Беларусы Севастопаля адзначылі 20-годдзе незалежнасці Беларусі

25 жніўня 2011 года, у дзень 20-годдзя заканадаўчага аднаўлення незалежнасці Беларусі, сябры Севастопальскага таварыства імя Максіма Багдановіча “Пагоня” ўзнялі бел-чырвона-белы сцяг ля помніка на магіле Максіма Багдановіча ў Ялце. Прагучалі верш “Пагоня” і духоўны гімн беларусаў "Магутны Божа".

У сядзібе таварыства была раганізавана выстава кніг і перыядычных выданняў, прысвечаных падзеям 20-гадовай даўніны. Старшыня Севастопальскай “Пагоні” Валеры Барташ зачытаў успаміны дэпутатаў Вярхоўнага Савета Беларусі (1990-1995) Зянона Пазьняка, Алега Трусава аб заканадаўчым зацвярджэнні незалежнасці беларускай дзяржавы. Прагучала малітва за беларускі народ.

Валеры Барташ распавёў аб дзейнасці вядомага беларускага праваабаронцы, кіраўніка праваабарончай арганізацыі "Вясна" Алеся Бяляцкага, яго арышце.З імём Алеся Бяляцкага звязаны першыя крокі ў станаўленні Севастопальскага таварыства беларусаў "Пагоня". Падчас сустрэчы былі прадэманстраваны плакаты, кнігі, якія былі падараны ў ліпені 1997 года таварыству “Пагоня” ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча яго тагачасным дырэктарам Алесем Бяляцкім.

Прысутныя выказалі словы салідарнасці з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі, прагучала патрабаванне іх неадкладнага вызвалення.

Паводле Валерыя Барташа