У Кіеве адбыліся дзве акцыі салідарнасці з Беларуссю

19 снежня, у гадавіну падзеяў Плошчы, у Кіеве адбыліся дзве акцыі салідарнасці з Беларуссю. Арганізатарам акцый выступіў “Беларускі Цэнтр” ва Украіне.

А 17-й гадзіне каля амбасады Расіі больш за 50 чалавек, беларусаў і прадстаўнікоў украінскіх палітычных структур, правялі акцыю “Рукі прэч ад Беларусі”. Людзі трымалі ў руках плакаты з лозунгамі “Масква, пакайся!”, “Свабоду народу, свабоду чалавеку!”, “Не – маскоўскаму імперыялізму”, “Жыве незалежная Беларусь, хай жыве вольная Україна!”, а таксама нацыянальныя і партыйныя сцягі. А 19-й гадзіне адбылося пікетаванне беларускай амбасады ў Кіеве. Дзесяткі людзей запалілі свечкі салідарнасці з беларусамі. Выступоўцы – дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Андрэй Парубій, Вячаслаў Сіўчык, Аляксандр Гудзіма, Ігар Мазур – былі абураны апошнімі арыштамі ў Менску і катаваннямі беларускіх актывістаў. Удзельнікі акцыі на працягу гадзіны скандавалі “Свабоду палітвязням!”, “Дыктатуры – НЕ!”.

Прэс-служба “Беларускага Цэнтра”