На традыцыйным свяце Вішнёвага пірага ў вёсцы Шыраева, што ў Самарскай вобласці Расіі, гучалі беларускія песні ў выкананні артыстаў тальяцінскага ансамбля “Купалінка”.
Свята праходзіла ўжо ў пяты раз. Наогул фестываль вельмі папулярны сярод вяскоўцаў, на яго прыязджае заўсёды шмат гасцей з усёй вобласці. Падчас фэсту працуюць цікавыя выставы, на якіх госці знаёмяцца з “ягаднай” творчасцю. Фотаздымкі і карціны на вішнёвую тэму ўдзельнікі дасылаюць нават з Вялікабрытаніі, Германіі, Іспаніі, Турцыі.
А на фестывальнай сцэне пад адкрытым небам выступаюць фальклорныя калектывы. Сёлета сярод іх быў і ансамбль беларускай песні тальяцінскіх беларусаў “Купалінка”.
“Бачна было, што выступленне калектыву спадабалася гледачам, зацікавіла іх, — гаворыць старшыня нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў у Тальяці “Нёман” Людміла Дзёміна. — Бо не кожны ж дзень расіяне чуюць народныя і сучасныя беларускія песні, мову, знаёмяцца з нацыянальнымі касцюмамі суседзяў”.
Канешне ж, усіх удзельнікаў свята вясковыя кулінары частуюць вішнёвымі пірагамі. Паспрабавалі салодкі пачастунак і госці з Тальяці. “Смак сакавітай спелай ягады, намаляваныя вішанькі на шчоках дзяцей і дарослых, гасціннасць гаспадароў, сувеніры з бяросты ад мясцовых умельцаў — усё гэта надоўга застанецца ў памяці”, — прызнаецца Людміла Дзёміна.