Як знайсці магілу Багдановіча?

Мноства нашых суайчыннікаў штолета наведваюць курортныя гарады і пасёлкі Крыма.  І хоць варыянтаў для экскурсійных праменадаў у Крыме хоць адбаўляй, многім беларусам карціць адшукаць тут след сваіх славутых землякоў. Так і мы, апынуўшыся на паўднёвым беразе Крыма, паставілі сабе за мэту наведаць апошні прытулак аднаго з найвядомейшых беларускіх паэтаў.
Прымеркавана да 120-годдзя са дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча.

Мноства нашых суайчыннікаў штолета наведваюць курортныя гарады і пасёлкі ўтульнай паўвыспы Крым. І нядзіва: гэтая цёплая аўтаномная рэспубліка багатая на неверагоднай прыгажосці прыродныя і культурныя аб’екты, да таго ж знаходзіцца адносна недалёка. І хоць варыянтаў для экскурсійных праменадаў у Крыме хоць адбаўляй, многім беларусам карціць адшукаць тут след сваіх славутых землякоў. Так і мы, апынуўшыся на паўднёвым беразе Крыма, паставілі сабе за мэту наведаць апошні прытулак хіба аднаго з найвядомейшых беларускіх паэтаў. Не пераадолеўшы цяжкой хваробы, усяго дваццаці пяці гадоў, у Ялце свой апошні ўздых зрабіў Максім Багдановіч.

Вуліца Максіма Багдановіча

На пошукі мы выправіліся, прачытаўшы адну старонку на Вікіпедыі, дзе было адзначана наступнае: “У дзень сьмерці паэта яго бацька Адам Багдановіч знаходзіўся ў службовай камандыроўцы ў Сымфэропалі. Ён пісаў: “Скончался он 12(25) мая, но я известие об этом получил на 4-й день после его смерти. Он не дал хозяйке моего адреса, не желая меня тревожить. После его смерти она нашла мой Ярославский адрес и телеграфировала по этому адресу, а пока пришла телеграмма из Ярославля, был уже четвертый день. Я тотчас на автомобиле отправился в Ялту. Но он уже был похоронен...

Похоронили его на ялтинском кладбище, что недалеко от Николаевской улицы по направлению к горам, на самой окраине кладбища внизу, в 3 саженях от окраины, близ дороги, со стороны противоположной к морю, т.е. со стороны гор. В головах поставлен небольшой белый крест с надписью на жестяной табличке его имени (студент Максим Адамович Багданович) и когда он скончался”.

Яшчэ даведаліся, што адпявальная служба прайшла ў царкве св. Аляксандра Неўскага. Што ж, даволі бедныя звесткі для пошукаў у горадзе, які наведваеш упершыню, але мы верылі ў нашую зорку. Зорку Венеру.Нашым пачатковым пунктам у Ялце стаў аўтавакзал, які знаходзіцца па адрасе вул. Маскоўская, 8. Зарыентаваўшыся па мапе горада, мы выявілі, што непадалёк знаходзіцца тая самая царква Неўскага. Каб дабрацца да яе з вакзала, трэба ісці па вуліцы Кіеўскай у кірунку наберажнай Леніна, з якой затым патрапіць на Садовую вуліцу, прама да патрэбнага храма.

Царква св. Аляксандра Неўскага

Мы паспрабавалі даведацца пра месцазнаходжанне магілы нашага класіка ў супрацоўнікаў царквы, аднак, на жаль, ніхто не змог нам падказаць гэтага. Усе толькі прызнаваліся, што ўпершыню чуюць, што Багдановіча тут адпявалі. Як толькі выйшлі з царквы, з неба раздаўся магутны раскат грому. Сустракаецца шмат сведчанняў, што з імем Багдановіча звязана багата містыкі. Паспрабуй тут не паверыць!Што ж, прынамсі мы высветлілі, дзе знаходзяцца старыя гарадскія могілкі: ля заходняй рысы Ялты, на мапе яны займаюць значнае месца. Каб дабрацца да іх, трэба выйсці на вуліцу Кірава і прайсці большую яе частку. Горад не вельмі вялікі, таму цалкам магчыма пераадолець гэтую адлегласць пешкі. Праз некаторы час вам адкрыецца неверагодны выгляд на велічныя горы з сінім адценнем, у падножжы якіх расце лясок з кіпарысаў і хвойных дрэваў. У іх гушчыні і не заўважна, што гэта могілкі. Акурат тыя, якія мы шукаем. Значыць, амаль прыйшлі.

Як вядома, у Ялце адной з вуліцаў надалі імя нашага маладога паэта, і знаходзіцца яна акурат па дарозе на могілкі. Калі ісці па Кірава з цэнтра, яна будзе адгаліноўвацца па правым боку. Галоўнае – не прапусціць патрэбны паварот. Пазнака, што гэта вуліца менавіта Багдановіча, знаходзіцца на доме пасярэдзіне вулкі. Вуліца гэтая караценькая, на некалькі дамоў, і даволі занядбаная, як і паўсюль у перыферыйнай частцы Ялты.

