Беларусы Севастопаля адзначылі дзень прыняцця нацыянальных сімвалаў Беларусі

Севастопальскае таварыства беларусаў імя Максіма Багдановіча "Пагоня" 19 верасня традыцыйна адзначыла дзень прыняцця нацыянальных сімвалаў Беларусі: герба "Пагоня" і бел-чырвона-белага сцяга.

Севастопальскае таварыства беларусаў імя Максіма Багдановіча "Пагоня" 19 верасня традыцыйна адзначыла дзень прыняцця нацыянальных сімвалаў Беларусі: герба "Пагоня" і бел-чырвона-белага сцяга. У цэнтры горада на самай ажыўленай магістралі - праспекце адмірала Нахімава – былі ўсталяваны бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня”. Сябры таварыства прачыталі вершы Максіма Багдановіча "Пагоня", Ларысы Геніюш "Наш сцяг", Сяргея Панізніка "Наш сцяг", Уладзіміра Някляева "Сцяг".

Адначасова гэтае мерапрыемства было і пікетам у абарону палітычных вязняў уБеларусі, пра што сведчыла расцяжка з надпісам “Свабода палітычным вязням Беларусі”. Прагучалі словы салідарнасці з тымі, хто адстойвае ідэалы свабоды і незалежнасці рэспублікі Беларусь, было зачытана віншаванне з днём нараджэння палітвязню Алесю Бяляцкаму.

“Нацыянальныя сімвалы абавязковы атрыбут у дзейнасці нашага таварыства. У статуце арганізацыі гаворыцца, што менавіта гэтыя сімвалы таварыства лічыць сваімі афіцыйнымі, -- адначыў старшыня суполкі “Пагоня” Валеры Барташ. --  Мы ўпэўненыя, што нацыянальныя сімвалы Беларусі -- герб “Пагоня” і бел-чырвона-белы сцяг -- немінуча зноў стануць дзяржаўнымі сімваламі назаўжды. Бо Максім Багдановіча пісаў "Пагоні не разбіць, не спыніць, не стрымаць!". Жыве Беларусь!"

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”