Калядны зварот айца Аляксандра Надсана

Cорак гадоў таму я наведаў першы раз Амэрыку. Быў якраз перадкалядны час. Што мяне ўразіла амаль адразу пвасьля высадкі з самалёту ў Нью-Ёрку — гэта рэклямы на ўсіх вялікіх крамах і ўстановах з пажаданьнямі Merry Christmas (вясёлых Калядаў, і тут жа побач Happy Hanuka (Вясёлай Ханукі).
Cорак гадоў таму я наведаў першы раз Амэрыку. Быў якраз перадкалядны час. Што мяне ўразіла амаль адразу пвасьля высадкі з самалёту ў
Нью-Ёрку — гэта рэклямы на ўсіх вялікіх крамах і ўстановах з пажаданьнямі Merry Christmas (вясёлых Калядаў, і тут жа побач Happy Hanuka (Вясёлай Ханукі).
Ханука — сьвята габрэйскае, якое прыпадае прыблізна ў той самы час, што і Каляды.

Як і Каляды — гэта радаснае сьвята, «сьвята сьвятла», калі габрэі ўспамінаюць аднаўленьне ў 165 г. да нараджэньня Хрыста ў Ерусаліме сьвятыні, якую знішчылі ворагі, пад чыім панаваньнем тады апынулася Палестына, і якія хацелі «ашчасьлівіць» габрэяў, змусіўшы іх адмовіцца ад веры ў адзінага Бога і традыцыі бацькоў, і далучыцца да «вышэйшай» паганскай культуры іхніх заваёўнікаў.

Аднак «няўдзячныя» габрэі адмовіліся ад такіх дабрадзействаў, паўсталі супраць сваіх захопнікаў і, нягледзячы на няроўныя сілы, перамаглі іх, захаваўшы непарушнай сваю веру і вернасьць традыцыям сваіх бацькоў. Стрыжневым пунктам гэтай веры было чаканьне Мэсіі для аднаўленьня Валадарства Божага, што і здарылася з прыйсьцем на сьвет Госпада нашага Ісуса Хрыста, нараджэньне якога мы цяпер сьвяткуем.

Такім чынам сьвята Ханукі мае прамое дачыненьне да нашых Калядных сьвятаў. Яно дае нам таксама шмат матэрылу да роздуму аб важнасьці захаваць ня толькі веру, але і вернасьць традыцыі бацькоў, мець сьмеласьць бараніць яе і не паддацца спакусе далучыцца да «вышэйшай» чужой культуры. Вось гэтую думку хачу пакінуць да развагі вам, дарагія чытачы, у гэты радасны дзень нараджэньня Госпада Бога і Збаўцы Нашага Ісуса Хрыста.

Каляды 2011а. Аляксандар Надсан, Лондан