Канада - краіна імігрантаў. Улады як на федэральным, так і на мясцовым узроўнях, праводзяць у жыццё палітыку шматкультурнасці, абвешчаную у свой час прэм'ер-міністрам Пьерам Трудо, не перашкаджаючы разнастайным этнічным групам, якія складаюць насельніцтва Канады, падтрымліваць і развіваць свае нацыянальныя культурныя традыцыі, каштоўнасці.
У аздараўленчым цэнтры невялічкага 40-тысячнага гарадка з самым што ні ёсць канадскім назовам Мэйпл, што азначае клён, ужо на працягу дзевяці год працуе медсястрой Света Кот, якая прыбыла са сваёй сям'ёй ў Канаду з Мінска трынаццаць з паловаю год таму.
У знак пашаны за ейную добрасумленную доўгатэрміновую працу адміністрацыя цэнтру абвясціла 22 лістапада 2011 г. Днём Беларусі і папрасіла Свету рэпрэзентаваць краіну свайго паходжання перад медперсаналам і пацыентамі.
Света Кот ля сваёй выставы
Света падрыхтавала выставу з рэчаў, што знайшліся на той час у хаце. Гэта фотаальбомы ''Музей старажытнае беларускае культуры'', пра Мінск, пра беларускія замкі і палацы. На стале былі выкладзены кніга Уладзімера Арлова ''Краіна Беларусь'', газеты ''Беларус'' (выдаецца ў ЗША), ''Беларускае Слова'' (газета канадскіх беларусаў). Таксама былі раскладзены знятыя с хатніх сценаў керамічныя талеркі з выявамі архітэктурных помнікаў Беларусі, сабраныя эблемы гарадоў Пружаны, Бярэсце, Мінск, гарадскога пасёлку Ражаны, дзе знаходзіцца палацавы комплекс Сапегаў, кубак з выяваю гербу знакамітага беларускага роду. На стэндах былі размешчаны раздрукаваныя выявы ўзораў беларускіх нацыянальных строяў розных часоў і рэгіёнаў Беларусі, мапа Беларусі з назовамі галоўных гарадоў, іншая друкаваная інфармацыя пра Беларусь. На асобным стэндзе былі прадстаўлены выявы бел-чырвона-белага сцягу і герба Пагоня.
Прысутныя з цікавасцю разгядвалі ільняныя ручнікі, якія ад высаджвання ільну і да вышывання арнаменту былі цалкам выраблены свякроўю Светы ў канцы саракавых гадоў мінулага стагоддзя. І, канечне, мацнейшае ўражанне на прысутных аказаў нацыянальны беларускі строй, у які перад пачаткам прэзентацыі хуценька перапранулася Света. Пасля сканчэння яе натхнёнага расповеду пра сваю краіну амаль увесь адміністрацыйны і медыцынскі персанал і тыя пацыенты, хто мог па стану здароўя, стаялі ў чарзе, каб зрабіць на памяць здымак са Светай. Некаторыя з іх потым прызнаваліся Свеце, што раней лічылі, што Беларусь і Малдова ёсць рэгіёнамі Украіны(!).
Света са сваім пацыентам-любімчыкам Эдмондам Лі (у нядаўнім мінулым прафесар гісторыі і мастацтва універсітэту Таронта).
Увага, падзякі з боку кіраўніцтва цэнтру і асабліва ад пацыентаў, дзеля якіх дзяржава і пабудавала гэтую цудоўную аздараўленчую ўстанову, асэнсаванне годнасці здзейсненага надаюць людзям унутранай сілы духоўна выжыць на чужыне.
Ю. Трубец