Арнольд МакМілін пра беларускую літаратуру

Кніга Арнольда МакМіліна «Напісанае ў халодным клімаце: беларуская літаратура ад 1970-х гадоў да нашых дзён» (Лондан, 2010) распавядае нават пра тыя падрабязнасці развіцця беларускай літаратуры, якія мала вядомыя ў самой Беларусі.

«Вялікае бачыцца на адлегласці…» Гэтыя ясенінскія радкі з поўным правам можна прымяніць, характарызуючы кнігу Арнольда МакМіліна «Writing in a cold climate: belarusian literature from the 1970s to the present day» («Напісанае ў халодным клімаце: беларуская літаратура ад 1970-х гадоў да нашых дзён»), якая выйшла ў Лондане ў 2010 годзе.

Упершыню ў гісторыі беларускае сучаснае мастацкае слова паўстае ўва ўсёй сваёй велічы на старонках адной кнігі!

Арнольд Макмілін

Беларускія літаратуразнаўцы, што, як выглядае, пабойваюцца кранаць жывых пісьменнікаў, атрымалі цудоўны падарунак – тысячастаронкавую манаграфію, якая з поўным на тое правам можа называцца энцыклапедыяй сённяшняга літаратурнага жыцця Беларусі.

Уявіце сабе, у гэтым даследаванні згадваюцца больш за 700 імёнаў. Адзін толькі спіс бібліяграфічных крыніц складае 40 старонак. Праца сапраўды тытанічная! І тут са скрухаю трэба прызнацца, што аўтар гэтых радкоў не можа згадаць нічога ў айчыннай філалагічнай навуцы, што б хоць аддалена нагадвала макмілінаўскую манаграфію, калі браць зробленае адным чалавекам, а не калектывам аўтараў. І рэч нават не ў аб’ёме гэтага фаліянта, рэч у любові, якую праяўляе аўтар да нашай нацыянальнай культуры.

Кніга складаецца з 16 раздзелаў, дадаткова падзеленых на главы, уводзінаў, падзякаў і прысвячэння: «Святлане, якая заўсёды надзейна мяне падтрымлівае». Мне здаецца гэта вельмі кранальным – глыбокая навуковая праца, прысвечаная любімай жанчыне! І гэта не проста рэверанс – у даследаванні ўражвае якраз чалавечая інтанацыя, праз якую бачны не толькі характар пісьменнікаў, творчасць якіх вельмі падрабязна (як для агульнай гісторыі) аглядае аўтар, але і добра абмалёўваецца вобраз самога аўтара – патрабавальнага, шчырага, іншым разам іранічнага, заўсёды тактоўнага і несумненна дасведчанага. Не можа не ўражваць, як чалавек, што жыве за тысячу кіламетраў ад Беларусі, змог так адчуць нерв нашага літаратурнага жыцця. У сваёй прадмове ён піша:

«Сярод іншых падзеяў постперабудовачнага часу – моўны рэферэндум 1995 года, які непазбежна яшчэ больш падарваў беларускую мову, надаўшы ёй роўны статус з расейскай (пасля дзесяцігоддзяў русіфікацыі тая, натуральна, мае нашмат мацнейшыя пазіцыі).

Праўда, у 2008 годзе заўважна пашырылася ўжыванне нацыянальнай мовы, асабліва сярод моладзі ды інтэлігенцыі. Можна толькі спадзявацца, што гэтая тэндэнцыя будзе надалей пашырацца.

Тэатр зведаў узлёты і падзенні, рух наперад і адкат назад, аўтарытарныя рэпрэсіі ды непакорлівую незалежнасць. Валтузня вакол Саюза пісьменнікаў, які пазбавілі ўласнага памяшкання й імкнуцца ўсяляк аслабіць, сама па сабе нагадвае трагікамедыю, у якой “камедыйны” складнік – надзвычай чорны. У 2002 годзе ўсе ранейшыя вядучыя пісьменніцкія выдавецкія структуры, ад часопісаў да выдавецтваў, практычна вылегчалі, паставіўшы пад цэнтралізаваны кантроль. З другога боку, узнік шэраг новых непадкантрольных уладам выдавецтваў і перыядычных выданняў, якія ў некаторай ступені заступілі іх шаноўным папярэднікам. Дарэчы, калі аўтар адзначаны Фондам падтрымкі культуры Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, гэта не сведчыць аўтаматычна ні пра высокія якасці твору, ні пра іх адсутнасць».

