У латвійскім горадзе Лудза праходзіць выстава мастакоў-беларусаў Балтыі

У выставачнай зале Лудзэнскага краязнаўчага музея 15 кастрычніка 2011 г. адбылося адкрыццё выставы, прысвечанай 20-цігоддзю Аб'яднання мастакоў-беларусаў Балтыі "Маю гонар".

У выставачнай зале Лудзэнскага краязнаўчага музея 15 кастрычніка 2011 г. адбылося адкрыццё выставы, прысвечанай 20-цігоддзю Аб'яднання мастакоў-беларусаў Балтыі "Маю гонар".

На ўрачыстае адкрыццё выставы, як і ў горадзе Рэзэкне, дзе да гэтага яна экспанавалася, сабралася шмат мясцовых жыхароў - прыхільнікаў мастацтва, прадстаўнікоў мясцовай улады, прысутнічалі таксама беларускія госці з Новаполацка, першы сакратар беларускай амбасады ў Латвіі спадар Іван Грыневіч, а таксама Генеральны консул РБ у Даўгаўпілсе спадар Юрый Давыдоўскі.

Дума Лудзэнскага краю і музей зрабілі ўсё, каб адкрыццё выставы сталася святам для горада і для нашых мастакоў. З іх падтрымкай былі выдадзены каляровы буклет аб'яднання і запрашэнні. На выставе прадстаўлены 36 прац сямнаццаці мастакоў аб'яднання. Гэта жывапіс Ганны Пейпіні, акварэлі Ірыны Трумпель-Сабалеўскай, жывапіс Аліны Літвіненкі, графіка Алены Лаўрыновіч, жывапіс і графіка Алены Раманенкі, жывапіс Зіты Суднік, малюнкі алоўкам і жывапіс Анатоля Ермаковіча, жывапіс і экслібрысы Вячкі Целеша, габелен Ларысы Лойкі, жывапіс і разьба па дрэву Васіля Малышчыца, мастацкія фотаздымкі Алены Мельнік - з Рыгі, кампазіцыі расфарбаванай рэльефнай лепкі Пятра Худабчонка з Даўгаўпілса, пастэлі Маргарыты Астравумавай, жывапіс Людмілы Прыбыльскай і Генадзя Курлянкова -  з Эстоніі, жывапіс Алега Аблажэя з Літвы і Яна Кузьміцкага з Швецыі.

Выставу адкрыў навуковы супрацоўнік музея Валерый Дзевалтоўскі, а беларускіх мастакоў Ірыну Трумпель-Сабалеўскую, Алену Мельнік, Алену Раманенку, Вячку Целеша і Васіля Малышчыца кветкамі і падарункамі віншавалі старшыня Думы Аліна Гендэле і дырэктар музея Інга Прыкуле.

Прыемнай была навіна для Васіля Малышчыца, калі дырэктар музея паведаміла, што яго карціну "Еўфрасіння Полацкая", напісаную манументальна як святую апякунку Беларусі, у спецыяльнай драўлянай раме з разьбой беларускіх сімвалаў - ручніка, зуброў і Пагоні, пасля выставы хоча набыць музей. Фотамастачка Алена Мельнік у гэты ж дзень падаравала музею сваю працу "Бабуля з Палесся". Яшчэ чатыры мастакі - Алена Раманенка, Алена Лаўрыновіч, Ірына Трумпель-Сабалеўская і Вячка Целеш у знак падзякі  пасля выставы таксама абяцалі пакінуць па адной працы музею.

падчас адкрыцця выставы

Васіль Малышчыц і яго твор - "Еўфрасіння Полацкая"

Віншаванні прымае фотамастачка Алена Мельнік

Кіраўнік АМ-ББ "Маю гонар" падзякаваў Думе Лудзэнскага краю, дырэктару і супрацоўнікам музея за дапамогу, за магчымасць беларускім мастакам паказаць свае творы ў гэтым цудоўным латгальскім горадзе, багатым беларускай гісторыяй. Нагадаў прысутным пра тое, што менавіта ў горадзе Лудза ў 1922 г. Беларускае культурна-асветнае таварыства "Бацькаўшчына" адкрыла першую Беларускую дзяржаўную гімназію ў Латвіі. Сёлета спаўняецца  90 гадоў з дня заснавання "Бацькаўшчыны".

