Сустрэча з вядомым беларускім палітыкам, архітэктарам незалежнасці Рэспублікі Беларусь – Зянонам Пазьняком адбылася 24 верасня на сядзібе таварыства беларускай культуры ў Літве. Падчас сутрэчы быў прадэманстраваны этнаграфічны фільма пра віленскі край “Дарога ў Вільню” з госцем у галоўнай ролі. Аўтарам фільма з’яўляецца малады беларускі рэжысёр Алесь Кудрыцкі.
Зянон Пазьняк і старшыня ТБК Хведар Нюнька (за сталом)
Каларыту сустрэчы дадала прысутнасць яшчэ аднаго важнага госця ТБК, япіскапа Віленскага і Нью-Ёркскага Беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы, уладыкі Серафіма. Айцец Серафім доўгі час свайго жыцця служыў ва Украіне. Там дамогся дазволу на правядзенне праваслаўных службаў па ўсёй краіне па-беларуску і, што надзвычай важна, арганізаваў у горадзе Севастопалі беларускамоўныя службы, а некалькі месяцаў таму прайшоў абрад хіратоніі (рукапакладзення), прыняўшы сан япіскапа. Уладыка валодае некалькімі адукацыямі: мае ступені па юрыдычнай і тэалагічнай навуках, абараніў дзве дысертацыі па багаслоўі, з’яўляецца доктарам навук, ведае некалькі моў.
Уладыка Серафім і Зянон Пазьняк
Насычаная праграма мерапрыемства пачалася з прамовы айца Серафіма, якую ўладыка пачаў з дабраслаўлення ўсіх завітаўшых. Далей айцец гаварыў пра важнасць захавання ў грамадстве духоўных, рэлігійных каштоўнасцяў і культуры. Таксама ў сваёй прамове айцец закрануў тэму беларускай праваслаўнай царквы: кожная цывілізаваная краіна мае права і мусіць мець сваю нацыянальную царкву, таму важна ўмацоўваць і развіваць беларускую аўтакефальную царкву. Уладыка завяршыў сваю прамову цытаваннем Святога Пісання, а менавіта словамі аднаго з Божых запаветаў – “шануйце маці сваю й бацьку”, бо краіна наша – гэта таксама нашая Маці, таму наш як дзяцей абавязак яе, любіць, шанаваць і рабіць усё магчымае дзеля яе.
Пасля пранікнёнага выступу айца Серафіма думкамі і увагай аўдыторыі цалкам авалодаў Зянон Пазняк. Спадар Зянон распавёў, што ў яго некалькі мэтаў сустрэчы з публікай. Адной з галоўных мэтаў сустрэчы з’яўляецца паказ фільма “Дарога ў Вільню”, у якім сам госць распавядае пра культурна-архітэктурную спадчыну беларусаў на Віленшчыне. У фільме закранаецца вельмі цікавая і малавядомая тэма занядбання ўсходніх ад Вільні раёнаў, хаця некалькі стагоддзяў таму тут, каля сталіцы вялікай дзяржавы, усюль былі цэнтры культуры: палацы, касцёлы, маёнткі, квітнеючыя мястэчкі. У стужцы Пазьняк распавядае, што і як было на гэтых землях раней, якія вядомыя людзі і шляхецкія роды жылі, працавалі, будавалі тут архітэктурныя помнікі, і ў якім стане занядбання і абыякавасці гэта ўсё знаходзіцца ў наш час. Пасля паказу фільма спадар Зянон заклікаў усіх, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі і культурнай спадчынай Вялікага Княства, ды і проста неабыякавых людзей распрацоўваць тэму Віленшчыны як на навуковым узроўні, так і на аматарскім: ездзіць, наведваць, фатаграфаваць тыя прывіленскія маёнткі і мястэчкі, якія некалі квітнелі і дзе калісьці буяла нашая гісторыя. Таксама Пазьняк адзначыў бліскучую працу над фільмам рэжысёра Алеся Кудрыцкага і прызнаўся, што не спадзяваўся на такі выдатны вынік працы, улічваючы даволі неспрыяльныя ўмовы здымкаў (усе жадаючыя могуць паглядзець фільм па спасылцы: http://www.youtube.com/watch?v=zcD42U93AxU).
Наступнай тэмай сустрэчы з Зянонам Пазьняком была прэзентацыя яго новых кніг, прысвечаных 20-годдзю незалежнасці Рэспублікі Беларусь – “Сэсія незалежнасьці” і “Незалежнасьць Беларусі. 20 гадоў”, а таксама супольнай кнігі Зянона Пазьняка і Сяргея Навумчыка “Дэпутаты незалежнасьці” (ёсць у вольным доступе па спасылцы http://kamunikat.org/download.php?item=14996-1.pdf) . У кнігах апісваюцца важнейшыя ў лёсе Беларусі падзеі, якія адбываліся на мяжы 80-х - 90-х гадоў: праца шырокага тагачаснага руху – Беларускага Народнага Фронту, дзейнасць фракцыі БНФ у Вярхоўным савеце БССР, а потым і РБ, а таксама сесія Вярхоўнага савета, якая адбылася пасля жнівеньскага путчу 1991 г., на якой была абвешчана незалежнасць Беларусі. Аўтар адзначыў, што выданне такіх працаў важнае сёння, таму што цяперашнія ўлады Беларусі не гавораць, змоўчваюць тыя падзеі, не шмат хто ведае, што адбывалася ў той час, які па сутнасці быў лёсавызначальным для гісторыі краіны. Дзякуючы прынятым у тыя часы рашэнням і людзям, што працавалі над тым, каб гэтыя рашэнні былі рэалізаваныя, мы цяпер маем незалежную краіну, а значыць, і будучыню.
Пасля прэзентацыі выданняў адбылася адкрытая дыскусія прысутных з госцем. Былі зададзеныя разнастайныя пытанні на тэму палітыкі і культуры. Сярод ключавых пытанняў была праблема выбараў у Беларусі. Зянон Пазьняк тут прытрымліваецца цвёрдай пазіцыі ўсеагульнага байкоту. Госць тлумачыў сваё перакананне адсутнасцю рэальных выбараў у Беларусі; вынікі іх вядомыя задоўга да галасавання, галасы людзей ніхто не лічыць, і адзінае што патрэбна рэжыму – яўка грамадзянаў на выбарныя ўчасткі, таму нельга сваім удзелам дапамагаць рэжыму атрымліваць чарговыя “элегантныя перамогі”. На жаль, з-за абмежаванасці часу задаць сваё пытанне змаглі не ўсе, але пасля заканчэння афіцыйнай часткі імпрэзы наведвальнікі падыходзілі да спадара Зянона для асабістай размовы, а таксама з задавальненнем набывалі кнігі з подпісам аўтара. А ўвечары Зянон Пазьняк наведаў выступ беларускага рэп-выканаўцы Вінсэнта, які адбываўся на цэнтральным праспекце Гедыміна ў межах Кірмаша народаў. Палітык пазнаёміўся з маладым музыкам, пагутарыў са шматлікімі беларусамі, якія таксама прыйшлі на гэтае свята.
Вітольд Паўлюкевіч. Вільня, 2011.