Ліст да сваякоў і сяброў
20 сьнежня 2011
Дарагія нашы!
Працуючы шахтаром у Англіі ў 1949 годзе – гэта 62 гады таму! – і займаючыся крыху паэзіяй для нашага часапісу “Наперад!”, я пачаў адзін свой верш (пад загалоўкам “На грыве дзён”) радком: “Дні лятуць, як спуджаныя коні”. Сёньня трэба было б напісаць ужо “Гады лятуць, як спуджаныя коні”... Максім Багдановіч , выказваючыся на падобную тэму, зазначыў яшчэ: “І мы ляцім... да зор”. Згадка пра “зоры” вельмі пацяшальная. Ну, але пакуль мы на зямлі, дык выпадае аглянуцца на год, які канчаецца, ды, пэўна ж, “зазірнуць” у год наступны, хоць бы адно пажаданьнямі-спадзяваньнямі. Бо ведама, што пра будучыню нам нічога ня ведама. Дый наша веда пра сваю мінуўшчыну застаецца пашматкаваная на фрагмэнты. Асабліва, калі чалавек дажыў да такога веку, як у мяне. Сёньняшнія дні, напоўненыя канкрэтным зьместам, ператвараюцца ў сваёй бальшыні амаль адразу ж у дзіркі памяці. Таму я гадамі ўжо вяду свае каляндарыкі-дзёньнічкі, у якіх часамі знаходзіш пасьля патрэбныя для сябе даведкі. Каляндарыкі гэтыя, бывае, цікава перачытваць праз пэўны адрэзак часу. Адзін радок узбуджае іншы раз цэлы пласт памяці. У ангельскай мове ёсьць трапны тэрмін на такую зьяву – memory lane = сьцежка ўспамінаў.
У нас з Надзяй на сьцежцы ўспамінаў пра сёлетні год, калі ня браць у рукі каляндарыка, памятных падзеяў засталося ня так ужо й шмат. Цэлы год прасядзелі дома. Намер паехаць у Сьвятую Зямлю, далучыўшыся да тутэйшай грэцкай грамады, на жаль, ня збыўся. Год прайшоў даволі манатонна: у царкву, з царквы; у клюб (спартовы), з клюбу; ад кампютара да стала, ад стала да кампютара; і г. д.. Нават у Нью-Ёрк , хоць і намерваліся, ні разу ня зьезьдзілі, каб узбагаціцца нейкім новым настроем. Усё гэта пішацца, каб панаракаць крыху . Можа, хто-небудзь зжаліцца. Чалавеку падабаецца, калі яго нехта пашкадуе. Але калі па-гаспадарску глянуць на год, які вось-вось кане ў прорву памяці, дык сякія-такія вынікі можна адзначыць. Па-першае, трымалі сталую лучнасьць зь сям’ёй, зь сябрамі. Шмат каму памаглі парадамі, грашыма, кнігамі, лістамі, асабістым удзелам у той ці іншай справе. Завяршылі апрацоўваньне тэксту кнігі пра беларускія фэстывалі, здаўшы нядаўна тэкст Міколу й Іры Дуткам на макетаваньне ды ілюстраваньне. Адбылі саўтрывэрскі фэстываль, адзначылі Янкавы 85-я ўгодкі, адсьвяткавалі хрэсьбіны Тамарынай дачушкі. Давялося і паніхіды сьпяваць, і нябожчыкаў праводзіць, і нэкралёгі пісаць. Поўны жыцьцёвы цыкль! І пакуль мы ў ім, мы задаволеныя. Бо ёсьць толькі тое, што ёсьць. Дзякаваць Богу, што ня было большых клопатаў, хваробаў, сварак, якімі, калі глянеш навокала, поўніцца рэчаіснасьць.
Вось з такім паглядам на жыцьцёвую плынь сустракаем Новы Год. Будзем і ў ім трымацца разам, будзем адчуваць нашу далейшую супольнасьць. Бо ў цяплыні працягнутай рукі ляжыць прыемнае адчуваньне камфорту й бясьпекі, зь якім лягчэй жывецца й весялей глядзіцца на гэты Божы сьвет.
Дык з Новым Годам і са старым сяброўствам! Вясёлых Каляд!
Янка й Надзя Запруднікі