Генпракуратура Польшчы не лічыць правапарушэннем забарону беларускага сцяга

22 снежня ў Генеральнай пракуратуры Польшчы прайшла сустрэча прадстаўнікоў беларускіх і міжнародных арганізацый з намеснікам генеральнага пракурора Польшчы Робертам Гернандэм.
22 снежня ў Генеральнай пракуратуры Польшчы прайшла сустрэча прадстаўнікоў беларускіх і міжнародных арганізацый з намеснікам генеральнага пракурора Польшчы Робертам Гернандэм.
У ёй прынялі ўдзел прадстаўнік Цэнтра "Супрацоўніцтва без межаў" Ігар Шчэкарэвіч, прадстаўнік "Звязу на карысць дэмакратыі ў Беларусі" Анатоль Міхнавец і прадстаўнік "Еўрапейскай Беларусі" Дзмітрый Бародка, а таксама  праваабаронца Андрэй Жукавец.

На сустрэчы таксама павінны былі прысутнічаць журналісты. Пры кантактах з прадстаўніком пракуратуры беларускія актывісты паведамлялі, што хочуць запрасіць прадстаўнікоў сродкаў інфармацыі. Супрацоўнік пракуратуры, адказны за арганізацыю сустрэчы, першапачатковы не выказваўся супраць журналістаў. Аднак калі журналісты паспрабавалі прайсці на сустрэчу ім у гэтым было адмоўлена.

На сустрэчы былі абмеркаваны шматлікія факты парушэння правоў актывістаў беларускай апазіцыі ў Польшчы. А менавіта шматгадовы пераслед беластоцкай пракуратурай Андрэя Жукаўца, рашэнне пракуратуры ў Быдгашчы  аб фактычнай забароне выкарыстання бел-чырвона-белага сцяга на спартыўных мерапрыемствах у Польшчы, перадача банкавых дадзеных Алеся Бяляцкага і затрыманне ў аэрапорце Алеся Міхалевіча.

Па меркаванню Анатоля Міхнаўца прадстаўнікі пракуратуры не захацелі пускаць на сустрэчу журналістаў, паколькі баяліся ў іх прысутнасці адказваць на вострыя пытанні. Актывіст таксама адзначыў, што на сустрэчы ён убачыў з боку пракуратуры зацікаўленасць у вырашэнні складаных пытанняў звязаных з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі.

Анатоль Міхнавец

Міхнавец:"Ёсць зацікаўленасць з боку генеральнай пракуратуры ў вырашэнні складаных пытанняў. Раней гэтыя пытанні ніхто не спяшаўся вырашаць. Таму я бачу прагрэс. Думаю пытанне з пераследам Андрэя Жукаўца з боку беластоцкай пракуратуры ў бліжэйшы час будзе пазітыўна вырашана".

Як паведаміў Змітрый Бародка, сустрэча дапамагла ўсталяваць прамы кантакт беларускіх арганізацый з генпракуратурай Польшчы.

Бародка:"Самае галоўнае, што прадстаўнікі генеральнай пракуратуры сустрэліся з прадстаўнікамі беларускіх арганізацый. Яны гатовы нас слухаць. І важна, што мы дамовіліся аб усталяванні пэўных каналаў сувязі для імгненнага рэагавання на пэўныя непаразуменні, якія ўзнікаюць падчас дзейнасці беларускіх арганізацый у Польшчы".

Ігар Шчэкарэвіч

Ігар Шчэкарэвіч таксама пазітыўна ацаніў сам факт такой сустрэчы. Аднак у актывіста застаўся таксама і негатыўны асадак. На сустрэчы намеснік генеральнага пракурора Польшчы паведаміў, што падтрымоўвае рашэнне пракуратуры ў Быдгошчы. Нагадаем, што ў сваім рашэнні пракуратура прызнала правамоцным забарону бел-чырвона-белага сцягу на чэмпіянаце Еўропы па баскетболу сярод жанчынаў у Польшчы.

Праваабаронца Андрэй Жукавец запэўніў, што беларусы будуць працягваць абскарджваць гэтае рашэнне пракуратуры.

Андрэй Жукавец

Жукавец: "Я бачу толькі пазітыўныя рэчы ў гэтай сустрэчы. Гэта першая сустрэча на такім узроўні з супрацоўнікамі Генеральнай пракуратуры Польшчы. Вядома былі і вельмі дзіўныя рэчы. Гэта напрыклад сітуацыя з нашым беларускім сцягам. Калі пракуратура генеральная не лічыць гэта правапарушэннем. Мы лічым па-іншаму. І будзем далей выкарыстоўваць польскае заканадаўства і будзем далей абскарджваць гэтае рашэнне".

Нагадаем, што інцыдэнт з беларускім сцягам адбыўся 25 Чэрвеня 2011 на матчы чэмпіянату Еўропы па баскетболе сярод жанчын у польскім Быдгашчы. Беларускі тады гулялі з літоўкамі. Служба аховы стадыёна, дзе праходзіла гульня, перашкаджала групе беларускіх заўзятараў разгарнуць бел-чырвона-белыя сцягі, а пазней даволі груба выдаліла беларусаў са стадыёна.

Прэс-служба Цэнтра “Супрацоўніцтва без межаў”