
20 студзеня ля амбасады Францыі ў Вільні адбыўся пікет. Беларусы Вільні патрабавалі арышту міністра ўнутраных справаў Беларусі Анатоля Куляшова. Куляшоў занесены ў спіс беларускіх службоўцаў, якім забаронены ўезд у краіны Еўразвязу. Французскую візу ён атрымаў па просьбе Інтэрпола, які запрасіў беларускую дэлегацыю на перамовы.
Адвакат Уільям Бурдон 19 студзеня падаў у французскі суд пазоў супраць міністра ўнутраных справаў Беларусі Анатоля Куляшова. Бурдон дзейнічае ад імя ініцыятывы Free Belarus Now, якая абвінавачвае кіраўніцтва Беларусі ў арганізацыі катаванняў палітвязняў.
У пікеце прынялі ўдзел прадстаўнікі грамадзянскай кампаніі Еўрапейская Беларусь, Грамадзянскага і Палітычнага Прадстаўніцтва Беларусі ў Літве, Таварыства Беларускай Культуры ў Літве.
Аналагічны пікет адбыўся 20 студзеня і ў Варшаве.
Французская пракуратура адмовілася пераследваць Куляшова, які знаходзіўся 17–20 студзеня ў Францыі з візітам па лініі Інтэрпола. Пракуратура заявіла, што паміж Францыяй і Інтэрполам існуе пагадненне, згодна з якім прадстаўнікі іншых дзяржаў, якія бяруць удзел у французскіх сустрэчах Інтэрпола, валодаюць імунітэтам.
westki.info, фота: ffight.org