Таварыства беларускай культуры ў Літве: старыя праблемы з новым кіраўніцтвам

Справаздачна-выбарчы сход Таварытсва беларускай культуры ў Літве адбыўся 28 студзеня. Падчас сходу старая рада склала свае паўнамоцтвы і адбыліся выбары новага кіраўніцтва.

Справаздачна-выбарчы сход Таварытсва беларускай культуры ў Літве адбыўся 28 студзеня. Падчас сходу старая рада склала свае паўнамоцтвы і адбыліся выбары новага кіраўніцтва.

Справаздачна-выбарчаму сходу папярэднічала традыцыйнае мерапрыемства, падчас якога ўзгадалі найбольш выбітных віленскіх дзеячоў на беларускай ніве, юбілейныя даты якіх з дня нараджэння ці смерці прыпалі на студзень.

У студзені споўнілася 120 гадоў з дня нараджэння самага знакамітага беларускага дзеяча на Віленшчыне ксяндза Адама Станкевіча, большая частка яго святарскага служэння прайшла менавіта тут, у Вільні. Яшчэ і сёння, калі прадстаўнікі шматлікіх нацыянальнасцяў размаўляюць пра беларусаў, узгадваюць імя гэтага найвялікшага патрыёта сваёй Бацькаўшчыны, які ў іх вачах пакінуў самыя светлыя ўспаміны.Гісторыя яго жыцця – гэта гісторыя змагання за беларускае слова сярод беларусаў у царкве, у школе, у сям’і, у грамадскіх месцах, з калегамі па працы… І зразумела, што як і зараз, гэта было цяжкае і няўдзячнае змаганне, перадусім таму, што самі беларусы не разумелі гэтага і саромеліся сваёй мовы, а многія нават лічылі, што культурны чалавек не павінен размаўляць па-беларуску. Гэтаму і супрацьстаяў ксёндз Адам, спрабуючы вывесці мову свайго народа з сялянскіх кутоў да грамадскага і публічнага карыстання, паказваючы, што гэтая мова такая ж самая годная як і польская, і руская, і літоўская.

Адам Станкевіч зрабіў вялікую культурна-гістарычна-грамадска-асветніцкую працу на Віленшчыне, каб абудзіць беларускі народ і дапамагчы яму адчуць сябе прадстаўнікамі нацыі, якая мае сваю слаўную гісторыю, культуру, літаратуру, традыцыю. Кс. Адам Станкевіч з’яўляецца аўтарам 19 кніжак і больш чым 2000 артыкулаў. І не ўсе яны напісаныя на рэлігійныя тэмы. Значная частка кніг і артыкулаў прысвечаная знакамітым беларускім дзеячам і пачынальнікам беларускага адраджэння (Францыску Скарыне, Баброўскаму, Паўлюку Багрыму, Кастусю Каліноўскаму, Казіміру Сваяку і інш.), знакавым падзеям у гістарычным жыцці беларускага народа, праблемам сёняшняга дня, гісторыі царквы і яе месца ў жыцці беларускага народа. Нягледзячы на такі шырокі спектр дзейнасці, Адам Станкевіч быў доўгі час забаронены і забыты. І толькі з пачаткам 90 гг. ХХ ст. яго імя пачало вяртацца ў беларускую культуру. Але, зноў жа, варта адзначыць, што яго адраджэнне адбываецца вельмі павольна і з вялікімі цяжкасцямі. Скажам, для таго, каб у Вільні ўсталяваць мемарыяльную шыльду ў яго гонар, спатрэбілася амаль дзесяцігоддзе. І, думаю, асабліва не памылюся, калі скажу, што і сёння ў Беларусі гэтае імя не вядомае шырокаму колу грамадскасці.

Другая асоба, якой было прысвечана паведамленне ў часе імпрэзы – гэта віленскі біскуп Юры Матулевіч. У студзені спаўняецца 85 гадоў з часу яго адыходу да вечнасці. Нягледзячы на тое, што ён не быў беларусам, за час свайго служэння на біскупскім пасадзе ў Вільні надзвычай шмат сіл і намаганняў прысвяціў абароне беларусаў у каталіцкім касцёле і іх правах на ўжыванне сваёй роднай мовы ў святыні. Часам здзіўляе яго незвыклая любоў да нашага народа і палымянае жаданне яму дапамагчы. З-за чаго вельмі шмат трапляў у няміласць як да польскага каталіцкага духавенства на Віленшчыне (яно тады тут складала большасць), так да польскіх уладаў (у часы, калі Вільня знаходзілася ў руках палякаў).

Ён быў, бадай, самым шчырым абаронцам правоў беларусаў-католікаў у святыні. Верны свайму пакліканню і складзенай прысязе, да канца апошніх хвілінаў свайго зямного пілігрымавання да Вечнасці, застаўся Слугой Хрыста і Касцёла, адкідваючы ўсе палітычныя сістэмы і светапогляды, з чыстым сумленнем увайшоў у Божае Валадарства. Быў з усімі пакрыўджанымі і занядбанымі, горача бараніў тых, каго нават не хацелі прызнаваць на палітычнай мапе свету, імкнуўся да іх, агортваў сваёй бясконцай любоўю і рабіў усё, каб і яны адчувалі сябе не пакінутымі, не другасортнымі, а такімі ж дзецьмі Божымі, як і моцныя гэтага свету.

