Дзень Беларускай Вайсковай Славы адзначылі беларусы і ўкраінцы

Дзень Беларускай Вайсковай Славы адзначылі 8 верасня ў Львове. Святочныя мерапрыемствы адбыліся па ініцыятыве старшыні Руху салідарнасці “Разам” Вячаслава Сіўчыка пры падтрымцы ўкраінскіх партый і арганізацый.
Дзень Беларускай Вайсковай Славы адзначылі 8 верасня ў Львове. Святочныя мерапрыемствы адбыліся па ініцыятыве старшыні Руху салідарнасці “Разам” Вячаслава Сіўчыка пры падтрымцы ўкраінскіх партый і арганізацый.

У праграме ўзялі ўдзел прадстаўнікі ўкраінскіх партый “Народны Рух Украіны”, “Кангрэс Украінскіх Нацыяналістаў, “Украінская Народная Партыя”, “Удар”, ВО “Свабода”, УНА-УНСО, ВО “Бацькаўшчына”, “Украіна Саборная”, “Наша Украіна” і іншыя. Марафон святкавання пачаўся ад самага ранку літургіяй за воінаў Вялікага Княства Літоўскага і асвячэннем спрадвечных беларускіх сімвалаў — бел-чырвона-белага сцяга і герба “Пагоня” ва ўніяцкай Царкве Мацеры Божай Неўстаннай Помачы. Уніяцкія святары айцец Антон з Вінніцы разам з братам Сяргеем з Брэста правялі боскую літургію на роднай мове. Яны папрасілі ў Бога дабраславення для беларускага народа. Затым дэлегацыя з Мінску абмеркавала план дзейнасці Беларускага цэнтру — нядаўна зарэгістраванай у Львове арганізацыі, якая ставіць сваёй мэтай паляпшэнне і пашырэнне ўкраінска-беларускага сяброўства. Ініцыятарам стварэння Цэнтру і яго старшынёй з’яўляецца В. Сіўчык, які вымушаны пакуль заставацца ва Украіне. На прэс-канферэнцыі ў львоўскім прэс-цэнтры, адкуль вялася прамая інтэрнэт-трансляцыя, удзельнічалі старшыня “Правага Альянсу” Юрась Карэтнікаў, старшыня “Руху Салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык і намеснік старшыні Аляксандр Макаеў, мастак Алесь Пушкін; брат палітвязня Мікалая Статкевіча Аляксандр Статкевіч.

Аляксандр Статкевіч і Вячаслаў Сіўчык

Звяртаючыся да ўкраінскіх журналістаў, В. Сіўчык падкрэсліў: “Галоўная мэта святкавання 8 верасня на Украіне — паказаць усяму свету, што воля беларускага народа не зламана, што беларусы працягваюць супраціўляцца расійскай імперскай палітыцы, якую праводзіць Лукашэнка ў Беларусі; падтрымаць і выказаць салідарнасць беларусаў і ўкраінцаў з палітвязнямі, якія і за кратамі годна трымаюцца і не спыняюць сваю барацьбу за Беларусь. Беларускі нацыянальна-вызвольны рух, — працягнуў В. Сіўчык, — заўсёды выступаў за стварэнне чарнаморска-балтыйскай супольнасці. І гэтыя ідэі ад пачатку ХХ стагоддзя робяцца ўсё больш актуальнымі. Усё дваццатае стагоддзе паказала нам, што на Беларусі Царская Расія і міжваенная Польшча праводзілі палітыку этнацыду, а два таталітарных рэжымы — нацысцкая Германія і камуністычны Савецкі Саюз — праводзілі палітыку генацыду. Тое самае адбывалася і на ўкраінскай зямлі. Таму вырашаць нашы праблемы мы павінны супольнымі высілкамі. Мы вельмі ўсцешаны, што на апошнім пасяджэнні Вярхоўнай Рады Украіны дэпутат Андрэй Парубій абвясціў аб стварэнні міжфракцыйнай дэпутацкай групы за незалежную і дэмакратычную Беларусь. Са свайго боку мы таксама робім усё магчымае, каб праца па Беларусі працягвалася на вышэйшым узроўні”.

