У Яраслаўлі чыталі вершы Багдановіча на 9-ці мовах

16 і 17 лістапада ў сценах музея Максіма Багдановіча ў Яраслаўлі гучалі вершы паэта на 9 мовах. На свята паэзіі школьнікаў горада сабраў конкурс чытальнікаў “Вянок паэзіі”, прымеркаваны да 120-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча.

16 і 17 лістапада ў сценах музея Максіма Багдановіча ў Яраслаўлі гучалі вершы паэта на 9 мовах.

На свята паэзіі школьнікаў горада сабраў конкурс чытальнікаў “Вянок паэзіі”, прымеркаваны да 120-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Конкурс з’яўляецца адным з этапаў рэалізацыі праекту да 20-годдзя СНД “Вянок дружбы”.

Мемарыяльны дом-музей Максіма Багдановіча ў Яраслаўлі

Сёння імя самага рамантычнага беларускага паэта, які жыў у Яраслаўлі, ведае любы беларускі школьнік. Не забываюць яго і ў Яраслаўлі. Адна з удзельніц конкурсу, Анічка Назарэцян з сярэдняй школы № 76 зрабіла пераклад верша М. Багдановіча “Зялёнае каханне” на родную для яе армянскую мову. З дапамогай выкладчыка музыкі паэтычныя радкі ператварыліся ў цудоўную песню.

Многія з удзельнікаў конкурса ўпершыню дакрануліся да беларускай мовы, прачытаўшы адзін з самых вядомых вершаў “Пагоня” на роднай мове паэта. Для большасці хлопчыкаў і дзяўчынак конкурс стаў унікальнай магчымасцю пачуць у адным месцы адразу некалькі розных моў, на якіх гавораць жыхары шматнацыянальнага Яраслаўля. Беларуская, азербайджанская, армянская, інгушская, асяцінская, татарская, украінская мовы гучалі ў конкурсныя дні ў доме паэта.

Не сакрэт, што ў школьнай праграме творчасць нацыянальных паэтаў не вывучаюць. Тым больш дзіўна і прыемна было бачыць вялікую колькасць удзельнікаў конкурсу. Лепшых чытальнікаў чакае прыемны сюрпрыз: магчымасць выступіць на сцэне яраслаўскага Палаца культуры “Нафтавік” 9 снежня, у дзень нараджэння М. Багдановіча, падчас гала-канцэрту “Вянок дружбы”.

Паводле Кацярыны Міцкевіч, навуковага супрацоўніка Музея Максіма Багдановіча ў Яраслаўлі