Вячка Целеш каля сваіх карцін

на адкрыцці імпрэзы іграе  акардэаніст Барыс Іваноў

Лудзэнскі край, г. Лудза (Люцын) цесна звязаны з жыццём і творчасцю вядомых беларусаў Латвіі. У мястэчку Пасіне нарадзіўся вядомы беларускі паэт, перакладчык, фалькларыст Пятро Сакол (Пятро Аляксандравіч Масальскі). Падчас вучобы ў беларускай гімназіі ў 1923 г. менавіта ў гэтым горадзе ім былі напісаны верш "Беларускі сцяг", прысвечаны нашаму бел-чырвона-беламу сімвалу, патрыятычны верш "Сыны народу", "Люцынскі замак", і інш. Апошні быў прачытаны выступоўцам падчас гэтай імпрэзы. Дарэчы, гара і  рэшткі муроў Лудзэнскага замка, што дагэтуль захаваліся, знаходзяцца непадалёк ад музея, дзе праходзіла адкрыццё выставы. Прысутным была паказана фотакопія партрэта Пятра Сакола на фоне гэтых муроў, партрэт быў напісаны ў 1980 г. Вячкам Целешам. На жаль, гэты твор жыхары горада на цяперашней выставе не маюць магчымасці ўбачыць, бо ён знаходзіцца ў Мінску ў музеі Педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. У Люцынскай беларускай гімназіі вучыліся скульптар Лявон Тамашыцкі, мастак Міхась Калінін, святар рыжскай царквы Мікола Трубяцкі. Тут жылі і працавалі ў гімназіі Сяргей Сахараў, Вольга Сахарава (Нікановіч), Кастусь Езавітаў, Уладзімір Пігулеўскі.

Беларускай гісторыяй багаты не толькі Лудза, але і ўся Латгалія, таму, што да 1920 г. да стварэння незалежнай Латвійскай Рэспублікі, гэты край  уваходзіў у беларускую Віцебскую губернію. Са стварэннем латвійскай дзяржавы беларусаў у Латвіі налічвалася 70 тысяч, найбольшая частка іх пражывала менавіта ў Латгаліі. Таму не дзіўна, што калі тут 90 год таму было створана беларускае таварыства "Бацькаўшчына", дзякуючы мясцовым патрыётам-беларусам Кастусю Езавітаву і Сяргею Сахараву і іх паплечнікам, якія працягвалі быць вернымі ідэалам незалежнай БНР, у пачатку 1920-х гадоў у Латгальскім краі працавала больш за 50 беларускіх школ, беларускія гімназіі ў Лудзе і Даўгаўпілсе, а падчас нямецкай акупацыі Беларуская гімназія ў Індры. Вучні і настаўнікі збіралі беларускі народны фальклор, адраджалі традыцыі беларусаў у Латвіі, адзначалі святы Купалле, Каляды і Дзень незалежнасці БНР - 25 сакавіка. Тады быў Беларускі тэатр, былі беларускія артысты, мастакі  пісьменнікі і паэты, якія пісалі толькі на роднай мове, не было каньюнктуршчыкаў, бо ўсе адчувалі сябе беларусамі побач з латышамі, ад іх вучыліся шанаваць сваю мову, культуру і традыцыі.

Зараз у Латгаліі таксама жывуць беларусы, толькі ў Лудзэнскім краі іх налічваецца 3.9 %, шмат іх у гарадах Даўгаўпілсе і Краславе, большасць з іх прыехала сюды ў савецкі час. На жаль, сённяшнія беларусы Латгаліі далёкія ад той гісторыі, ад тых традыцый, якія ў свой час былі закладзеныя Кастусём Езавітавым і Сяргеям Сахаравым. Такое адчуванне засталося ў нас пасля адкрыцця выставаў АМ-ББ "Маю гонар" у  гарадах Рэзэкнэ і  Лудза. Хоць ёсць ў гэтых гарадах беларусы і нават афіцыйныя беларускія таварыствы, якія аб'яднаны ў Саюз беларусаў Латвіі, аднак на адкрыццё выстаў беларускіх мастакоў Балтыі яны не прыйшлі.

У выступленнях пад час адкрыцця юбілейных выстаў, у інтэрв'ю газет і тэлебачання заўсёды падкрэслівалася, што аб'яднанне "Маю гонар" было створана ў 1991 г. для таго, каб дапамагаць беларускім суполкам ў Балтыйскім рэгіёне адраджаць сваю этнічную культуру, мову і спадчыну, для захавання сваёй беларускай ідэнтычнасці, дапамагаць у інтэграцыі беларусаў у грамадства  балтыйскіх дзяржаў. Мастацтва -  гэта таксама адна з неад'емных частак нацыянальнай культуры.

Адкрыццё гэтай юбілейнай выставы ў горадзе Лудза для мастакоў і прысутных было радасным святам. Пасля ўрачыстасці ў музеі, сонечным суботнім днём адбылася цікавая экскурсія па гораду, размаляваным залатой восенню. Пасля гэтага гаспадары горада частавалі беларусаў сваімі смачнымі латгальскімі стравамі, латгальскай вясковай кавай, у якой адчуваўся прыемны смак і пах смажанага ячменя ды дубовых жалудоў сёлетняй цёплай прыгожай восені.

падчас экскурсіі па гораду

Мастакі з добрым настроем вярнуліся ў Рыгу, а выстава засталася яшчэ працаваць да 20 лістапада гэтага года, знаёміць жыхараў і гасцей горада з творамі балтыйскага беларускага мастацтва.

Вячка Целеш,
старшыня Аб'яднання мастакоў - беларусаў Балтыі "Маю гонар"

Надрукавана ў скароце.

svitanak.lv