У Іркуцку выйшла кружэлка аўтэнтычнага беларускага спеву

Гурт аўтэнтычнага беларускага спеву “Крывічы”, створаны пры Іркуцкім таварыстве беларускай культуры імя Яна Чэрскага, запісаў сваю першую кружэлку.

Гурт аўтэнтычнага беларускага спеву “Крывічы”, створаны пры Іркуцкім таварыстве беларускай культуры імя Яна Чэрскага, запісаў сваю першую кружэлку.

На дыску шэраг беларускіх календарна-абрадавых песень: да Купалля, Калядаў, Гукання вясны, абраду Пахавання стралы, Дажынак, а таксама некалькі пазаабрадавых песень – агулам 21 песня. Некаторыя з гэтых песень запісаны ў беларускіх вёсках Іркуцкай вобласці пад час этнаграфічных вандровак ІТБК імя Яна Чэрскага.

Пра гурт “Крывічы” і гісторыю стварэння кружэлкі распавядае старшыня Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага Алег Рудакоў:

“Гурт аўтэнтычнага спеву “Крывічы” быў заснаваны па ініцыятыве сціплай, але натхнённай беларусачкі – Волі Галанавай, якая нарадзілася ў Сібіры аж ў 3-цім пакаленні. Яе прабабкі і прадзеды выехалі з Беларусі ў далёкія часы. Але патрапіўшы аднойчы ў ІТБК, яна стала адной з актыўных удзельніц Таварыства. Воля натхнёна вывучае беларускія традыцыйныя святы, строі, спевы ды танцы.

Паўтара гады таму, перад чарговым святам Купалля, Волі захацелася сабраць дзяўчат і развучыць не менш чым 30 купальскіх песен. Не маючы музычнай адукацыі, але маючы талент, упартасць і, самае галоўнае -- шмат сяброў, Воля здзейсніла сваю мару.

З таго часу гурт “Крывічы” з’яўляецца адным з самых актыўных удзельнікаў усіх беларускіх святаў у Іркуцкай вобласці. Летам гэтага года гурт нават удзельнічаў у абрадавым свяце “Пятрок” у Любанскім раёне ў Беларусі. “Крывічоў” запрашалі на фэсты ў Новасібірск, Мінск, на фестываль “Славянскі базар” у Віцебску. Яны добра выступілі на 1-ым Абласным фестывалі-конкурсе спеўнага фальклора на Байкале, заняўшы там 3 месца. Дый шмат дзе ўжо пазнаёміліся з творчасцю “Крывічоў”.

У гурце спявае шмат таленавітых дзяўчат. Але ў запісе гэтай кружэлкі змаглі ўзяць удзел, на жаль, не ўсе.  І ўсё ж такі самыя актыўныя, самыя адданыя зорачкі гурта “Крывічы”, не шкадуючы свайго часу, самаахвярна збіраліся разам на шматлікія рэпетыцыі і запісы.

Тут спяваюць: Воля Галанава, Вольга Тугарынава, Свецік Бастракова, Вялёна Рабцава, Галінка і Марыся Данілавы.

Дарэчы, на апошняй песні да іх далучыўся і я. Не змог стрымацца. Усім дзяўчатам ад імя Абласной Рады ІТБК выказваем шчырую падзяку!”

Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага выказвае асаблівую падзяку Генадзю Істоміну. Менавіта дзякуючы яго грашовай дапамозе стала магчымым выданне кружэлкі.

Дыск дэманструе кіраўнік гурта "Крывічы" Воля Галанава

Глядзі яшчэ: Іркуцкія "Крывічы": Мы спяваем, як спявалі нашы бабулі

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”