У шорт-лісце міжнароднай літаратурнай прэміі Angelus — дзве беларускі

Сярод сямі кніг-фіналістаў шостай літаратурнай прэміі Цэнтральнай Еўропы Angelus, заснаванай горадам Вроцлавам, — дзве беларускія. Гэта раманы “Рыбін горад” Наталкі Бабінай і “У вайны не жаночае аблічча” Святланы Алексіевіч.

Акрамя беларускіх аўтарак у кароткі спіс прэтэндэнтаў на статуэтку Angelus і 150 тысяч злотых трапілі кнігі Ені Эрпенбека (Германія), Драга Янчара (Славенія), Ісмаіла Кадарэ (Албанія), Марыі Маціяс (Украіна) і Войцеха Тохмана (Польшча). Усяго да разгляду журы сёлета было прадстаўлена 52 аўтары. Пераможца сёлетняй літаратурнай прэміі Angelus будзе названы 3 снежня ў Вроцлаве. Літаратурная прэмія Цэнтральнай Еўропы Angelus прысуджаецца за найлепшыя кнігі, выдадзеныя па-польску. Выдаўцы могуць прадставіць творы жывых аўтараў з 21 краіны Цэнтральнай Еўропы. Прыз складаецца са статуэткі Angelus і чэка на 150 тысяч злотых. Узнагароду таксама атрымлівае перакладчык у памеры 20 тысяч злотых. Беларуская кніга ўжо трапляла ў кароткі спіс намінантаў на Angelus: у 2009 фіналістам быў названы раман Ігара Бабкова “Адам Клакоцкі і яго цені”.

prajdzisvet.org