Натуральна, што пасля такой прадмовы беларускі чытач гатовы да таго, што МакМілін будзе «падсуджваць» – нейкім чынам крытыкаваць «афіцыйных» пісьменнікаў, і нахвальваць «апазіцыйных». Але гэтага не адбываецца!

Усё як і мае быць: аўтар спачатку бесстаронна распавядае пра сітуацыю, а пасля гэтак жа бесстаронна – пра пісьменнікаў.

Сярод асобаў, якіх ён даследуе, ёсць тыя, чые імёны асацыююцца з Саюзам пісьменнікаў Беларусі: Марчук, Мятліцкі, Баравікова… Але ёсць і тыя, пра каго нават не кожны айчынны літаратуразнавец ведае: Лапцёнак, Лосік, Капа, Арахоўскі… Гэта тым больш уражвае, што ў МакМіліна цалкам адсутнічаюць «брацкія магілы», такія папулярныя сярод айчынных літаратуразнаўцаў пералікі імёнаў, якія пазбаўляюць аўтараў індывідуальнасці. У кнізе ўсё інакш – кожны згаданы не проста ўганараваны падрабязным аналізам творчасці, але адразу ж пасля імені прыводзіцца ягоная, няхай сабе і невялічкая, але біяграфія. Прытым гэта могуць быць зусім малавядомыя аўтары, напрыклад такія, як драматург Шабан, што рана пайшоў з жыцця, але, на думку аўтара, хоць і паспеў зрабіць мала, пакінуў яскравы след у пісьменстве. Даволі нечакана было пабачыць сярод зорак беларускай літаратуры і такога парушальніка грамадскага спакою, як Сяргей Патаранскі.

Абсалютна нечаканым, як на мой погляд, ёсць падзел на групы. Калі, да прыкладу, Пацюпа разглядаецца як пісьменнік Гарадзеншчыны, Аксак – Полаччыны, Балахонаў – Гомельшчыны. Гэта вельмі незвычайна, але шмат у чым апраўдана. Ёсць група «Барды», куды ўвайшлі, акрамя Акуліна, Карызна, Пранчак, Паўлікава... Ёсць вельмі цікавыя вылучэнні «Poets Best Known For Other Activities» («Паэты, якія набылі вядомасць праз іншую дзейнасць»), сярод якіх Пашкоў, Свірка і Верамейчык. Ёсць «Two Unjustly Neglected Poets» – «Два несправядліва забытыя паэты»… І неяк абсалютна незнаёмае вызначэнне – «Patriotic Writers», пісьменнікі-"Патрыёты", на чале з Бондар. Цікавым падалося і супалажэнне, параўнанне паэтаў, якое наўрад ці прыйшло б у галаву беларускаму даследніку. Гэтак, Сапач у адным месцы параўноўваецца з Гаруном, а Куртаніч – з Генры Мілерам! (Дзеля справядлівасці варта сказаць, што МакМілін і сам не вельмі ўпэўнены ў слушнасці такіх параўнанняў, але ён робіць іх, каб акрэсліць вобраз, а не таму, што ёсць нейкія больш пэўныя паралелі).

Як няцяжка заўважыць, у кнізе «Writing in a сold climate: belarusian literature from the 1970s to the present day» шмат нечаканага, і ў першую чаргу таму, што ў ёй проста бездань малавядомых матэрыялаў, якія зацікавяць не толькі навукоўцаў, спецыялістаў у літаратуры, але і проста цікаўных, інтэлігентных людзей, якія маюць сентымент да мастацкага слова ў Беларусі.

n-europe.eu