З жыццём і творчасцю Максіма Багдановіча знаёмяцца жыхары Бранска

Падрыхтаваная мінскім Літаратурным музеем Максіма Багдановіча перасоўная выстава аб жыцці і творчасці паэта прадстаўлена ў Бранскай абласной бібліятэцы імя Ф. І. Цютчава. Гэта падзея прымеркавана да 120-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры — аўтара незгасальнай “Зоркі Венеры”, пяшчотнай “Веранікі”.

Варта адзначыць, што сёлета была падпісана Дамова аб супрацоўніцтве паміж бібліятэкамі прымежных раёнаў Беларусі, Расіі і Украіны. А ў верасні ў бібліятэцы імя Ф. І. Цютчава ў Бранску адкрыўся Куток беларускай літаратуры. Пасадзейнічала гэтаму аддзяленне пасольства Рэспублікі Беларусь у Смаленску. Адтуль быў перададзены і першы камплект літаратуры, а гэта звыш 300 кніг, а таксама інфармацыйна-рэкламныя і даведачныя матэрыялы.

Пад час сустрэчы кіраўніка аддзялення пасольства Мікалая Куцко з начальнікам упраўлення культуры Бранскай вобласці Наталляй Сомавай і землякамі з беларускай суполкі на Браншчыне была шчырая размова пра пашырэнне кола чытачоў беларускай літаратуры ў Расіі, вывучэнне там беларускай мовы.

Голас Радзімы