30 кастрычніка беларуская грамада Лондану адзначыла Дзень памяці продкаў – Дзяды.
Гэты народны абрад вынiкае яшчэ з дахрысцiянскага культу продкаў. Лiчыцца, што на Дзяды душы памерлых наведваюць жывых нашчадкаў, каб пераканацца, што ў iх жыццi ўсё iдзе, як мае быць. Традыцыйна беларусы спраўлялі Дзяды да шасцi разоў на год: Масленiчныя, Радаўнiцкiя, Траецкiя (духаўскiя або стаўроўскiя), Пятроўскiя, але галоўнымi лiчылiся менавiта Восеньскiя Дзяды (Змiтраўскiя). Лічыцца, калi ўвесну на Радаўнiцу мы iдзем да могiлак, каб навесцi там парадак, адведаць продкаў i атрымаць iхняе блаславенне, дык увосень запрашаем iх да сябе ў хату. Каб аддзячыць за дапамогу i заступнiцтва. Сёлета праваслаўныя беларусы адзначаюць Змiтраўскiя Дзяды ў першую суботу перад 8 лiстапада. Каталiкi ўспамiнаюць усiх памерлых 2 лiстапада. Яшчэ некалькi год назад Дзяржаўны Дзень памяцi (2 лiстапада) ў Беларусi быў не толькi святочным, але i выхадным днём… Раніцой рэктар Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане айцец Аляксандр Надсан і айцец Сяргей Стасевіч адслужылі службу ў грэка-каталіцкай царкве Святых апосталаў Пятра і Паўла. Па сутнасці, гэта адзіная дзейная беларуская бажніца ў Вялікабрытаніі.
Жывая легенда беларускай Брытаніі айцец Аляксандр Надсан і ягоны выхаванец айцец Сяргей Стасевіч
Пасля на лонданскіх могілках Св. Панкрата (St. Pancras & Islington сemetery) адбылася паніхіда ля магілаў беларусаў, якія знайшлі спачын на брытанскай зямлі.
“Мне прыйшлося пахаваць амаль усіх тых людзей, якія тут ляжаць. Я ведаю, наколькі яны былі адданыя і справе Божай, і справе беларускай. У іх не было нацыяналізму – яны хацелі, каб беларускі народ быў перадусім народам Божым, каб знайшоў сваё месца ў Божай сям’і народаў свету. І яны зрабілі больш, чым па-людску можна было спадзявацца”, - адзначыў у прамове айцец Аляксандр Надсан, дзелячыся ўспамінамі пра апостальскага візітатара для беларусаў замежжа і генерала ордэна марыянаў айца Часлава Сіповіча, рэктара Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане і кіраўніка Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё архімандрыта Льва Гарошку, аднаго з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі Аляксандра Лашука, літаратара і святара Язэпа Германовіча (Вінцука Адважнага), айца Тамаша Падзяву і іншых.
Таксама лонданскія беларусы ўспомнілі суродзічаў, якія воляю пакручастага лёсу спачываюць у розных кутках зямной кулі. “Давайце памолімся, каб яны былі разам, у еднасці з Богам там, дзе ўжо няма ні болю, ні суму, ні плачу”, - завяршыў казанне рэктар Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане.
Хаця гісторыя беларуска-брытанскіх кантактаў бярэ свой пачатак яшчэ ў 15 стагоддзі (у 1480 г. друкар Ян Літвін з Вялікага Княства Літоўскага адчыніў друкарню ў Лондане), прысутнасць беларусаў на Туманным Альбіёне стала адчувацца ў другой палове ХХ стагоддзя. Пасля Другой сусветнай вайны Вялікабрытанія стала адной з тых заходніх дзяржаваў, што адчыніла межы для беларусаў, якія не бачылі будучыні ў краіне Саветаў. Паводле лічбаў, якія прыводзіць ў кнізе “Беларусы ў Вялікабрытаніі” (2010) гісторык эміграцыі Наталля Гардзіенка, па вайне на Брытанскіх выспах апынулася каля 10 тысяч беларусаў. У асноўным гэта былі жаўнеры 2-га польскага корпуса брытанскіх узброеных сіл (Армія Андэрса) і іх сем’і. Праўда, пазней многія з іх імігравалі ў іншыя краіны. З 1946 года вядзе ўласную гісторыю Згуртаванне беларусаў у Вялікабрытаніі, з 1954-га – Англа-беларускае таварыства, што існуюць дасюль. Вось ужо паўстагоддзі ў паўночна-заходняй частцы Лондану дзейнічае беларускі рэлігійна-культурны цэнтр з грэка-каталіцкай царквой Святых апосталаў Пятра і Паўла і ўнікальнай Беларускай бібліятэкай-музеем імя Францішка Скарыны на чале з айцом Надсанам.
Паводле дадзеных перапісу 2011 года, у Вялікабрытаніі пражывала 1154 беларусы. Згодна з неафіцыйнымі падлікамі – блізу 5000.
Кастусь Лашкевіч, TUT.BY