У Маскве паказалі калекцыю беларускіх выцінанак

Калекцыя беларускіх выцінанак была прадстаўлена 26 лістапада ў Маскоўскім Доме нацыянальнасцяў у рамках VI Маскоўскага конкурсу дзіцячых творчых работ “Тэрыторыя міру і згоды - 2011".

Калекцыю стварылі навучэнцы (7-8 гадоў) этнастудыі “Крендзель”маскоўскага ліцэя № 1471. Кіраўнік этнастудыі -- Ірына Капчынская.

Сюжэты работ, якія ўвайшлі ў экспазіцыю, былі вызначаны тэмай конкурсу “Запавет продкаў”. Старадаўняя беларуская народна-прыкладная творчасць, якая прыйшла з XVI стагоддзя, была рэканструявана, тэхнічна асвоена і сюжэтна адаптаваная да сённяшняга дня маленькімі ўмельцамі ліцэя № 1571, які даўно мае культурна-адукацыйныя сувязі з навучальнымі ўстановамі Гродзенскай вобласці.

Падчас прэзентацыі выцінанак з аповедам пра гісторыю гэтага народнага мастацтва Беларусі, яго адраджэнне, рэканструкцыю і выкарыстанне ў адукацыйным працэсе выступіла Ірына Капчынская. Арганічная сувязь народнай музычнай культуры Беларусі і эстэтыкі традыцыйных беларускіх выцінанак была прадэманстравана ўдзельнікамі беларускага фальклорнага ансамбля "Кiрмаш”. Беларускі этнацэнтр “Кiрмаш” быў узнагароджаны дыпломам фэсту за захаванне і папулярызацыю традыцыйнай беларускай культуры ў Маскве.

Паводле belmos.ru