Юрась Карэтнікаў нагадаў прысутным, што менавіта ў Дзень Беларускай Вайсковай Славы беларусы мусяць узгадаць і павіншаваць палітвязня Мікалая Статкевіча. “З яго ініцыятывы 8 верасня 1992 года дзве тысячы беларускіх вайскоўцаў, пераважна афіцэраў запасу, на цэнтральнай плошчы Мінска прынялі прысягу на вернасць Беларусі і беларускаму народу пад спрадвечнымі беларускімі сімваламі — гербам “Пагоня” і бел-чырвона-белым сцягам. Гэта акцыя праводзілася Беларускім аб’яднаннем вайскоўцаў, старшынёй якога з’яўляўся Мікалай Статкевіч. Пасля практычна ўсе афіцэры, якія прынялі прысягу на вернасць бацькаўшчыне, былі звольнены са службы ў войску. А зараз, як мы ведаем, палітык Мікалай Статкевіч за ўдзел у выбарах атрымаў самы вялікі тэрмін пакарання — 6 гадоў пазбаўлення волі. Ён сустракае Дзень Беларускай Вайсковай Славы за кратамі”. Пасля канферэнцыі беларуская дэлегацыя правяла перамовы з кіраўнікамі львоўскай абласной і гарадской радаў, дзе былі выпрацаваны канструктыўныя рашэнні адносна ўкраінска-беларускага супрацоўніцтва. Прадстаўнікі львоўскай абласной Рады абвясцілі прысутным, што 6 верасня была створана дэпутацкая група ў падтрымку незалежнасці і дэмакратыі ў Беларусі. Моладзевая акцыя “Беларускай сімволікі” ля гарадской Ратушы прадоўжыла святочную праграму. Удзельнікі мерапрыемства нагадалі пра сумесную перамогу ўкраінскіх і беларускіх войскаў на чале з Канстанцінам Астрожскім у бітве з маскоўскім войскам, якая адбылася на Крапіўніцкім полі. Алесь Пушкін распавёў: “Тая перамога на сто гадоў спыніла экспансію Маскоўскага княства на беларускія, украінскія і заходнееўрапейскія землі. Але сёння ў Беларусі забаронена святкаванне перамогі войска ВКЛ над ворагамі на Крапіўніцкім полі. Прадстаўнікі ўлады разганяюць творчыя мерапрыемствы, перформансы, бардаўскія выступы. Людзей, апранутых у нацыянальную сімволіку, хапаюць і вывозяць на вакзал на электрычку”.

Зміцер Бартосік і Алесь Пушкін

Завяршылася святкаванне Беларускай Вайсковай Славы ўрачыстым пасяджэннем, на якім выступілі дэпутаты Украінскай Рады, прадстаўнікі розных палітычных партый і арганізацый, дзеячы нацыянальна-вызвольнага руху Украіны. Распачаў мерапрыемства з віншавальным зваротам да беларусаў легендарны змагар за незалежнасць Украіны Юрый Шухевіч. Так адбылася незапланаваная сустрэча вядомага беларускага дысідэнта Сяргея Ханжанкова з былым сулагернікам мардоўскіх лагераў — украінскім дысідэнтам і палітыкам Юрыем Шухевічам. Сяргей Ханжанкоў распавёў, што Юрый Шухевіч, сын вядомага нацыяналістычнага дзеяча Украіны Рамана Шухевіча, за антысавецкую дзейнасць быў схоплены ў 1948 годзе. Тады юнаку было ўсяго 15 гадоў. Ён быў пакараны на 10 гадоў пазбаўлення волі. Аднак у 1958 годзе Юрыя Шухевіча на волю не выпусцілі. Суд прадоўжыў тэрмін пакарання яшчэ на 10 гадоў. Гэтым разам украінскі дысідэнт быў пераведзены ў мардоўскі лагер, дзе і пазнаёміўся з актывістам беларускага антыкамуністычнага падполля Сяргеем Ханжанковым, які адбываў пакаранне ў перыяд з 1963 па 1973 гады. Святочны настрой усім прысутным, цёплую і ўтульную атмасферу стварыў у святочнай залі беларускі бард Зміцер Бартосік. Беларускі музыка выканаў некалькі сваіх песень, а таксама песень У. Высоцкага, перакладзеных на беларускую мову Рыгорам Барадуліным. Беларускі аўтар-выканаўца зазначыў, што сёння, як ніколі, тэксты Высоцкага з’яўляюцца актуальнымі для беларускай рэчаіснасці.

Таццяна Уласенка, "Новы час"