Выстава "Па слядах Шагала" адкрылася ў Іерусаліме

Выстава "Па слядах Шагала", прысвечаная жыццю і творчасці аднаго з самых вядомых ураджэнцаў Беларусі, 125-годдзе з дня нараджэння якога будзе адзначацца ў 2012 годзе, адкрылася ў іерусалімскім Цэнтры мастацтваў.

Выстава арганізавана Аб'яднаннем прафесійных мастакоў Ізраіля пры ўдзеле пасольства Беларусі, якое выступіла ў незвычайнай для сябе ролі экспанента: сярод прадстаўленых работ была і скульптура Святланы Гарбуновай "Успаміны пра мой дом", якая ўпрыгожвае беларускае дыпламатычнае прадстаўніцтва. У скульптуры выяўлены малады Марк Шагал. У каталог выстаўкі таксама ўключаны прысвечаныя шагалаўскай тэматыцы работы беларускіх мастакоў Уладзіміра Напрыенкі і Уладзіміра Пракапцова. Як адзначыў, адкрываючы экспазіцыю, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Ізраілі Ігар Ляшчэня, "сляды Шагала бяруць свой пачатак менавіта на беларускай зямлі, цяпло якой акрыліла яго творчасць, ператварыўшы на ўнікальных палотнах у сапраўдных жыхароў неба ўсіх, хто быў побач з вялікім майстрам у "беларускім жыцці".

БЕЛТА