18 лістапада ў раённым судзе Быдгошча распачнецца судовае паседжанне па справе аб знявазе беларускага нацыянальнага сцяга падчас матчу Беларусь-Літва чэмпіяната Еўропы сярод жанчынаў.
Суд будзе разглядаць апеляцыю актывіста Цэнтра “Супрацоўніцтва без межаў” Ігара Шчэкарэвіча на рашэнне пракуратуры ў Быдгошчы.
Паводле гэтай пракуратуры, бел-чырвона-белы сцяг “не з’яўляецца абавязковым нацыянальным сцягам Беларусі”. Таму беларускія заўзятары не мелі права ўжываць яго на матчы. Адмову Шчэкарэвіча выйсці з залі польская пракуратура ацаніла як “актыўны супраціў супрацоўнікам аховы”. Ужыванне сілы супраць Шчэкарэвіча пракуратура не лічыць правапарушэннем. Нагадаем, што інцыдэнт з забаронай беларускага сцяга адбыўся сёлета 25 чэрвеня. Служба аховы стадыёну, дзе праходзіла гульня, перашкаджала групе беларускіх заўзятараў разгарнуць бел-чырвона-белыя сцягі, а потым бесцырымонна выдаліла беларусаў са стадыёну.
Прэс-служба Цэнтра “Супрацоўніцтва без межаў”