У Новасібірскай вобласці прайшоў фестываль беларускай народнай творчасці

Абласны фестываль беларускай народнай творчасці "У гасцях у Лявоніхі” прайшоў у пасёлку Кочэнева (Новасібірская вобласць, Расія). Ужо дзявяты раз збірае беларуская Лявоніха гасцей з многіх раёнаў і гарадоў вобласці.

Абласны фестываль беларускай народнай творчасці "У гасцях у Лявоніхі” прайшоў у пасёлку Кочэнева (Новасібірская вобласць, Расія). Ужо дзявяты раз збірае беларуская Лявоніха гасцей з многіх раёнаў і гарадоў вобласці. Досвед удзелу ў падобных святах у жыхароў Кочэнева быў. А вось праводзіць фестываль такога размаху ў сябе ім давялося ўпершыню.

Амаль паўтары сотні самадзейных артыстаў і майстроў прыкладной творчасці сабраліся ў раённым Доме культуры. Удзельнікам фестывалю было зразумела хваляванне гаспадароў, у свой час у Мошкаве і Ардынцы, у Тогучыне і Северным, адкуль прыехалі госці, таксама праходзілі падобныя святы.

Гасцей сустракае ансамбль "Чапурушка"

У фае гасцей сустракала знакамітая “Чапурушка”, народны ансамбль, гонар раёна, уладальнік шматлікіх узнагародаў. Ды і творчыя сілы гасцей таксама былі на ўзроўні. Як добрыя старыя знаёмыя сустрэліся на кочэнеўскай зямлі народныя ансамблі “Сібірскія ўзоры” з сял. Смаленка Машкоўскага раёна, “Дабрадзея” з далёкага сяла Севернае, калыванскі вакальны ансамбль "Разлог” і вядома калектывы з Кочанева – “Фантазія”, “Пацешкі”, “Варэнічкі”. Асабліва сустрэчы радаваліся дзеці, а іх сярод удзельнікаў фестывалю было не менш, чым дарослых. На правах гаспадароў юныя кочэнеўскія артысты апекаваліся сваімі “калегамі” па сцэне - узорным харэаграфічным ансамблем “Забава” з Бердска, фальклорным ансамблем "Чеботочки” з сяла Вагайцава Ардынскага раёна, ансамблем танца народаў Сібіры “Надзея” і іншымі сваімі аднагодкамі.

Цудоўнымі песнямі і танцамі артысты ўпрыгожвалі галоўную падзею, якая адбывалася на сцэне. А там разгортвалася каларытнае абрадавае дзейства: любімыя персанажы беларускага фальклору Лявон з Лявоніхай і іх госці сустракалі Талаку, славянскую апякунку жніва і ўрадлівасці. Гэта і стала галоўнай адметнмсцю фестывалю. Далёка не ўсе прысутныя ў зале знаёмыя са звычаямі сваіх продкаў. Таму гледачы з цікавасцю ўспрымалі тэатралізаванае прадстаўленне, даведваліся, што Талака адзначаецца пасля таго, як прыбраны ўраджай, звязаны апошні сноп, у людзей поўныя засекі, пачынаюць спраўляцца вяселлі. Моладзь збіраецца на вячоркі, вызначае, у каго самы багаты ўраджай, да каго пара сватоў засылаць. Так у гульнявой форме, ненадакучліва на сцэне папулярызавалі вечныя каштоўнасці: добрасуседскія адносіны, узаемадапамогу, нормы паводзін у грамадстве - усё, што неабходна чалавеку ў нармальным жыцці.

У тэматыку фестывалю ўдала ўпісвалася і выстава майстроў прыкладнога мастацтва. Былі прадэманстраваны працы прадстаўнікоў розных пакаленняў. Найтанчэйшыя карункі вядомай кочэнеўскай майстрыхі Г.М. Кудрыкавай спаборнічалі з не менш віртуозна звязанымі вырабамі І.А. Сомер. Аўтарскія працы і вырабы сваіх выхаванцаў прадставіў В.В. Хомкалаў, выдатны майстар разьбы па дрэве, лаўрэат шматлікіх абласных выстаў. Як заўсёды захапляліся наведвальнікі працамі Вольгі Верашчагінай, вядомага ў вобласці майстра саломапляцення. А кіраўнік дзіцячай узорнай студыі “Калейдаскоп” з Масляніна Г.П. Развана з гонарам паказвала працы сваіх 4 - 6-летніх умельцаў: маленечкія ільняныя абярэгі ў выглядзе лялечак і звяркоў.

Дыпломы атрымалі ўсе ўдзельнікі свята - ад ветэранаў сцэны да самай юнай артысткі Лізы Емяльянавай з Верх-Тулы, якая кранальна выканала рускую народную песню “Сеў камарык на дубочак”.

Уручаючы ўзнагароды, дырэктар Новасібірскага дзяржаўнага цэнтра беларускай культуры Ніна Кабанава адзначыла:

“Творчыя сілы кочэнеўцаў даўно паспелі для падобнага свята і нашы надзеі апраўдаліся. І яшчэ. На свята я запрасіла супрацоўніцу раённага ўпраўлення культуры з Чанаў (zbsb.org –  пасёлак у Новасібірскай вобласці). Святлана Дальчаніна як чалавек творчы пастаянна праяўляе цікавасць да нацыянальных культур. Пабываўшы на фальклорным фестывалі ў Кочэнева, яна з'ехала з цвёрдым намерам глыбей спазнаць культуру беларускага народа і стварыць у Чанах філіял Цэнтра беларускай культуры. Вядома, мы акажам усялякую дапамогу - касцюмамі для ўдзельнікаў самадзейнасці, метадычнай літаратурай - і думаем, што ў будучым годзе ў вобласці з'явіцца яшчэ адзін, ужо шаснаццаты філіял Цэнтра”.

Паводле Людмілы Бяляўскай