Напярэдадні юбілею у Кацярыны Агаркавай-Ляпо выйшаў новы зборнік вершаў пад назвай “Даруй”. Прэзентацыя кнігі прайшла падчас сустрэчы клуба сяброў “Мой родны кут”. На імпрэзе гучалі вершы паэткі, песні на яе словы , цёплыя віншаванні на адрас імянінніцы.
Пра гісторыю стварэння клуба сяброў “Мой родны кут” распавёў старшыня ІТБК Алег Рудакоў: “Усе мерапрыемствы ў гэтым годзе прысвечаны юбілею нашага таварыства. Думка стварыць клуб сяброў прыйшла, калі мы рыхтавалі фестываль “Гучы, гоман беларускі!”. Мы планавалі падчас гэтага фестывалю паказаць шэраг відэасюжэтаў пра розныя мерапрыемствы, пра дзейнасць таварыства. Але часу на фестывалі на гэта не хапіла, і тады мы падумалі, што варта было б усё ж такі правесці прэзентацыю відэасюжэтаў асобна. Пачалі рыхтаваць прэзентацыю, і падумалі, што апошнім часам мы сустракаемся спецыяльна для нейкіх мерапрыемстваў, а раней часцей неяк бачыліся. Захацелася зрабіць нешта кшталту клуба сяброў, каб была магчымасць людзям знаёміцца, абмяркоўваць супольныя справы”.
“У таварыстве змяняецца склад, прыходзяць новыя людзі, змяняецца і актыў, паказ відэасюжэтаў пра дзейнасць ТБК – гэта добрая магчымасць панастальгіраваць для нашага першага пакалення актывістаў і адначасова натхніцца для нашых новых актывістаў, тых, хто прыйшоў у таварыства гады тры таму”, – заўважае адна з ініцыятарак стварэння клубу Алена Сіпакова.
Па яе словах, галоўная мэта клубу – знаёміць людзей з сучаснай беларускай культурай.
“Канешне, шмат інфармацыі можна знайсці ў інтэрнеце, але не ва ўсіх ёсць такая магчымасць. Калі гэта не праблема для моладзі, то сталае пакаленне часта не мае доступу да інтэрнету. Падчас нашых сустрэч мы будзем паказваць людзям сучасную беларускую культуру, да прыкладу, глядзець беларускія фільмы, створаныя ўжо ў незалежнай Беларусі, беларускія мультфільмы, запісы беларускіх спектакляў”, -- дзеліцца планамі Алена Сіпакова.
Плануецца, што пасяджэнні клуба будуць праходзіць раз на месяц.