"ДЭМА"-зоркі сустрэліся ў Супраслі

Два летнікі "ДЭМА", зладжаныя Фондам Новыя Мэдыі пры падтрымцы МЗС, прайшлі ў жніўні ў Супраслі, што ў 10 км ад Беластока. На кожны з тыднёвых летнікаў прыехалі 10 беларускіх студэнтаў, вясёлых і адкрытых на ўсё новае.

Два летнікі "ДЭМА", зладжаныя Фондам Новыя Мэдыі пры падтрымцы МЗС, прайшлі ў жніўні ў Супраслі, што ў 10 км ад Беластока (Польшча). На кожны з тыднёвых летнікаў прыехалі 10 беларускіх студэнтаў, вясёлых і адкрытых на ўсё новае, асабліва - на тое, што іх цікавіла найболей: прафесійная і аматарская журналістыка, таямніцы рамяства добрага пісьменства, мастацтва самапрэзентацыі.

Ну і канешне ж, тое, што Фонд Новыя Мэдыі прадстаўляе як свой "фірмовы прадукт" - стварэнне ўласнай газеты на макетах www.mammedia.org. Як вынік - паўстала газета "Аркуш", поўная і ўражанняў, і думак, і рэпартажаў, і проста - нас саміх.

Кожны з летнікаў працягваўся толькі тыдзень, але праграма была складзеная так шчыльна і інтэнсіўна, што час на інтэграцыйныя гульні заставаўся толькі вечарам - і, зрэшты, быў выкарыстаны з шанаваннем што да хвіліны.

Што ж да праграмы - то яна складалася з трох блокаў:

Першы блок -- новыя медыі і журналістыка (экскурс у жанры журналістыкі, асноўныя тэарэтычныя веды, а таксама - развіццё аніматарскіх здольнасцяў (праца ў групе, актыўныя метады навучання) пад крылом дасведчанага трэнера Фонду Марціна Грудзеня.

Прафесійнае развіццё - падрыхтоўка да свядомага выбару кар'ернага і адукацыйнага шляху і прафесійнай кар'еры ва ўмовах рынку. Курсы пад назвай "АBC прафесійнай працы" ўключалі ў сябе імітацыю перамоваў з працадаўцам, пазіцыянаванне ў калектыве, вырашэнне канфліктных сітуацыяў, падрыхтоўку СV, матывацыйных лістоў, удалае сумоўе. Трэнерка Павліна Суханкова пры дапамозе прафесійных тэстаў дапамагла ўдзельнікам вызначыць індывідуальныя прафесійныя схільнасці і падабраць кірунак адукацыйнага развіцця на рынку працы. Усе сцэнкі сумоўя і перамоваў пра свае здольнасці і належны нам (канешне ж!) высокі заробак мы фіксавалі на відэакамэру, каб кожны мог пазней ацаніць сваё майстэрства самапрэзентацыі, але таксама пасля кожнай сцэнкі праходзіла абавязковае абмеркаванне па прынцыпу: пахвалі заслужана, а крытыкуючы не абражай.

Трэці блок "Сістэмная трансфармацыя" згодна са сваёй назвай быў яшчэ больш актыўны: група цягам двух дзён перамяшчалася па Беластоку ад сустрэчы да сустрэчы, ад рэдакцыі да рэдакцыі, пазнаючы як беларускамоўныя медыі Беласточчыны, так і адметнасці жыцця рэгіёну, а на сустрэчах з прадстаўнікамі польскага руху "Салідарнасць" падцягвалі прабелы ў ведах па найноўшай гісторыі: так, дэпутат полскага Сейму і кіраўнік парламенцкай групы па справах Беларусі Роберт Тышкевіч шчыра прызнаваўся, колькі разоў сядзеў ён у часы падземнай "Салідарнасці" у турме і ці было яму страшна.

Самае ж істотнае, што прагучала падчас сустрэчы і ўзрушыла беларускую моладзь - гэта просьба ад прабачэнні ад імя дэпутатаў польскага Сейму за справу Алеся Бяляцкага.

Гісторыя працягваецца штодня - і мы мусім, ведаючы і памятаючы мінулае, адказваць за нашае сёння і клапаціцца пра заўтра. Гэты лейтматыў працягнуў і вядомы рэжысёр Юры Каліна, які паказаў удзельнкіам "ДЭМА" свае тэчкі, якія вяліся на яго ў часы "Салідарнасці" у польскім КДБ, а таксама паказаў некалькі выданняў - некаторыя ў паасобным экзэмпляры! - якія выдавала беларуская і польская моладзь у тыя часы.

Што ж да сустрэчаў у рэдакцыях - мы наведалі "Газэту Выборчу", патрапілі пад абаяльны ўплыў харызматычнай Ілоны Карпюк з тыднёвіка "Ніва",

захоплена слухалі адданага аматара Беласточчыны Зміцера Косціна, разважалі з Ігарам Лукашуком, як найэфектыўней папулярызаваць беларускую культуру, і пасядзелі ў фатэлі вядучага ў тэлевізійнай студыі польскай тэлевізіі TVP пад апекай Міколы Ваўрынюка.

Потым, едучы вечарам ў наш чароўны Супрасль, мы падоўгу, разам і групкамі, абмяркоўвалі свае ўражанні, крыху спрачаліся, рабілі пэўныя высновы. А вечарамі збіраліся разам, каб паразмаўляць пра свае спадзяванні, пра краіну і каштоўнасці, і... пагуляцца ў кракадзільчыкаў. Дарэчы, самым складаным для паказу без словаў аказаўся панятак "адраджэнне". Помніце, дэмаўцы?

Вельмі спадзяюся, што мы дагэтуль напаўняем сэнсам і сваімі элемннтамі гэты панятак, так, як было падчас нашых летнікаў у Супраслі - і будзем працягваць гэта рабіць.

Вольга Гардзейчык