Праўда, гэта ўжо другая англамоўная кніга паэткі. Зборнік-білінгва “Factory of Tears” (“Фабрыка слёз”), ангельскія пераклады для якога зрабілі Элізабэт і Франц Райты, выйшаў у 2008 годзе.
Амерыканскае выданне CBSBaltimore.com распытала ангельска-беларускую паэтыку пра яе новую кнігу .
CBSBaltimore: Што цябе натхніла на зборнік “Collected Body”?
Вальжына Морт: Нішто не натхняе на натхненне, калі можна так сказаць. Натхненне прыходзіць і сыходзіць, калі само таго пажадае, і не варта высвятляць, што яго выклікала. Зборнік “Collected Body” здарыўся са мной летам 2009, каля я гасцявала на маленькай выспе ў Паўночным моры, а пасля я працавала над кнігай яшчэ два гады, рэдагуючы, падразаючы, пішучы і перапісваючы. Кніга прасякнутая ідэяй ператварэння (на вокладцы выявы Леды і Лебедзя), падарожжа і пачуццёвасці ў жаноцкасці ды ландшафтах. Дзеянне ў кнізе таксама адбываецца збольшага паміж двума вельмі адрознымі ландшафтамі — марскім узбярэжжам, пра якое апавядаюць вершы ад Паўночнага да Карыбскага мора, і пляскатым, ізаляваным ландшафтам Беларусі.
CBSBaltimore: У паэзіі ты даследуеш такія змрочныя паняткі і табу, як гвалт і сэкс. Вам падаецца, варта выкрываць заганныя праявы жыцця?
ВМ: Не магу сказаць, што гвалт і сэкс — гэта табу, асабліва, скажам, у культуры Галівуда, якая штодня іх прадукуе. Мне падаецца блюзнерствам разважаць пра тое, ці варта выкрываць або хаваць іх у Амерыцы, дзе яны заўважныя на кожным кроку, дзе гэта фактычна адзіныя рэчы, якія добра прадаюцца. Таксама не думаю, што я як паэт шмат на іх канцэнтруюся, хаця ў “Collected Body” пачуццёвасці нашмат больш, чым у маёй першай кнізе “Factory of Tears”. Але мяне асабіста вельмі цікавіць мастацтва — і ў фільмах, відаць, гэта рэалізуецца найлепш, — якое дэманструе, што за вычварэнне нашая так званая нармальнасць. Нармальных людзей няма. Мы ўсе ненармальныя. І, мабыць, гэта адзінае больш-менш цікавае ў нас. Я б параіла аўстрыйскага рэжысёра Міхаэля Ханэке. І справа тут не ў выкрыванні “заганных праяваў жыцця”, а ў тым, каб прымусіць твайго гледача не спаць, калі ты паказваеш свой твор, а тварыць разам з табой.
CBSBaltimore: Табе цяжка заглыбляцца ў гэтыя змрочныя рэчы для сваіх вершаў?
ВМ: Не. Я ўдзячная, што магу рабіць гэта і інакш сваё жыццё не ўяўляю.
CBSBaltimore: Паэзія — гэта нібыта танец, са сваім рытмам, формай, пачуццём. Калі б твая паэзія была танцам, то якім?
ВМ: Я б не стала параўноўваць паэзію з танцам, бо, па-мойму, гэта нашмат вышэйшая форма мастацтва. Пра рытм, форму і пачуццё мы можам казаць у дачыненні да любога віду мастацтва. Але ў адрозненне ад іншых формаў, і перш за ўсё танцу, паэзія выконвае важную антрапалагічную задачу, захоўваючы чысціню нашай мовы, вызваляючы яе ад размоўных клішэ і іншых выразаў, што не нясуць ніякага эстэтычнага напаўнення, а толькі ўтылітарнае.
CBSBaltimore: А ці лічыш ты сваю паэзію песняй? Якую мелодыю выканаў бы для чытачоў зборнік “Collected Body”?
ВМ: Карані паэзіі ў песні, таму кожны верш — гэта песня, гэта малітва. Аднак, як і з танцам, музыку верша нельга спрасціць да мелодыі. Калі я пісала “Collected Body”, я шмат слухала Ферэнца Ліста, Шапэна і Брамса, але мы таксама мусім гаварыць пра розную музыку, якую шукае паэт, калі піша свае вершы. Мабыць, найлепшае слова — радасць, тое, як усё наўкола спявае нам у момант сапраўднага шчасця. Часам мы называем гэта музыкай, часам паэзіяй, часам радасцю, таму што ў гэтага пачуцця насамрэч няма назвы — гэта тое, што хоча пазбегнуць любых ярлыкоў. Мы ведаем яго толькі калі адчуваем. І паколькі яно не мае назвы, адзіны шлях, якім мы вырашылі яго злавіць, ляжыць праз мастацтва.
CBSBaltimore: Ты вандроўніца. Якія месцы цябе натхняюць?
ВМ: Я жыву сціпла, збіраю грошы і еду вандраваць. Стараюся заставацца на адным месцы прынамсі месяц, звычайна такое здараецца ўлетку. Творчыя рэзідэнцыі выдатна для гэтага пасуюць. “Collected Body” я напісала паміж дзвюма рэзідэнцыямі — “Sylt Quelle” на выспе Зюльт у Нямеччыне і “Internationales Haus der Autoren Graz” у Аўстрыі. Пасля я спынілася ў рэзідэнцыі “Alice Yard” у Трынідадзе, а заканчвала рэдактуру кнігі наступным летам у Марока па стыпендыі ад фундацыі Lannan. Цяпер я пішу вам зноў з Аўстрыі, дзе жыву ў “Literaturhaus” горада Крэмса на Дунаі. Я люблю вялікія прасторы, як мора ці пустыня. Я вырасла ў маленькай і цалкам ізаляванай краіне без аніякага выхаду да мора. У дзяцінстве мора было для мяне нечым накшталт Бога, ты магла толькі чытаць пра яго, але, магчыма, ніколі не магла б яго пабачыць. Мабыць, таму я і кампенсую цяпер гэты недахоп ля розных мораў.
Вальжына Морт — беларуская паэтка і перакладчыца. Нарадзілася ў Мінску, скончыла МДЛУ. Друкавалася ў беларускіх і замежных часопісах, у сумесных зборніках паэзіі “12+1. Конкурс маладых літаратараў імя Наталлі Арсенневай” (2004), “Frontlinie” і інш. Яе першы паэтычны зборнік “Я тоненькая, як твае вейкі” выйшаў у 2005 годзе ў Мінску.
Набыць кнігу “Collected Body” можна праз інтэрнэт-краму Amazon.com.
Выбраныя вершы з гэтага зборніка неўзабаве з’явяцца ў новым нумары інтэрнэт-часопіса “ПрайдзіСвет”.