Сустрэча з радзімай праз 20 год

Старшыня Аб’яднання беларусаў у Паўднёвай Аўстраліі Віктар Кавалеўскі пераехаў у гэтую далёкую краіну ў 1992 годзе. Сёлета, амаль праз 20 гадоў пасля пераезду, ён упершыню наведаў Беларусь. Падчас вандроўкі спадар Віктар знайшоў час, каб завітаць на сядзібу “Бацькаўшчыны” і распавесці пра свае ўражанні ад сустрэчы з радзімай і пра беларускае жыццё ў Аўстраліі.
Старшыня Аб’яднання беларусаў у Паўднёвай Аўстраліі Віктар Кавалеўскі пераехаў у гэтую далёкую краіну ў 1992 годзе. Сёлета, амаль праз 20 гадоў пасля пераезду, ён упершыню наведаў Беларусь. Падчас вандроўкі спадар Віктар знайшоў час, каб завітаць на сядзібу “Бацькаўшчыны” і распавесці пра свае ўражанні ад сустрэчы з радзімай і пра беларускае жыццё ў Аўстраліі.

- Спадар Віктар, распавядзіце, калі ласка, пра сябе. Як Вы апынуліся ў Аўстраліі.

- Калі я быў старшым лейтэнантам у арміі, то аддаў свой партыйны білет. Гэта быў 80-ты год, я практычна паставіў крыж на сваёй кар’еры, і таму я вырашыў звольніцца з арміі. Мне прапанавалі званне капітана, каб я забраў гэты білет, але я адмовіўся. Трошкі папрацаваў тут, у Беларусі. Я заўжды ведаў, што мой дзядзька быў выгнаны ў Германію на працу, ён там пражыў амаль усю вайну. А пасля вайны ён доўга жыў у амерыканскай зоне акупацыі, таму што ўсе ўцякалі ад Саветаў, нават тыя, каму не было сэнсу ўцякаць. Ён працаваў у амерыканцаў, потым ажаніўся з немкай і разам з жонкай з’ехаў у Аўстралію. Я ведаў пра дзядзьку, таму напісаў яму. Ён мне дапамог, а калі памёр, яго радня працягнула гэтую справу, і мы пераехалі ў Аўстралію.

- Ці цяжка там было адаптавацца?

- Ведаеце, спачатку, калі мы жылі пад Адэлаідай, так. Таму што ты глухі і нямы, ты нічога не разумееш. Мне шмат дапамог мой кузэн, бо ён досыць багаты чалавек. Потым мы знайшлі беларускую царкву. Але беларуская царква – гэта іншае, гэта не матэрыяльны бок. Мой кузэн Эдгар мне шмат дапамагаў, у мяне тры дачкі, і ён дапамагаў з рэчамі, але ён не гаварыў па-нашаму, бо дома яны гаварылі па-нямецку. Але калі я прыйшоў да сваіх, да беларусаў, праз год-паўтара пасля пераезду, гэта зусім іншае. Нас запрашалі, дарэчы, да рускіх, там ёсць руская грамада, але тады мы не мелі грошай, трэба было, здаецца, 20 даляраў за ўваход. Той чалавек, які прасіў за нас, спрабаваў угаварыць, каб нам зрабілі зніжку, бо мы толькі што пераехалі, але яны не захацелі ніякіх зніжак даваць. З тае пары мы ніколі нават не сустракаліся ні з кім з рускай грамады, акрамя аднаго чалавека. Мы далучыліся да беларускай царквы, і там пайшло. Там айцец Міхаіл Бурнос быў вельмі доўгі час святаром. Пазней я пачаў працаваць з ім над кнігай пра беларусаў Аўстраліі (рэд. – маецца на ўвазе кніга “А хто там ідзе?”). Я дазнаўся пра Алега Гардзіенку, даслаў яму чарнавы варыянт кнігі, каб ён глянуў на яе. Потым ліставанне пачалося з Наталляй Гардзіенка, потым яна прыехала. Яна хутка напісала сваю кнігу, а я увесь час працаваў над сваёй, скончыў праз 7 гадоў, таму што шмат дакументаў было. Я думаю, прайшло б і болей гадоў, калі б я не спыніўся, бо хочацца і тое ўкласці, і тое. Я зрабіў два дыскі-дадаткі да кнігі, там шмат матэрыялаў, шмат копій лічбавых дакументаў. Экзэмпляр кнігі я зараз перадаў у Нацыянальную бібліятэку Беларусі.

- Распавядзіце, калі ласка, пра сваю сям’ю.

- Мы так і жывем з жонкай у Адэлаідзе, зараз думаем, як далей жыць, бо гады ідуць. Я маю трох дачок, дзве старэйшыя замужам за аўстралійцамі. Добрыя хлопцы. Малодшая дачка вучыцца на архітэктара. Цягне гэтую адукацыю, не ведаю, ці выцягне яшчэ. Ім даюць пазыку ў банку, але плаціць за гэта ўсё адно трэба будзе, таму што сярэдняя дачка Таццяна і зараз яшчэ плаціць. Яна вельмі добра скончыла школу і атрымала грант ад дзяржавы, і дзяржава аплаціла ўсё яе навучанне. Потым яна папрацавала, але ёй не спадабалася, і яна зноў пайшла вучыцца на бізнес-менеджмент. Мы купілі хату, вельмі танную, там дагэтуль трэба рабіць рамонт. Але мы вельмі хутка разлічыліся з банкам і зараз можам жыць спакойна, можам некуды паехаць, неяк адпачыць. Хата даробіцца паступова, але жыццё ж праходзіць.

