На самарскай зямлі сёмы раз усіх гасцінна сустракаў Абласны беларускі дзіцячы фестываль мастацтваў “Беларусь - мая песня!”, прымеркаваны да традыцыйнага беларускага свята “Дажынкі”. Выдатны фестываль створаны і заўсёды праходзіць на адным дыханні, на нязменна высокім творчым узроўні дзякуючы свайму заснавальніку і арганізатару - Самарскай абласной грамадскай арганізацыі беларусаў “Руска-Беларускае Братэрства 2000”, запалу і энергіі яе прэзідэнта Ірыны Глускай.
Сёлета ўсе фестывальныя мерапрыемствы прайшлі ў сценах гасціннага самарскага Дома дружбы народаў, бо на сталай пляцоўцы Фестывалю, у актавай зале сярэдняй школы № 82, абвалілася падвясная столь! А чыноўнікі ад адукацыі, ды і вышэй, не спяшаюцца з рашэннем школьных праблем, у іх выбарчая кампанія “на носе”...
Вяршыняй і ўрачыстым завяршэннем фестывалю стаў Гала-канцэрт, які адбыўся 29 кастрычніка 2011года. Адборачны тур прайшоў 15 кастрычніка, і пасля яго было вельмі цяжка выбраць тых, хто будзе ўдзельнічаць у Гала-канцэрце - так добра выступалі ўсе юныя артысты. Але выбар усё ж строгаму журы прыйшлося рабіць. І вось тыя гледачы, якія змаглі прысутнічаць на адборачным туры, чакалі паўтарэння ўжо ўбачанага цуду, а ў кагосьці наперадзе было шчасце адкрыцця. Адкрыцці, зрэшты, чакалі ўсіх
Яшчэ да пачатку канцэрта можна было ўбачыць Выставу дзіцячых конкурсных прац: малюнкі і вырабы на тэмы: “Беларусь у малюнках”, “Бульба - каралева палёў”, “Букеты восені”. Адрывацца ад гэтага хараства не хацелася, але тым часам пачалася галоўная частка мерапрыемства. На экране ў зале відэа-сюжэт пра Беларусь і ўрачысты выхад пад гукі беларускай мелодыі вядучых канцэртнай праграмы - беларускай сямейнай пары Іны і Аляксея Сухачэўскіх.
“Афіцыйная частка” гала-канцэрта з віншаваннямі і прывітаннямі ад Дарадцы Кіраўніка Аддзялення Пасольства Рэспублікі Беларусь у Прыволжскай акрузе В.А. Новака, Міністра культуры Самарскай вобласці А.В. Рыбаковай, Кіраўніка гарадской акругі Самара Д.І. Азарава і Дырэктара “Дома дружбы народаў” Д.У. Мюльбах атрымалася цёплай, нязмушанай. Прэзідэнт арганізацыі Ірына Глуская запрасіла на сцэну дырэктараў самарскіх школ - надзейных творчых партнёраў абласной арганізацыі беларусаў “Руска-Беларускае Братэрства 2000”, чые навучэнцы, вызначаюць і задаюць тон Фестывалю!
Пяць гадоў таму было заключана Пагадненне аб творчым супрацоўніцтве паміж сярэдняй школай № 82 і Самарскай абласной грамадскай арганізацыяй беларусаў “Руска-Беларускае Братэрства 2000”. Таленавітыя вучні школы, з якімі працуюць не менш таленавітыя педагогі, шмат у чым вызначаюць высокі ўзровень фестывальных нумароў, іх выступы заўсёды вельмі прафесійныя - і пры гэтым поўныя шчырага захаплення, жывой цікавасці да беларускай культуры. А потым паўнаўладнымі гаспадарамі сцэны сталі артысты - лаўрэаты і дыпламанты фестывалю “Беларусь - мая песня!”. У іх ліку: Ансамбль дамрыстаў, харэаграфічны ансамбль " Вдохновение ", вакальны ансамбль "Каданс», (школа № 82); харэаграфічныя ансамбль “Мозаика”, вакальны ансамбль “Очарование” (Цэнтр пазашкольнай адукацыі “Творчество”), вакальнае трыо “Подснежник” (музычная школа № 20), ансамбль скрыпачоў “Класік” і вакальны ансамбль (школа № 101).