Галоўнай яго заслугай для Беларусі і беларусаў лічу заснаванне беларускага кляштара айцоў Марыянаў у Друі і жаночага манаскага ордэна Сясцёр служак Езуса ў эўхарыстыі, задача якіх, па задуме айца Матулевіча, заключалася ў працы з беларускім вясковым насельніцтвам. І сёння менавіта гэтыя ордэны ў Беларусі з’яўляюцца самымі беларускамоўнымі. Варта адзначыць, што з Друйскага кляштара айцоў Марыянаў выйшла значная частка беларускіх дзеячоў: Язэп Германовіч, Чэслаў Сіповіч, Тамаш Падзява і інш.

У студзені адзначылі 120-годдзе з дня нараджэння выбітнага сына Віленшчыны, аўтара беларускай граматыкі Браніслава Тарашкевіча. Ён быў адным з найбольш актыўных дзеячоў у Вільні ў першай чвэрці ХХ ст. З яго імем і пры яго непасрэдным удзеле і падтрымцы звязваюць стварэнне беларускіх школаў на Віленшчыне ў часы Першай сусветнай вайны і ў пачатку 20 г.г. ХХ ст. (перыяд Сярэдняй Літвы). Створаная ім беларуская граматыка існуе і па сёння. Многія беларусы так і засталіся вернымі менавіта граматыцы Тарашкевіча і да гэтага часу не прызнаюць „здзекаў“ над беларускай мовай, зробленых у 1933 годзе і зараз, у 2010 г. Думаю, прыйдзе час, і гэтая граматыка з пэўнымі змяненнямі і дапрацоўкамі ляжа ў афіцыйны правапіс беларускай мовы.

*** У другой частцы імпрэзы адбыўся справаздачна-выбарчы сход падчас якога старая рада ТБК склала свае паўнамоцтвы і была абрана новая рада.Сход праводзіў сябра ТБК Васіль Акуневіч.

Хведар Нюнька. Архіўнае фота

У справаздачнай прамове старшыня ТБК Хведар Нюнька распавёў аб дзейнасці Таварыства за апошнія два гады. У яго выступленні канцэнтраваліся два аспекты: цяжкое фінансавае становішча ТБК і праблема падзелу беларусаў на “чэсных” і “нячэсных”. Калі ў канцы 80 – пачатку 90 г.г. ХХ ст. беларусы ішлі адным фронтам і змагаліся за нацыянальнае адраджэнне, то пасля абрання першага прэзідэнта Беларусі, яны раскалоліся і сёння ў асноўнай сваёй масе русіфікуюцца. Той, хто паваінен быў бы быць гарантам абароны незалежнасці і беларускасці, стаў яе магільшчыкам. У выніку мы страцілі вельмі шмат і страцім яшчэ больш. Калі зрусіфікаваныя беларусы ў Беларусі яшчэ адчуваюць сябе беларусамі, то ў замежжы гэтага няма. Пачалася поўная асіміляцыя. Аб чым сведчаць вынікі перапісаў у розных краінах, дзе колькасць беларусаў за апошнія 10 гадоў катастрафічна зменшылася. Такога не было б, калі б Беларусь была беларускай і дзяржава праводзіла б беларускую палітыку.

Другая праблема – гэта фінансавая. Сёння Таварыства не ў стане аплочваць камунальныя паслугі за офіс. Літоўская дзяржава не выдзяляе на гэта  сродкаў. Зразумела, што гэта павінна была б рабіць Беларуская дзяржава тытульнай нацыі. Але яна далёкая ад праблемаў беларусаў і нават зацікаўленая ў іх хутчэйшай асіміляцыі, таму маем тое, што маем, і Таварыства практычны выжывае, дзякуючы самаахвярнай працы нешматлікіх сяброў. Пазыка за аплату камунальных паслугаў складае больш за 15 000 літаў.

Пасля таго з дакладам ад імя рэвізійнай камісіі выступіла Леакадыя Мілаш, якая зачытала справаздачу ад прыбытках і расходах ТБК і падцвердзіла афіцыйнымі дакументамі пазыкі Таварыства.

Затым адбыліся выбары новай рады ТБК і рэвізійнай камісіі.

У склад новай рады ТБК увайшлі: Акуневіч Васіль, Балаховіч Крыстына, Эванс Ніна-Барбора, Гульбіновіч Вацлаў, Нюнька Хведар, Радзюкевіч Валеры, Трусаў Алесь, Яўмен Артур, Адамковіч Алесь.

Выступае Алесь Адамковіч

Выступае Крыстына Балаховіч

У склад рэвізійнай камісіі ўвайшлі: Галіна Кеўлічэне (старшыня), Таццяна Скорэне, Вера Віршычэне. Скарбнікам абралі Леакадыю Мілаш.

З 28 студзеня 2012 года са старымі задачамі па захаванні беларушчыны ў Літве распачала працу чарговая Рада ТБК, якая і надалей будзе стаяць на пазіцыях пабудовы дэмакратычный, незалежнай, еўрапейскай і беларускай Беларусі пад несмяротнымі сімваламі бел-чырвона-белым сцягам і старажытным гербам Пагоня.

Старшынёю ТБК у Літве на 2012-2013 год адзінагалосна абраны Хведар Нюнька.

Алесь Адамковіч