- Вашыя дочкі размаўляюць па-беларуску?

- Сярэдняя так. Не вельмі добра, але яна можа. Старэйшая – не, а малодшая нават калі мы звяртаемся да яе па-нашаму, то адказвае толькі па-англійску. Ёй было толькі тры гады, калі мы пераехалі ў Аўстралію, а асяроддзе мае вельмі вялікае значэнне, яно вельмі цісне.

- Як зараз ідуць справы ў Аб’яднанні беларусаў у Паўднёвай Аўстраліі, чым займаецца Аб’яднанне?

- Зараз гэта проста прадстаўніцтва. Па сутнасці, мы не маем поўнай арганізацыі, засталося адно прадстаўніцтва ў Адэлаідзе. Мы ўжо нават збіраліся зачыніць арганізацыю. Але паколькі мы афіцыйна зарэгістраваная беларуская арганізацыя, маем свой архіў, то Чырвоны крыж перыядычна прысылае нам лісты з запытамі аб пошуку тых ці іншых людзей, беларусаў, таму мы пакуль не зачыняемся. Трымаем камітэт, каб трохі грошай перадаць Марату Клакоцкаму на выданне альманаха “Беларус” у Амерыцы.

- Як Вашыя ўражанні ад Беларусі?

¾    Мяне вельмі ўразіла, колькі п’яных на вуліцах. За тыдзень у Беларусі я ўбачыў столькі п’яных, колькі ў Аўстраліі і за 10 год не ўбачыш. У Беларусі ў вёску калі прыязджаеш, то людзей найбольш цікавіць, як чыста падмецены горад. Я адказваю, што вельмі чыста. І гэта галоўнае, больш нічога не цікавіць. Па-другое, яны кажуць: “бацька” наш жа, ён жа калгаснік, нас добра разумее. Яны думаюць, што калі б не ён, то яны б зусім прапалі. У горадзе, вядома, людзі больш зразумелыя. У Мінску шмат чаго прыгожага набудавалі. Але я вырас у прыватным сектары, там амаль нічога не змянілася. Людзі проста змагаюцца за жыццё, спрабуюць неяк выжыць.

- Ці ёсць у Вас звесткі перапісу, колькі зараз беларусаў у Аўстраліі?

- Па апошнім – 100 асобаў. Гэта было дзесьці 2006 ці 2007 год. Я цікаўлюся гэтай тэмай. Я звярнуў увагу, што толькі 100 чалавек. Звычайна пытаюць спачатку, якая нацыянальнасць, а другое пытанне, на якой мове вы размаўляеце ў хаце, і многія людзі пішуць рускую мову. Таму Урад Аўстраліі скасаваў дзяржаўныя праграмы, якія існавалі для беларусаў, скасаваў беларускія перадачы, якія былі на радыё. Гранты калісьці мы атрымлівалі, а зараз я думаю, гэта практычна немагчыма. Бо адразу ж узнікае пытанне, што вы хочаце рабіць на 100 чалавек па ўсёй Аўстраліі. Вядома ж, іх больш, гэтых людзей, але яны не думаюць пра тое, што трэба ў перапісе пісаць “беларус”, “беларуская мова”, а потым напісаць другой мовай рускую, а таксама англійскую. Я пісаў пра гэта ў інфармацыйных лістах нашым людзям перад перапісам, каб яны так запісваліся, але я не ведаю, хто там як пісаў.

- Чым Вы зараз займаецеся?

- Зараз працую над сваімі публікацыямі. Працую з беларускім архівам, мне перадалі свае дакументы іншыя беларускія арганізацыі ў Аўстраліі. Пераводжу дакументы ў электронны фармат.

Даведка:

Віктар Кавалеўскі (нар. 11.01.1956). Нарадзіўся ў Радашковічах (Маладзечанскі раён Мінскай вобласці). У 1976 годзе скончыў Краснаярскую ваенную вучэльню, служыў у Казахстане і Кыргызстане. Пасля таго як у 1981 годзе пакінуў шэрагі камуністычнай партыі, звольніўся з узброеных сілаў. Працаваў інжынерам, тэхнікам, фатографам. У 1992 годзе разам з сям’ёй эміграваў у Аўстралію. Аўтар кнігі “Беларуская эміграцыя ў Паўднёвай Аўстраліі” (2003), "А хто там ідзе?" (2008) і шэрагу іншых выданняў па гісторыі беларускай дыяспары ў Аўстраліі. Ад 1999 года — старшыня Беларускага Аб’яднання ў Паўднёвай Аўстраліі.

Гутарыла Таццяна Печанко,
прэс-сакратар МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”