КАЛЯДНАЕ АРХІПАСТЫРСКАЕ ПАСЛАНЬНЕ
Ня бойцеся (Лк. 2:10), з намі Бог (Мц.1:23).
Дарагія Айцы, Браты і Сёстры!
Хрыстос Нараджаецца, слаўце!
У гэты сьвяты радасны дзень чалавецтва ўжо трэцяе тясячагодзе штогод цешыцца Добраю Весткаю – Хрыстос нараджаецца!
Ён нараджаецца і сёньня ў сэрцах людзей, якія ў шчырасьці прыходзяць да Яго. Госпад нараджаецца узяўшы на сабе чалавечае цела, каб далучыць нас да Божай прыроды. Сам Бог прыйшоў у сьвет людзей, каб прынесьці Сьвятло Нябеснае ў цемру жыцьця людзкога ды вызваліць усіх з палону грахоў. Таму Нараджэньня Хрыстовае - гэта вялікае, слаўнае ды радаснае сьвята для ўсіх нас, сьвята Сусьвету.
Сапраўды падзея Нараджэньня Хрыстовага зьмяніла назаўсёды рух гісторыі. “Дзеля нас нарадзілася Дзіцятка малое – спрадвечны Бог” (кандак ютрані). “Дзеля нас Ён прыйшоў, каб узьняць сваіх сыноў, што ўпалі. Той, што жыве ў сьвятле, не зважаючы на сваю веліч, паклаўся ў ясьлі дзеля збаўленьня людзей”(ютрань, песьня 6).
Прыход Хрыста на зямлю быў абвешчаны праз прарокаў ды чаканы. Боганароджаньне апавясьцілі людзям урачыстым сьпевам Анёлы Божыя і Зорка на небе. Разам з тым мы ведаем, якія пакуты спатыкалі Яго ўжо зь першых дзён нарадження. Сын Божы, Уладар Сьвету, нарадзіўся ў цёмнай пячоры ў ваколіцах гораду, бо калі Сьвятой Маці Божай надыйшоў час радзіць, не знайшлося ва ўсім Бэтлеэме іншага прыпынішча. І вось у гэтай пячоры, далёка ад якіх-небудзь умоў, у навакольлі жывёл, бяз хатняга ды сямейнага камфорту адбыўся цуд – Хрыстос нарадзіўся.
Такая рэчаіснасьць сьведчыць пра прыярытэтнасьць жыцьця духоўнага, а ўсё іншае – слава, багацьце – усё гэта, тымчасовае, меньш каштоўнае у вачах Божых.
Той, прывітаць якога зьявілася з Анёлам шматлікае войска нябеснае (Лк. 2:13), ад самога нараджэньня стае “палітычным уцекачом”, бо сьвяты Язеп і Марыя Маці Божая змушаны былі пакінуць бацькаўшчыну й выехаць з Бэтлеэму ў Егіпет дзеля ўратаваньня жыцьця Дзіцяці. Бо тымі днямі 14 тысячаў немаўлят-хлопчыкаў было забіта на загад Ірада у ягонай апантанай барацьбе, каб зберагчы царскую ўладу. Яны сталі першымі пакутнікамі, забітымі за Хрыста.
Разважаючы над гэтымі эпізодамі з гісторыі Боганароджаньня, можна ўбачыць падобныя матывы і ў гісторыі шматпакутнага беларускага народу. Асабліва за апошнія два стагоддзі: нацыянальна-вызвольная барацьба, войны ХХ стагодзя, чырвоны камбайн сьмерці ды няволі, сёняшні цяжкі ды надзвычайна адказны час.
Таксама сотні тысячаў сыноў і дачок беларускага народу вымушаныя ратаваць сваё жыцьцё ды годнасьць у замежжы, ратаваць сваіх дзетак ад нацыянальнай дэградацыі, што роўна зьнішчэньню народа, падобна да біблейных уцекачоў і выгнаньнікаў. Знайсьці бязьпеку, родную царкву, мову, гісторыю, годнасьць і гонар быць беларусамі, каб зноў і зноў з новымі пакаленьнямі беларусаў станавіцца ў авангард нацыянальна-вызвольнай барацьбы беларускага народу. Барацьбы за вызваленьне ад няволі граху, ад нявольніцкай псыхалёгіі, ад духа абыякавасьці ды крывадушнасьці, ад няволі…
Любыя праз Хрыста Айцы, Браты і Сёстры!
У гэты радасны Калядны час узьнімем нашыя малітвы да Ўсемагутнага Госпада за ўвесь беларускі народ, каб Ён умацаваў усіх нас Духам Сваім Сьвятым, асабліва за зьняволеных і тых хто ў турмах пакутуе, братоў і сёстраў нашых, каб наведаў іх Госпад ды падтрымаў, за тых хто пакутуе ды цяжка працуе, адлучаны ад сваіх родных, за хворых, за здароўе усіх хто патрабуе нашай малітвы ды падтрымкі.
Няхай Нованароджаны Хрыстос шчодра нас усіх дабраславіць мудрасьцю, любоўю, шчасьцем, якімі былі напоўненыя душы пастушкоў ды мудрацоў, што прыйшлі ў свой час да Бога.
У гэты слаўны час ад шчырага сэрца й радаснае душы вітаю ўсіх вас, дарагія Айцы, Браты і Сёстры, з вялікім сьвятам Нарадженьня Хрыстовага і новым 2012 годам!
Няхай Нованароджаны ў Бэтлеэме Збаўца наш Ісус Хрыстос дабраславіць усіх людзей добрай волі.
Хрыстос нараджаецца: слаўце Яго!