Кангрэс новай беларускай дыяспары Еўропы і ЗША створаны ў 2008 г. у Эстоніі з мэтай аб'яднаць актыўных прадстаўнікоў новага пакалення беларусаў як у дыяспары, так і ў самой Беларусі. Кангрэс займаецца лабіяваннем беларускіх інтарэсаў за мяжой, падтрымкай роднай культуры і мовы, кансалідацыяй маладога пакалення беларусаў, інфармацыйнымі і адукацыйнымі праектамі.
Традыцыйна Кангрэс збірае больш за 50 матываваных прадстаўнікоў новай беларускай дыяспары Еўрапейскага Саюза, ЗША, Украіны і Расіі, а таксама актывістаў, членаў НДА і бізнесменаў з самой Беларусі. На папярэдніх кангрэсах выступалі такія вядомыя эксперты і палітыкі, як Юры Дракахруст, Пётр Марцаў, Аляксандр Мілінкевіч, Зянон Пазьняк, Хрыстас Пургурыдэс, Ханс Георг Вік, Райнэр Ліндэр, Крысціна Оюланд. У гэтым годзе ўдзельнікі кангрэса атрымаюць магчымасць пагутарыць з высокапастаўленымі палітыкамі, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці рэгіёну.
Сёлета для абмеркавання на кангрэсе прапануюцца такія пытанні, як палітычная і эканамічная сітуацыя ў Беларусі, роля новай дыяспары ў сучаснай беларускай гісторыі і г.д. Заяўкі на ўдзел прымаюцца да 20 жніўня.
У рамках кангрэсу адбудуцца прэзентацыі грамадскіх кампаній "Адкрый Еўропу — адкрый Беларусь" і "Без Віз".