У Маскве прайшла беларуская літаратурная вечарына

Нацыянальна-культурная аўтаномія “Беларусы Масквы” сумесна з Маскоўскім домам нацыянальнасцяў 20 студзеня правялі літаратурную вечарыну, прысвечаную творам беларускіх пісьменнікаў Масквы, што летась выйшлі з друку.

Нацыянальна-культурная аўтаномія “Беларусы Масквы” сумесна з Маскоўскім домам нацыянальнасцяў 20 студзеня правялі літаратурную вечарыну, прысвечаную творам беларускіх пісьменнікаў Масквы, што летась выйшлі з друку.

Вечарыну распачалі уступным словам намеснік дырэктара Маскоўскага дома нацыянальнасцяў Алесь Панамар і старшыня НКА “Беларусы Масквы” Сяргей Кандыбовіч.

Вядучы імпрэзы, намеснік рады НКА “Беларусы Масквы” Алесь Глод, расказаў пра чарговы зборнік паэзіі вядомага паэта, празаіка і перакладчыка Івана Бурсава. Іван Цярэшкавіч добра знаёмы чытачам перакладамі на рускую мову вершаў беларускіх паэтаў, творамі для дзяцей. На жаль, паэт не змог асабіста прысутнічаць на вечарыне, і з гісторыяй шматгадовай карпатлівай працы пошуку і творчага пераўтварэння даўніх вершаў, што сабраны ў новую кнігу “Шаги”, пазнаёміла прысутных яго жонка, Маргарыта Бурсава. Яна ж прачытала нізку вершаў з новай кнігі.

Кветкі прымае Маргарыта Бурсава

Натхнёна і шчыра прагучаў аналіз паэтычнай творчасці Івана Бурсава, з якім выступіла Любоў Турбіна, паэтка, перакладчыца (Інстытут літаратуры свету Расійскай Акадэміі Навук). Іван Цярэшкавіч адкрыў рускамоўным чытачам малавядомую дасюль, самабытную, ярка вобразную паэзію беларусаў ХІХ стагоддзя. Атрымалася сапраўдная анталогія беларускай паэзіі 1794-1920 гадоў – буйны ўклад у беларусістыку, годны цэлага інстытуту.  Філалагічныя выкладкі яна трапна замацавала дэкламаваннем бурсаўскага перакладу “Пагоні” Максіма Багдановіча.

Выступае Любоў Турбіна

Пра шматгранную, насычанаю паэтычным талентам мову Івана Бурсава выказаў свае думкі аматар беларускай паэзіі Якуб Шэгідзевіч.

Пра новы раман беларускага і расійскага пісьменніка Алеся Кажадуба “Дорога в Москву” распавёў сам аўтар, чым выклікаў вялікую цікаўнасць слухачоў. Гэта ўжо ці не пятая кніга Алеся Канстанцінавіча, якую пісьменнік выносіць на абмеркаванне перш за ўсё беларусам Масквы.

Выступае Алесь Кажадуб, фота Яны Воратавай, rg.ru

Гэтак жа і паэт Іван Карэнда пасля шэрагу паэтычных зборнікаў прадставіў масквічам кнігу прозы “Воплаўская госця” і прадэкламаваў урывак з паэмы “Цені вайны”, што ўвайшла ў гэты зборнік.

Літаратар, знаўца беларускай паэзіі і літаратуры Іван Сабіла (сакратар Выканкама Міжнароднай супольнасці пісьменніцкіх саюзаў) даў высокую адзнаку прадстаўленным літаратурным творам, з асаблівай цяплынёй адгукнуўшыся на творчасць Івана Бурсава.

Пра 10-ты выпуск літаратурна-навуковага штогадовіка “Скарыніч” распавёў каардынатар праекта Віктар Чайчыц. Як і папярэднія выпускі праекта “Скарыніч”, юбілейны прысвечаны тэме беларускай нацыянальнай самабытнасці і змяшчае раздзелы паэзіі, успаміны, мемуары, нататкі паэтаў, пісьменнікаў і літаратараў, міжнародны, гістарычны і аналітычны раздзелы, адраджэнне беларускай дзяржаўнасці ў 20-я гады ХХ стагоддзя.

Напрыканцы імпрэзы старшыня НКА “Беларусы Масквы” Сяргей Кандыбовіч вітаў вядомага навукоўца і пісьменніка Аляксея Каўку, ідэолага, аўтара і складальніка штогадовіка “Скарыніч”, заснавальніка першага ў Маскве нацыянальна-культурнага таварыства імя Францішка Скарыны.

На вечарыне прысутнічалі супрацоўнікі Пасольства Рэспублікі Беларусь Валянціна Капусціна і Антаніна Сіманава, сябры НКА “Беларусы Масквы”, проста масквічы, якія цікавяцца мінулым і сучаснасцю Беларусі. Зала Маскоўскага дома нацыянальнасцяў не змагла змясціць усіх жадаючых прыняць удзел у вечарыне.

Cтаршыня Нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Масквы” Сяргей Кандыбовіч, намеснік старшыні Рады НКА “Беларусы Масквы” Алесь Глод, намеснік дырэктара Маскоўскага дома нацыянальнасцяў Алесь Панамар

Раман Чырвонцаў, НКА “Беларусы Масквы”