Прэзентацыя штогадовага альманаху беларускіх пісьменнікаў замежжа “Беларус-2011” адбылася ў Празе 12 лістапада, у традыцыйным для беларусаў месцы -- кавярні "Красны Зтраты". І хоць слухачоў было зусім няшмат, атмасфера вечару была вельмі цёплай і сяброўскай. Альманах прадставілі Макс Шчур і Віталь Воранаў, чые творы таксама можна знайсці ў апошнім нумары.
Макс Шчур і Віталь Воранаў
На пачатку вечара Макс распавёў пра сам альманах і пра змест часопіса, адзначыўшы творы Віталя Зайкі, Алеся Тарановіча, Якуба Лапаткі, Ірыны Варабей і Архіепіскапа Юрыя (Эмігідыюша Рыжага).
У самога Макса гэтым разам у часопісе выйшлі новыя вершы і два апавяданні - “Экзэкуцыя” і "Вяртаньне волі”. Апошняе - гэта плынь свядомасці без знакаў прыпынку, які Макс і зачытаў. Але твор апынуўся не такім лёгкім для ўспрымання на слых, бо створаны выключна для самастойнага чытання. Вершы загучалі зусім інакш.
Потым слова ўзяў Віталь Воранаў, які жыве зараз у Познані. У альманаху надрукаваныя яго апавяданні-нататкі. Віталь зачытаў некалькі сваіх твораў.
Але вечар не абмежаваўся толькі чытаннем літаратурных твораў. Макс Шчур сыграў некалькі перакладзеных ім песень. Вельмі прыгожа загучаў па-беларуску пераклад з гішпанскай песні аргентынскай спявачкі Мерседес Соса. А таксама, думаю ўсім спадабалася ірландская народная песня "Whisky in the jar", альбо ў Максавым перакладзе "Старкі поўны джбан".
Напрыканцы вечара прысутныя госці – Лявон Зданевіч і Наталля Гардзіенка распавялі пра часопіс "Запісы", укладальнікамі якога яны з’яўляюцца. Дзякуючы гэтаму часопісу можна пазнаёміцца з рэдкімі архіўнымі матэрыяламі, якія тычацца беларускай эміграцыі.
Госці імпрэзы -- Лявон Зданевіч і Нталля Гардзіенка
Жадаючыя атрымаць альманах "Беларус" пішыце на mail@belkvartal.org.