Мы ведалі, што на гэтай вуліцы знаходзіцца дом, у якім жыў Максім Багдановіч у адзін са сваіх прыездаў, пра што мусіць сцвярджаць мемарыяльная дошка. Мы ледзь не прапусцілі гэты знак, таму што знаходзіцца дом не ля дарогі, а ў другім шэрагу дамоў. Памятны будынак уяўляе сабой прыгожы адрэстаўраваны дом светлай афарбоўкі, на якім размешчаная дошка з надпісам: “В этом доме в 1909 году жил белорусский поэт Максим Богданович”.Пакуль аглядаем і фатаграфуем будынак, які памятае юнага Максіма (ў 1909 годзе яму было сямнаццаць гадоў), да нас падыходзіць жыхар суседняга дома. “Што, рабяты, не мясцовыя?” “Не, - кажам, - прыехалі з Менску вывучаць мясціны нашага паэта”. “То дзіва. Нікога з турыстаў тут не бачыў”. “А ці не ведаеце выпадкам, як адшукаць яго магілу на суседніх могілках?”. “А ён тут пахаваны? Не ведаў нават...”. За дзень гэта быў ці не пяты ялцінец, які ўпершыню чуў пра пахаванне Багдановіча ў яго родным горадзе. Што ж, крыўдна. Але каго вінаваціць...Да могілак заставалася ісці зусім крыху: вуліца Багдановіча пераходзіць у Рачную, што вядзе да ўваходу на могілкі. Вось такая горкая іронія, Максім жыў побач са сваім апошнім прытулкам. Рачная – віхлястая вулка, што рэзка спускаецца ўніз, круціць ідучага, пераводзіць праз масток і выводзіць да вінаградніку і вялізных старых могілак у ценю дрэваў. Мы нават збянтэжыліся, убачыўшы бясконцую плошчу помнікаў. Ці здолеем знайсці? Ступаем на асфальтавую дарогу, што вядзе ўгару, неахайна аглядаем імёны на помніках. Ля дзвюх вялікіх сметніц (запомніце арыентыр) напаткалі некалькіх чалавек, у якіх без надзеі запыталіся, ці можа ведаюць, дзе шукаць магілу Багдановіча. І – о, цуд – адна жанчына кажа: “Дык вы прыйшлі, вось яна”. Злева, у якіх пяці метрах ад нас, узвышаецца каменная постаць задуменнага Багдановіча. Ля сцяжыны, што збочвае з асфальтавай дарожкі, стаіць невялікі слупок, на якім нейкія добрыя людзі напісалі для такіх заблукаўшых, як мы: “БАГДАНОВІЧ”.

І вось ён, Максімаў прытулак. Нашыя перасцярогі ўбачыць занядбаную магілку зніклі ў момант: гэта быў дабротны гранітны помнік з шырокай плітой, над якой узвышаўся бюст паэта. Але хіба яшчэ прыемней было спаткаць сляды чалавечага ўшанавання. Тут ляжалі не толькі штучныя, але й жывыя кветкі, хай і троху звялыя, а таксама шчыры верш у рамцы, прысвечаны паэту. І падумалася, што мы змаглі захаваць памяць пра песняра і зразумець яго тугу:Скрылась кветамі ў полі магіла,Зарасла бур'яном і травой,I ўжо памяць людская забыла,Хто пахованы тут пад зямлёй.I ўжо, пэўна, ніхто не спазнае,Што не просты пясчаны курган,А старая магіла сцяпнаяТам ляжыць, дзе красуе бур'ян.Ці ж не гэтак схаваў ад вас, людзі,Маёй мовы блеск пекны і жарТую тугу, што цісне мне грудзі,Ад каторай марнее пясняр?Але як нязвыкла бачыць яго, улюбёнага ў Беларусь, спачываючым на далёкай крымскай зямлі! Некалі прадпрымаліся спробы перазахаваць прах паэта на Радзіме, але чамусьці ідэя так і не сталася рэалізаванай. Застаецца спадзявацца, што калісьці Максім Багдановіч скончыць доўгую дарогу дадому. Адно, што заставалася – падзякаваць Богу за такога паэта, які за такі кароткі адведзены яму век паспеў так шмат зрабіць для нас. І яшчэ прачытаць услых, бадай, самы моцны і пякучы Максімаў твор:Усё лятуць i лятуць тыя коні,Срэбнай збруяй далёка грымяць...Старадаўняй Літоўскай ПагоніHe разбіць, не спыніць, не стрымаць.... Вярталіся з Ялты пад мяккім вячэрнім сонцам. Рэзкая навальніца, што цэлы дзень палівала гарачымі, хлёсткімі слязьмі, раптоўна скончылася. P.S. Калі ў вас будзе час, наведайце дом, дзе Максім Багдановіч правёў апошнія дні жыцця. Ён знаходзіцца па адрасе вул. Камунараў, 2.

Tut.by