30 кастрычніка, у апошнюю суботу месяца, у сядзібе Таварыства беларускай культуры ў Літве адбылася чарговая імпрэза. Ужо цэлы год у ТБК існуе прыгожая традыцыя – кожнае мерапрыемства вядзе адзін з чальцоў Рады арганізацыі. Гэтым разам ганаровы абавязак паў на Валеру Радзюкевіча. Ён і распачаў імпрэзу расповедам пра знаёмства з выбітным беларускім гісторыкам, археолагам і краязнаўцам Генадзем Каханоўскім.
Валера Радзюкевіч
Каханоўскі жыў і працаваў у родным для Валеры Радзюкевіча горадзе – Маладзечне. Каханоўскі скончыў у Маскве педагагічны інстытут, быў дырэктарам Мінскага абласнога краязнаўчага музея ў Маладзечне. Радзюкевіч з ім пазнаёміўся яшчэ будучы навучэнцам – пасля педагагічнага інстытуту Каханоўскі выкладаў у школе. Валеру вельмі ўразілі харызматычнасць Каханоўскага, пэдагагічны талент і адданасць сваёй працы. Увагай вучняў-падлеткаў ён валодаў выдатна (што шмат каму бывае вельмі складана) – у класе стаяла такая цішыня, што магчыма было пачуць, як ляціць муха. Пасля школы Валер захаваў добрыя стасункі з Каханоўскім і да яго смерці падтрымліваў з ім кантакт.
Таксама ў жыцці беларускай часткі віленскай грамады ў апошні час адбылася важная падзея: на літоўскім радыё “Культура” пачала выходзіць абноўленая перадача “Тутэйшы час” з новым вядучым Андрусём Старавойтавым, таму наступным слова ўзяў аўтар праграмы. Андрусь распавёў, калі выходзіць яго перадача і як яе можна паслухаць. Таксама была прэзентаваная адна з праграм, што ўжо гучала ў эфіры. (перадачу “Тутэйшы час” з Андрусём Старавойтавым таксама можна знайсці і праслухаць на сайце літоўскага радыё і тэлевізіі).
Артур Яўмен
Сёлета ў кастрычніку споўнілася 35 гадоў з дня смерці вельмі неадназначнай асобы ў беларускай гісторыі – Радаслава Астроўскага, які працяглы час быў дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі. Сябра ТБК Артур Яўмен распавёў пра жыццё і дзейнасць Астроўскага, пасля чаго Алесь Адамковіч зрабіў прамову пра выбітнага беларускага святара – Часлава Сіповіча.
Часлаў Сіповіч быў айцом-марыянінам. У свой час братоў марыянскага ордэну польскія ўлады прымусілі з’ехаць з Віленшчыны. І так склалася воляй лёсу, што Сіповіч апынуўся ў Рыме, дзе скончыў папскі Грыгарыянскі ўнiвэрсытэт. Пасля гэтага Часлаў актыўна працаваў на ніве развіцця беларускай культуры як у духоўнай галіне, так і ў свецкай. Быў выбітным дзеячом беларускай эміграцыі і стваральнікам Беларускай бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лондане.
Алесь Адамковіч і Валера Радзюкевіч
Мерапрыемства завяршыў старшыня таварыства Хведар Нюнька, які падзяліўся ўспамінамі часоў стварэння Беларускага Згуртавання Вайскоўцаў, арганізацыі, афіцыйна зарэгістраванай ў кастрычніку 1991 г. Старшыня распавёў пра незабыўныя ўражанні з дня ўрачыстага прынясення вайскоўцамі прысягі Рэспубліцы Беларусь, што адбылася ў Мінску пад нацыянальнй сімволікай, а таксама заклікаў да салідарнасці са стваральнікам БЗВ Міколам Статкевічам, які зараз знаходзіцца за кратами.
Наступная імпрэза ТБК адбудзецца 26 лістапада. Шчыра запрашаем!