Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт і моладзевая ініцыятыва StudAlliance прадстаўляюць першы віленскі канцэрт аднаго з найбольш яскравых і папулярных беларускіх гуртоў J:Mopc. Канцэрт адбудзецца ў межах тура “Электрыфікацыя ўсёй краіны”, і пройдзе падчас тыднёвага Дня адчыненных дзвярэй “Універсітэцкія вакацыі ў ЕГУ” для вучняў старэйшых класаў і студэнтаў з Беларусі.
У межах гэтага тура гурт нясе ў масы ідэю энергазберажэння і паспяхова рэалізуе акцыю “17 хвілін у цемры”. У кожным з 17 гарадоў, дзе музыкі даюць канцэрт, на адну хвіліну выключаецца святло ў залі з мэтай эканоміі электраэнергіі.
5 лістапада беларусы Вільні атрымаюць шанец пачуць і пабачыць гэтых вядомых выканаўцаў. Музычная праграма “Электрыфікацыя ўсёй краіны”, якую J:Mopc прадставіць віленскай публіцы, складаецца з песняў альбома “Электрычнасць”, а таксама самых папулярных хітоў мінулых гадоў.
– Вельмі люблю Вільню, – кажа лідар J:Mopc Уладзімір Пугач. – Ужо вельмі даўно не выпадала наведаць гэты горад увосень. А, між іншым, прыгожыя еўрапейскія гарады вылучаюцца надзвычайным хараством менавіта ў гэтую пару! Вельмі цешуся, што здолею нарэшце абмяняцца восеньскім настроем з гэтым горадам!
– Мы вельмі радыя, што адна з самых папулярных беларускіх музычных каманд наведае Вільню і зможа парадаваць мясцовую публіку сваім першым выступам у гэтым цудоўным горадзе, – адзначае арганізатар канцэрта Кірыл Атаманчык. – Асобна варта адзначыць той факт, што Уладзімір Пугач сам з’яўляецца выпускніком Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Яго выступ у Вільні, ды яшчэ і перад студэнтамі нашага ўніверсітэта, лічу даволі сімвалічным. Спадзяюся, што ўсе атрымаюць добры зарад пазітыву!
Канцэрт адбудзецца 5 лістапада ў віленскім клубе "Propaganda" (V. M. Putino g. 5 – насупраць офіса ЕГУ). Пачатак а 19:00.
Прэс-служба StudAlliance