. Патрабуем увядзення кропкавых эканамічных санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі.
Пад лістом падпісаліся: