Штудыі з кантрастыўнай паэтыкі Янкі Юхнаўца

Пра творчасць эміграцыйнага пісьменніка Янкі Юхнаўца піша Ціхан Чарнякевіч.
Карціна свету ў беларускай савецкай паэзіі другой паловы ХХ стагоддзя не песціць вока багаццем каларыту з прычыны транслявання аўтарамі толькі адной формы традыцыі. Паэзія Янкі Юхнаўца ўяўляе сабой канцэптуальна іншы тып вершатворчасці.

Пра творчасць эміграцыйнага пісьменніка Янкі Юхнаўца піша Ціхан Чарнякевіч.

Янка Юхнавец

Карціна свету ў беларускай савецкай паэзіі другой паловы ХХ стагоддзя не песціць вока багаццем каларыту з прычыны транслявання аўтарамі толькі адной формы традыцыі.

Паэзія Янкі Юхнаўца (якому ў мінулым месяцы споўнілася б 90 гадоў. — Рэд.) уяўляе сабой канцэптуальна іншы тып вершатворчасці. Разгорнуты паэтам у другой палове ХХ стагоддзя, каранямі ён сыходзіць у 1910-20-ыя гады і, зразумела, не з’яўляецца для нашай паэзіі чымсьці чужародным альбо «дзікім». Агульнавядома, што сам Юхнавец перадусім звяртаў увагу на гэтыя часы нашай лірыкі, а таксама на фальклор і заходнееўрапейскую паэтычную традыцыю. Гэты другі прынцып вершавання можна акрэсліць у значэнні разумення паэзіі як славеснага мастацтва, як маўленчага акту, здабыцця эстэтычнай эмоцыі эстэтычнымі ж сродкамі, дзе «ідэйная задума» выяўляецца не закла­дзеным паведамленнем, але высноўваецца выключна з ходу самога верша…

Застаўшыся па волі лёсу на маргінэсе (прасторавым) нацыянальнага культурнага жыцця і «будаўніцтва», беларуская эміграцыя (і паэты — як складнікі яе духоўнай перспектывы) змушана была ўкараняцца ў новым быцці і, паводле ўласнага пераканання, быць апірышчам, захавальнікам і правапераемнікам нацыянальна-культурнай традыцыі (усяго несавецкага — «нашаніўства» і «ўзвышэнства», як прыклад). У сувязі з гэтым паўстала праблема незамглёнай перадачы гэтай традыцыі, а таксама годнага яе развіцця. Паэзія прагнула абнаўлення, і ў выніку вызначыліся дзве яркія тэндэнцыі — неакласічная (найяскравейшым яе выразнікам быў Алесь Салавей) і мадэрністычная (тут асобай нумар адзін справядліва лічыцца Янка Юхнавец).  Салавей абсалютна не прыняў творчасці Юхнаўца і нават прысвяціў таму верш-пародыю «Тысяча дзевяцьсот…» (напісаную строгім памерам і дакладнай рыфмай). Так ці інакш, кожная з тэндэнцый мела на мэце адшукаць анталагічны субстракт, на якім паўстала б новая беларуская паэзія, бо з метраполіяй былі парушаны ўсякія сувязі і — здавалася тады эмігрантам — назаўсёды…

Адна з адметнасцяў паэта Янкі Юхнаўца палягае ў актуалізацыі ім фальклорнай спадчыны. Юхнавец быў, пасля Багдановіча і Дубоўкі, прыхільнікам фальклору як унутранай формы верша. Пра стылізацыю тут не можа быць і гаворкі. Часам, як справядліва адзначаў У. Конан, паэт абрынаўся ў самыя прадонні фальклору: у архаічныя формы замоваў. Але зноў жа трэба разумець, што пагрозлівай і архаічнай паэтычная мова выглядае звонку, ды насамрэч гэта пэўным чынам зашыфраваная гаворка пра ўсё тое ж: Беларусь, прыроду, чалавека — самотнага, але шчаслівага фактам свайго існавання. Вось толькі энергія суб’екту цяпер зусім інакшая: сам характар лірычнага героя, суб’екта ў Юхнаўца надзвычай… аб’ектываваны. Гэта не рамантычны тып, як у Алеся Салаўя: герой Юхнаўца больш спакойны і цэласны. Сусвет як быццам круціцца вакол яго, а ён знаходзіцца ў пастаянным стане сузіральніка, фіксатара размаітых карцін і эмоцый — знаходзіцца ў цэнтры, нібыта ў знакамітым малюнку «квадратуры круга».

Бадай што вельмі важным з’яўляецца падобнае асэнсаванне паэзіі Юхнаўца як пошуку анталагічнай асноведзі. З улікам гэтага яго штудыі пераходзяць з празмерна суб’ектыўных, «зацемненых» у зусім іншы разрад. Аб’ектываванасць эмоцыі Юхнаўца не ператваралася, зразумела, у аднавобразную «яснасць паведамлення» падсавецкай лірыкі і, таксама безумоўна, не транслявала сабою ідэю нівелявання асобы. Суб’ект, «Я» для Янкі Юхнаўца застаюцца важнымі, але — толькі ў злучэнні з іншым: дэталлю, уражаннем і г.д. Гэта адчужэнне «я» на карысць таго, каб прамаўляла сама карціна прыроды — ветру, дажджу, месяцовага святла..

Увага да фальклору, міфапаэтыка, своеасаблівы пантэізм, дыялектная мова Юхнаўца ў гэтым сэнсе набываюць тады іншае гучанне, іншыя перадумовы ўзнікнення…

Наогул, дыяспарны (эмігранцкі і беластоцкі) слой беларускай паэзіі заўжды вылучаліся: асноўнае адрозненне між метраполіяй і за-межжам — у моўна-стылістычным плане. Нават у публіцыстыцы адчувалася наўмыснасць, нешараговасць слова. У сітуацыі адрыву кожны радок ствараецца «з нічога», але ў той жа час — з ясна ўсвядомленай мэтай. Усведамляецца перадусім важлівасць прамоўленага слова. Падсвядома — гэта яшчэ і імкненне да архаікі, трызненне неперарыўнай беларускай паэтычнай традыцыяй — ад часаў Торвальда-вандроўніка і Скарыны да нашых дзён. Складаю рыбу мёртвую. На самым светлым дне — між небам і зямлёй. Дзяўчыны спеў вясёлы за ўзгоркам радзіцца із сонцам, із хвалямі, із асакой, як невад зблытаны рукамі й багатым ловам. І вецер, бы зналуску, сяўбіт размашысты, Кранае лоб таемнасцю думак усялякіх. Не ведаю, хто вялікім ёсць: ці раб замучаны, ці правадыр дзяржаўны. Я толькі ведаю: я — раб бязмежнага узлёту дум сваіх, што святасцю пакорніцкай лятуць у мір маіх сумніваў, у мір маіх жаданняў, быць існасцю Айчыннай.

Развіваючы ідэі пецярбургскіх фармалістаў 1910-1920-х гг. пра размежаванне практычнай і паэтычнай мовы, Юрый Лотман у апошняй сваёй кнізе «Непрадказальныя механізмы культуры» пісаў: «Для таго, каб немастацкае маўленне стала мастацкім на той жа мове, трэба яго нібы разбурыць і стварыць нанова. Маўленне выводзіцца з свайго натуральнага стану, з’ядноўваючыся з пэўнай рытмічнай формай, а пасля вяртаецца назад ужо ў новым, пераўвасобленым выглядзе». Думаецца, гэтыя словы сугучныя творчаму метаду Янкі Юхнаўца. Ён зыходзіць з ідэі неўзнаўляльнасці самой паэтычнай эмоцыі. Сапраўды, нельга не пазнаць Юхнаўца з двух радкоў, але ў той жа час немагчыма знайсці аднолькавыя вершы. Знойдзеш матывы, сюжэты — урыўкі, якія выпінаюцца найчасцей, але непасрэдна агульным паўсюль застаецца бадай што толькі прага выказвання, прага тлумачэння, прычым у вершы мы застаем паэта ў роздуме, які яшчэ не аформіўся: пытаючыся, ён прапаноўвае нам варыянты адказаў, сярод якіх сам пакуль што не вылучыў адзіна правільнага.

Шукаючы апірышча, Юхнавец даследуе аб’ектыўнае. Адначасова ягонае ўласнае, суб’ектыўнае, выяўляецца ў самой форме верша. Нельга не абмінуць кожнаму чытачу паэзіі Юхнаўца такой частай у яго з’явы, як збой рытму.

Намер праклёнаў ёсць адзін: зраўнаць Душу у векавеччах, вярнуць туды, дзе ход пачаўся па мастох з крыхкога вецця.

У гэтым прыкладзе звычайны ямбічны ход парушаецца спачатку правалам у рыфме, а адразу пасля той «яміны» мы бачым збой у стапе: разбураецца сам ямб. Падобная сінкапіраванасць лірыкі, бясспрэчна, угрунтаваная ў светасузіранні аўтара і сведчыць, відаць, пра неўпарадкаванасць унутранага свету. У той жа час — гэта яшчэ і свядомы мастацкі прыём, скіраваны на «запаволенне радка»; гэта бар’ер для скорачытання. А адвечныя двухкроп’і Юхнаўца выконваюць і іншую функцыю — ствараюць нелінейнасць: ва ўяўнай зацемненасці лірыкі аўтар змушае да ўспрымання прычынна-выніковых сувязяў.

Жадаю сніць я на чужыне сны, а ў снох: вясны зялёныя абрусы, званіцы гонкія Святой Сафіі, спрадвечны шум палескіх пушчаў.

Наогул тут навідавоку поўнае тэлеалагічнае адзінства ўсіх элементаў верша. Тая адсутнасць рыфмы і рытму, якая зазвычай тлумачылася падкрэсленай «хаатычнасцю» і «дзікасцю», апынаецца пры разглядзе не такой простай. Верш Юхнаўца пачынаецца ў цвёрда вызначаным памеры (ямбе, анапесце, дактылі), але за першым радком ідуць наступныя, у якіх абсякаюцца стопы (пяцістопны верш становіцца 2–3-стопным), пропускі складоў радок за радком утвараюць новае страфічнае адзінства, а рыфма (яна ёсць амаль у кожным паэтычным творы Юхнаўца) становіцца падкрэслена недакладнай, прыблізнай, часта — і ўнутранай. Такім чынам, нельга сказаць, што гэта класічны верлібр. Хутчэй гэта дэфармаваная сілаба-тоніка: Лета, лета на зямлі ўсёй. Вясна-прамежак, крывёю адцвіцела Але ж ізноў у садзе пустазелле Расцярушыла сваё семя. І прынадлівым сям’і пчалінай воскам на пустазеллі краскі вырастаюць, і соты поўныя — жыцця прыталіны наліваюцца атрутным сокам. А лета, лета на зямлі ўсёй. Вясна-прамежак, крывёю адцвіцела, Але смяецца, млынар смяецца — не ўзойдзе болей пустазелле.

Насуперак агульнаму погляду большая частка лірыкі Юхнаўца — сілаба-тоніка падобнага кшталту. Вельмі частыя і строфы-катрэны. Гэта, зрэшты, зусім не адмяняе юхнаўцоўскага верлібру ў чыстым выглядзе, ён часта выступае ўжо проста як усплёск эмоцыі, маленькі ціхі выбух.

Я маленькую браў цябе на рукі. Уздымаў пад неба на вышыню рук сваіх.

Твае вочы сонцам былі мне, і радасць галосная, ад цябе маленькай, была небам над табой і мной. Такім чынам, нават у такога яўнага «мадэрністага», як Юхнавец, можна размежаваць класічную і некласічную пазіцыю.

Запамінаецца Юхнавец і надзвычай частым выкарыстаннем метафары. Кантамінаванае мысленне паэта, расцятае і ў той жа час прагнае да аб’ектыўнага — як тая статычна-дынамічная Прырода, выкарыстоўвае метафару для самазапэўнення паэта ў злучальнасці незлучальнага. Праз метафару, праз адухаўленне, пераносныя значэнні Юхнавец стварае сапраўдную слоўную карціну, дзе элементы знаходзяцца ва ўзаемадзеянні і ў той жа час разасобленыя — яны нібыта ніякавеюць ад дужа новага і нязвычнага спалучэння. Хваляй збуялай сувеі ціснуцца, перашкоды ўзвысіць і задзьмуць. Разбеглася неба да зямлі прыпалае — дарога заблуканая у бель-каламуць. Прытулак на зямлі завірусе ёсць. Людзі не ўсе дадому вернуцца. Дзе-небудзь іхны заснежыць лёс, Жыццём звярыным звер… Тое, што Юхнавец выкарыстоўваў як новае і нечуванае для беларускага пісьменства, сёння стала нормай паэзіі. Старая тэндэнцыя «паведамлення» пакрысе становіцца маргінальнай, дзякуючы здрабненню асобы ў пашыраным і раздзьмутым інфармасвеце. Але, на жаль, і торная дарога эстэцтва і чыстай красы засмечваецца маўленчым пластыкам, што дазваляе ўспомніць прыказку пра шыла і мыла. Як заўсёды — мы на раздарожжы. Мінулыя выбухі народзяць новыя выбухі. Ці адчуем мы іх?.. Не раз, блукаючы па калідорах запыленых музеяў былых гарадоў, я вывозіў з вандроўкі жаданне неадменна знайсці імя таго мастака, раней невядомага мне, які раптам, вымкнуўшы з паварота залы, дапамог зрабіць унутры сябе адкрыццё непадступнай дзівоснай краіны. Пад час падарожных мітрэнгаў імя забывалася, і цяпер агняздзілася ў душы толькі памятнае ўражанне ад сустрэчы, захоўваецца толькі яно — бо імя сцерлася. Чытаючы дзясяткі і ледзь не сотні паэтаў, быццам прамінаеш тыя самыя залы, і як добра калі імя не трэба запамінаць, бо яго ўжо проста немагчыма забыць… Для Юхнаўца тое, што ён жадаў вымавіць — было сапраўды важным. Ягоныя пошукі трывалага для сябе апірышча і практычная параза ў гэтым намаганні, ягонае змаганне з мовай, ягонае адпрэчванне штампаў і ў той жа час яднанне з пантэістычнай беларускай паэтычнай традыцыяй, адухоўленым матэрыялізмам, ягоная замкнёнасць і адкрытасць усяму свету, вечнае імкненне разбэрсанай душы да статыкі — надзвычай павучальныя.  Хацелася б, каб будучае новае выданне твораў Янкі Юхнаўца было прачытанае як след. Тады, акрамя іншага, паўстане і больш яснае разуменне паэтыкі гэтага творцы, які дагэтуль пастаянна правакаваў на размову, не аб’явіўшыся да астатку ў выглядзе літаратурнага факту — дбайна выверанага, вычарпальнага тому выбранага. А таму — безупынна спараджаў міфы. Надрукавана ў "Літаратурнай Беларусі" № 64

lit-bel.org