19 снежня з 12:00 да 24:00 на найвялікшай плошчы Стакгольма “Medborgarplatsen” прайшла нон-стоп акцыя салідарнасці з Беларуссю. Тэксты беларускіх пісьменнікаў і паэтаў чыталі на шведскай і ангельскай мовах вядомыя палітыкі, пісьменнікі і журналісты Швецыі, сябры беларускай суполкі “Sveriges Belarusier”.
Адкрыў чытанні старшыня шведскага ПЭН цэнтру Ула Лашмо (Ola Larsmo). Потым выступіла міністар культуры Швецыі Лена Адэльсон Лільероц (Lena Adelsohn Liljeroth) і сакратар сацыал-дэмакратычнай партыі, сябра парламэнта Швецыі Карын Йэмцін (Carin Jämtin). Прагучалі творы шэрагу беларускіх аўтараў. Шведская пісьменніца Астрыд Тротцыг (Astrid Trotzig) чытала творы Валянціны Аксак, пісьменніца Марыя Мудыг (Maria Modig) творы Святланы Алексіевіч і Артура Клінава, Ленарт Нурдфош (Lennart Nordfors) - урывак з апавядання Васіля Быкава “Афганец”, журналіст і арганізатар акцыі Марыя Сёдэрбэрг (Maria Söderberg) - вершы Алеся Разанава. З беларускай суполкі Швецыі ў акцыі бралі ўдзел Юлія Лапіцкі, Дзмітры Плакс, Лана Вілебранд, якая прачытала на беларускай мове вершы нобелеўскага лаўрэата Тумаса Транстромэра, Юры Кажура і Андрэй Катлярчук.
Падчас акцыі адбылася прэзынтацыя новага зборніка сучаснай беларускай паэзіі і прозы на шведскай мове “Språket som svalan bor i dess hjärta” (Мова як тая ластаўка што жыве ў сэрцы) пад рэдакцыяй Марыі Сёдербэрг і Дзімтрыя Плакса. Адначасова сябры суполкі падпісалі паштоўкі палітычным вязням Беларусі.