У суседняй з Беларуссю краіне распачынаецца культурна-грамадскі праект - "Беларуская прысутнасць", які мае на мэце спрыянне збліжэнню беларусаў і ўкраінцаў. Акрамя таго, арганізатары мерапрыемства хочуць прыцягнуць ўвагу ўкраінскай грамадскасці да культурнай сітуацыі ў Беларусі, дзе беларускамоўныя музычныя выканаўцы, фактычна знаходзяцца на мяжы вымірання.
Першым мерапрыемствам у межах праекту будзе выступ 4 снежня ва ўкраінскім горадзе Луцку беларускіх гуртоў "Akute", "Sciana" і рэпера Vinsent'а. Канцэрт пройдзе ў культавым для Луцка клубе "Майдан".
Акрамя канцэртаў, у межах праекту, ва Украіне будуць праходзіць літаратурныя вечарыны, мастацкія выставы ды сустрэчы з вядомымі асобамі абодвух народаў.
Ініцыятарам правядзення праекту выступіла культурна-мастацкае агенцтва "Арт-ЗАХАД", якое ўжо працяглы час займаецца арганізацыяй культурных мерапрыемстваў ва Украіне.
Інфармацыйна-арганізацыйная дапамога "Беларускай прысутнасці" будзе аказана і ўкраінскім Цэнтрам "Супрацоўніцтва без межаў".
Прэс-служба ўкраінскага Цэнтру "Супрацоўніцтва без межаў"