Сябры Беларуска-Амерыканскага Задзіночання (БАЗА) прынялі заяву ў сувязі з апошнімі падзеямі ў Беларусі. На думку аўтараў заявы, гэтыя падзеі вядуць да страты дзяржаўнай незалежнасці краіны. Сябры БАЗА заклікаюць беларускую эміграцыю ў свеце падтрымаць прынятую Заяву і выказаць свой пратэст супраць здрадніцкай палітыкі А. Лукашэнкі. Публікуем ніжэй тэкст Заявы цалкам.
Заява Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня (БАЗА)
Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне выказвае глыбокую занепакоенасьць апошнімі падзеямі ў Беларусі, якія відавочна вядуць да страты дзяржаўнай незалежнасьці нашай Бацькаўшчыны. Мы пратэстуем супроць гандлю жыцьцёва важнымі інтарэсамі беларускага народу, які вядзе сёньня Лукашэнка з імпэрскаю Расеяю.
У страху за сваё жыцьцё і захаваньне ўлады дыктатар пайшоў на дзяржаўную здраду. Падпісаныя ў Маскве дамовы пра быццам бы толькі эканамічны Эўразійскі саюз тояць у сабе злавесную пагрозу не толькі эканамічнай, але і далейшай палітычнай інкарпарацыі нашай краіны ў склад новай Расейскай імпэрыі. Сам Лукашэнка неаднаразова заяўляў пра тое, што ў будучыні справа пойдзе пра палітычны саюз.
Наступны згубны крок, які па ўласнай волі зрабіў Лукашэнка – продаж “Белтрансгазу”, што ставіць у поўную залежнасьць ад Расеі гэты важнейшы складнік эканомікі Беларусі.
Акрамя газавага, Лукашэнка заключыў атамнае пагадненьне з Расеяю, апошняя абавязалася выдаць Беларусі 10 мільярдаў даляраў крэдыту на будаўніцтва АЭС. Відавочна, што і будаваць яе будуць расейцы.
Гэта азначае, што АЭС пачне будавацца нават супроць волі беларускага народу, пацярпелага ад Чарнобылю.
Адначасна, дыктатар вядзе поўную зачыстку палітычнага поля ў краіне, вынішчаючы ўсякія праявы супраціву, ці нават нацыянальнага разьвіцьця.
Палітвязьні сядзяць у турмах, уводзіцца новы драконаўскі закон пра масавыя мерапрыемствы, ліквідуецца беларускае нацыянальнае жыцьцё, культура, ствараюцца новыя структуры, мэтаю дзейнасьці якіх з’яўляецца абарона ўлады дыктатара нават са зброяю ў руках.
Мы, беларусы ў Амэрыцы, ня можам заставацца абыякавымі
да ўсяго гэтага здрадніцтва. Мы адчуваем адказнасьць за далейшы лёс Беларусі і нагадваем Аляксандру Лукашэнку, што ягоныя антыбеларускія пагадненьні і дамовы не маюць юрыдычнай сілы, што ягоныя сфальшаваныя выбары не далі яму законнага права выступаць ад імя беларускага народу. Лукашэнка ня ёсьць легітымным прэзыдэнтам Беларусі і тыя, хто падпісвае з ім дамовы, павінны разумець, што яны ня будуць прызнаныя ў будучыні.
Мы заклікаем беларускую эміграцыю ў сьвеце падтрымаць нашу Заяву і выказаць свой пратэст супроць здрадніцкай палітыкі Лукашэнкі.