Тыя, хто на фестывалі "Беларусь - мая песня” не ў першы раз¸ з сапраўднай радасцю сустракалі выдатных вакалістаў Юлю і Дашу Сокалавых, іх педагога і таленавітую спявачку Алену Дзмітрыеву, якая спявае з імі ў ансамблі “Каданс”, Іну Сухачэўскую (яна - педагог салістаў і вакальных калектываў, якія прадстаўляюць Цэнтр пазашкольнай адукацыі “Творчество”), Алесю Аблыгіну і Ірыну Цвяткову з Самарскага вучылішча культуры. І асабліва выдатна тое, што фестываль зноў адкрыў для ўсіх новыя імёны!
Сапраўднае адкрыццё Фестывалю - Дарына Кудраўцава, вучаніца Іны Сухачэўскай, ёй усяго дзевяць гадоў. Але галоўнае ў яе артыстычнай асобе, здаецца, ужо вызначылася. У яе рэдкі дар - яна ўмее спяваць пра сапраўднае шчасце, адкрытае і званкае, як яе голас. Калі слухаеш Дарыну, разумееш, што любоў да Радзімы - Беларусі, натуральная частка гэтага шчасця. Дарыне падабаецца займацца вакалам, наогул падабаецца вучыцца. На мінулым фестывалі яна, тады яшчэ проста глядач і слухач, упершыню ўбачыла беларускія касцюмы - і гэтае ўражанне таксама стала часткай яе святочнага светаадчування. Цяпер пад кіраўніцтвам педагога яна рыхтуецца спяваць нават джаз - так што ў будучыні мы, магчыма, пачуем вельмі арыгінальныя і сучасныя варыяцыі на тэму беларускага фальклору і сучасных эстрадных песень пра Беларусь. Той жа сардэчнай жыццярадаснасцю парадаваў Захар Фядотаў з Дзіцячай музычнай школы № 7 - ён цудоўна праспяваў “Лявоніху”. Уразілі сваім майстэрствам дзяўчаткі з ансамбля скрыпачоў “Класік” школы № 101, яны сыгралі “Белавежскую пушчу”.
Упершыню выступаў на фестывалі харэаграфічны ансамбль "Магнія” з школы № 138. Увогуле дзяўчынкі пад кіраўніцтвам настаўніка фізкультуры і харэаграфіі Кацярыны Стрынаковай спецыялізуюцца на сучасным танцы. Але для фестывалю з радасцю падрыхтавалі танец “Рэчанька” - рамантычную фантазію Кацярыны на фальклорныя матывы. Самі прыдумалі і пашылі касцюмы. Кацярына, сама беларуска і перад пачаткам выступу прачытала верш, падабраны спецыяльна пад пастаўлены ёю танец, прэзідэнтам арганізацыі на беларускай мове. Тэма, як верша, так і танца - звязаная з Дажынкамi, і нясе падзяку за Ураджай. Дзяўчынкам з “Магніі” фестываль вельмі спадабаўся, і настрой сваё яны выказалі дружна: "Хочам яшчэ!”.
Фестываль гэтага года, прысвечаны яшчэ і юбілейным датам на самарскай зямлі - 160-годдзю Самарскай губерні, 425 - годдзя горада Самара і 10-годдзю Дома дружбы народаў. У праграме гала-канцэрта цэлы блок быў прысвечаны гэтым юбілеям. Усцешыла, што вельмі арганічна глядзяцца сучасныя хлопцы ў беларускай “Лявонісе” і ў “Самарскай кадрылі” харэаграфічнага ансамбля “Вдохновение “ - відавочна ім падабаецца жыць у гэтых танцах, гуляць у прапанаваную ім вытанчаную гульню. Гэта выхоўвае пачуцці і вучыць высокаму мастацтву зносін. Вельмі парадавала выступленне ансамбля “Мазаіка” Цэнтра пазашкольнай адукацыі “Творчество”, прыгожыя беларускія ручнікі ў руках дзяўчынак плаўна кружыліся ў танцы “Ільняная Беларусь мая!”, А танец быў спецыяльна падрыхтаваны пад гэты фестываль педагогам Наталляй Меліхавай, якая радуе гледачоў сваімі танцавальнымі пастаноўкамі ад фэсту да фэсту. Больш за ўсё радавала, усіх тых, хто сабраўся ў зале, жаданне дзяцей ад душы, ад сэрца прадстаўляць беларускую культуру! Гэтае шчырае захапленне абяцае фестывалю мастацтваў "Беларусь - мая песня!” доўгае жыццё, а нам усім - новыя сустрэчы з беларускай культурай, якая дапамагае ў выхаванні нашых дзяцей.