Іркуцк – сапраўдны беларускі горад. Нічога, што ён знаходзіцца больш за 6 тысяч кіламетраў ад Беларусі. Беларускі ён не паводле геаграфічнай прыналежнасці, а па свайму духу. Так сталася дзякуючы імпэту Алега Рудакова і ўсяго актыва Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага.
Сёлета асабіста ўпэўніцца ў гэтым змог Зміцер Вайцюшкевіч. Іркуцкія беларусы запрасілі Зміцера у госці на Каляды. Гэтае свята ІТБК ладзіць ужо 15-ы раз і па традыцыі запрашае кагосьці з беларускіх артыстаў.
“Уражанні самыя лепшыя. Нават выязджаць з Іркуцка не хацелася, -- распавёў Зміцер Вайцюшкевіч. -- Прыемна здзівілі мясцовыя дзяўчаты. Яны не толькі вельмі прыгожыя, але яшчэ і беларускімі справамі займаюцца: страюцца пашыраць уплыў суполкі ў рэгіёне, беларускую мову вывучаюць, ткуць вышываюць. Пры чым, робяць гэта вельмі ўважліва, з сэнсам, не проста турыстычны прадукт. Я нават не вытрымаў і замовіў сабе кашулю. Я заўжды зайздросціў тым, у каго ёсць сапраўдныя беларускія кашулі, саматканыя, з вышыўкай. У мяне толькі украінская была, і вось я замовіў сабе беларускую ў Іркуцку”.
Зміцер прыехаў у Іркуцк 6 студзеня. Яго сустрэлі сябры ІТБК і адразу ж павялі горад паказваць. У якасці беларускамоўнага гіда выступіла старшыня Іркуцкага гарадскога аддзялення ІТБК Алена Сіпакова. Увечары ў той жа дзень адбылася сустрэча на сядзібе таварыства. Зміцер пазнаёміўся з усім актывам. Размаўлялі пра Беларусь. Усіх цікавіла, што новага ў краіне, ці будзе лепей, як пераадолець праблемы.
“Актыў мне вельмі спадабаўся, -- шчыра прызнаўся Зміцер Вайцюшкевіч. – Дзяўчаты вельмі прыгожыя. Я ганарыўся, што ў нас нават там такія дзяўчаты прыгожыя”.
Увечары 7-га студзеня ў Іркуцкай абласной філармоніі адбылося свята “Беларускія Каляды”.
Перад пачаткам кожны мог сабе набыць ляльку-абярэг на свой густ
Святочную праграму распачаў старшыня Таварыства Алег Рудакоў, ён павітаў усіх прысутных ды павіншаваў са святамі.
Потым беларускія аўтэнтычныя песні спявалі іркуцкія фальклорныя гурты “Крывічы” і “Ленушка”, якія дзейнічаюць пры ІТБК. За імі на сцэну выйшаў Зміцер Вайцюшкевіч. Па яго словах, зала была поўная. Канцэрт прыйшлося весці на дзвюх мовах, бо былі не толькі беларусы, але і бураты, і рускія.
Спявае гурт "Крывічы"
Кіраўніца гурта Воля Галанава
Зміцер Вайцюшкевіч
“Канцэрт прайшоў вельмі добра, мяне доўга не хацелі адпускаць са сцэны. Спяваў усё, што ў галаву прыходзіла, расказваў гісторыі паміж песнямі, як і на беларускіх канцэртах. Адчуваецца, што такое свята таварыства ладзіць далёка не першы раз, і яно карыстаецца папулярнасцю”, -- расказаў спявак.
Пасля канцэрта пачалося калядаванне.
“Казу вадзілі, і Дзед быў, і Механоша, усё, як мае быць. Нават з Мядзведзем барукаліся. Было насычана і неяк па-каляднаму прыемна, -- падзяліўся ўражаннямі Зміцер Вайцюшкевіч.
Завершылася свята беларускімі побытавымі танцамі, якія праходзілі ў холе філармоніі. Навучыцца танчыць беларускія “Польку” ды “Ойру” мог кожны ахвотны, майстроў па беларускіх танцах у Іркуцкім таварыстве беларускай культуры хапае.
“Іркуцкая суполка – вельмі моцная, -- выказаў меркаванне Зміцер Вайцюшкевіч. -- Канешне, усё залежыць ад галавы, і Алег Рудакоў у гэтым сэнсе – малайчына! Я быў вельмі прыемна ўражаны арганізаванасцю, насычанасцю праграмы. Шмат чаго яны маглі б і не рабіць, да прыкладу, не вазіць мяне на Байкал, не вадзіць па гораду, а яны зрабілі. Вельмі спадабаўся актыў суполкі. Вялікі дзякуй Алегу Рудакову і ўсяму актыву, поспехаў ім!”
Алег Рудакоў
Спявае гурт "Ленушка"
Жадаючыя маглі пабарукацца з мядзведзем. Па народнай прыкмеце той, хто пераможа мядзведзя, будзе здаровым цэлы год
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Фота Мікіты Дабрыніна, irk.ru