![](/upload/sites/default/files/content/M_images/Polszcza/na_tandemie_pa_pamiezhzhy.jpg)
Два маладыя чалавекі, польскі беларус і беларускі паляк, некалькі месяцаў вандравалі па вёсках па абодва бакі мяжы на ровары-тандэме. У выніку іх экспедыцыі з’явіўся гадзінны дакументальны фільм “Tandemem przez pogranicze” (“На тандэме па памежжы”). Яго прэзентацыя прайшла 27 студзеня ў Беластоку, цяпер стужку збіраюцца паказаць у Варшаве, Мінску і Кракаве. Адзін са стваральнікаў фільма, Радаслаў Дамброўскі, расказаў Budzma.org пра свае прыгоды на беларуска-польскім памежжы.
![](/upload/sites/default/files/content/M_images/Polszcza/na_tandemie_pa_pamiezhzhy.jpg)
— Чаму абралі такі спосаб вандравання?
— Яшчэ з тры гады таму, калі толькі нарадзілася ідэя стужкі, адразу ж вырашылі, што будзем падарожнічаць менавіта такім чынам. Па-першае, тандэмам можна ехаць толькі тады, калі два чалавекі хочуць круціць педалі ды маюць жаданне павярнуць у адзін бок. Між імі заўжды павінная быць згода альбо яны мусяць заўжды прыходзіць да кампрамісу. Тандэм — гэта сімвалічны ровар для нашага падарожжа, бо ехаў на ім я, беларус з Польшчы, і Паша, паляк з Беларусі.
— Чым найперш кіраваліся падчас планавання маршруту?
— Я планаваў маршрут па тэрыторыі, якую ведаю я, гэта значыць, польскі бок, Паша, адпаведна, адказваў за беларускую тэрыторыю. Абіралі месцы, якія былі нам цікавыя асабіста, а значыць, маглі зацікавіць і гледачоў нашага фільма. Для нас усе месцы, куды мы зазіралі, чароўныя і незвычайныя. Зрэшты, можна сказаць, што ўсё памежжа само па сабе незвычайнае (смяецца).
— Ці заўважная тая мяжа пры размовах з людзьмі?
— Заўважная, толькі калі зважаеш на мову. Парадаксальна, але на памежжы з польскага боку, калі загаворыш з людзьмі, то яны адказваюць табе па-беларуску, і робіцца зразумела, што тут жывуць беларусы. А на Гарадзеншчыне, на тым жа памежжы, людзі размаўляюць з табой па-польску, што даказвае, што палякі там ёсць. Заўважаючы такое, ты сам упэўніваешся ў думцы, што мяжа — цалкам штучная прыдумка. А калі вядзецца пра светапогляд, ментальнасць і праблемы людзей, то яны падобныя, гэта звычайныя чалавечыя клопаты. Каханне, сяброўства, побытавыя справы, жытло, праца, адпачынак…
— Ці заўсёды вас сустракалі прыязна?
— Звычайна сустракалі нармальна, не было нейкіх адмоўных момантаў. Нават не з усіх прапановаў карысталіся, бо не так шмат мелі часу. Справа ў тым, што фільм мы здымалі паступова, у вольны ад асноўнай працы час. Нехта даў нам вады і паразмаўляў, нехта накарміў супам пад яблыняй, нехта пачаставаў яблыкам, іншыя прыгатавалі яечню ды запрасілі ў хату на ноч. Мы не падыходзілі ды не напрошваліся ў госці. Мы рэагавалі на цікаўнасць жыхароў вёсак, якія з намі пачыналі размову, асабліва вялікую цікавасць выклікаў наш ровар. Або нас нешта дужа цікавіла нас, і мы прыпыняліся, а гасцяванне было ўжо вынікам нашай размовы. У любым разе хочацца падкрэсліць, што на памежжы людзі вельмі адкрытыя, і супольная мова знаходзіцца вельмі хутка.
— Што цябе самога ўразіла? Ці адкрыў неяк па-іншаму для сябе памежжа?
— Памежжа з польскага боку я добра ведаў і да нашай вандроўкі, так што толькі ўпэўніваўся ў тым, ці стаіць там усё на сваім месцы і ці жывыя яшчэ некаторыя людзі. Заўважаў некаторыя змены: як у пустыя хаты вяртаюцца маладыя, якія ўжо зарабілі грошы ды добрыя пасады, рамантуюць дамы і іншае, але не ствараюць той атмасферы памежжа, а карыстаюцца з яго, як і я сам. Памежжа з беларускага боку было для мяне нязведаным. У Беларусі я дагэтуль быў толькі ў вялікіх гарадах, а ў вёскі не завітваў. Уразіла найперш, што мы падобныя. Людзі, як і з таго боку мяжы, чакаюць, а можна нават сказаць, прагнуць кантактаў з іншымі. І мяжа ім зусім не патрэбная.
— Якая будучыня ў знятай стужкі?
— Разлічваем паказаць яе прынамсі ў Варшаве, Мінску, Кракаве. Пакуль шукаем кантакты і магчымасці рэалізацыі. Вельмі хацелася б паказаць гэты фільм у некалькіх беларускіх гарадах і, натуральна, у тых месцах, дзе мы яго здымалі. Апрача гэтага, збіраемся паслаць фільм на кінафестывалі і спадзяемся, што ён спадабаецца гледачам. Ну, і выдаць яго на DVD.
— Можа ў цябе ўжо з’явілася якая-небудзь далейшая задума?
— Паехаць гэтак жа, узяўшы жонку і сына. Хіба каляску дачапіць (смяецца). Зрэшты, усур’ёз раю ўсім наведаць гэтую тэрыторыю.