У Таварыстве беларускай культуры ў Літве прыгадалі гісторыю правядзення З'ездаў беларусаў свету

У суботу, 30 ліпеня, у Таварыстве беларускай культуры адбылася традыцыйная імпрэза, на якой абмеркавалі пытанні адносна  сітуацыі ў Беларусі, а таксама  ўзгадалі пятую гадавіну з дня  смерці народнага пісьменніка Янкі Брыля і ІІІ з’езд беларусаў свету, з часу правядзення якога ў ліпені споўнілася 10 год.

У суботу, 30 ліпеня, у Таварыстве беларускай культуры адбылася традыцыйная імпрэза, на якой абмеркавалі пытанні адносна  сітуацыі ў Беларусі, а таксама  ўзгадалі пятую гадавіну з дня  смерці народнага пісьменніка Янкі Брыля і ІІІ з’езд беларусаў свету, з часу правядзення якога ў ліпені споўнілася 10 год.

Імпрэзу распачаў старшыня Таварыства Хведар Нюнька. У сваёй прамове ён распавёў аб правядзенні ІІІ з’езду Беларусаў свету і ўзгадаў гісторыю правядзення папярэдніх. Варта адзначыць, што спадар Хведар быў удзельнікам усіх з’ездаў.

Хведар Нюнька (архіўнае фота)

Распавядаючы  пра ІІІ з’езд Хведар Нюнька звярнуўся да гісторыі правядзення папярэдніх. У сваёй прамове ён адзначыў, што  толькі першы з’езд праводзіўся  на належным дзяржаўным узроўні. Тады ў Беларусь змаглі прыехаць тыя, хто каля паўстагоддзя не бачыў сваёй этнічнай зямлі. Па расповеду многіх, некаторыя з іх цалавалі зямлю і практычна на вачах ва ўсіх былі слёзы. Але другі раз Бацькаўшчына іх ужо не прыняла прыветліва. Пасля абрання ў 1994 годзе антыбеларускага прэзідэнта, яны зноў сталі непатрэбнымі. І тады, у 1997 годзе, адбылася спроба падзяліць беларусаў на “чэсных” і “нячэсных”. І знайшліся “іуды”, якія за трыццаць срэбранікаў прадаліся антыбеларускаму рэжыму і паспрыялі расколу беларусаў.

Трэці з’езд праводзіўся ў яшчэ больш  складаных умовах. Практычна да апошняга часу не было зразумела, у якім памяшканні ён адбудзецца. Такім чынам улады  хацелі яго цалкам сарваць. Распавядаючы аб гэтым, спадар Хведар зачытаў прамову, з якой ён выступіў на ІІІ з’ездзе беларусаў свету. У ёй ён акцэнтаваў увагу на праблеме беларусаў Літвы і на тым, што яны цалкам там пакінутыя. Калі палякам дапамагае іх этнічная бацькаўшчына і выдзяляе ім велізарнейшыя грошы, будуе школы, дамы культуры, то беларусы не маюць дапамогі ніадкуль. Таму і не прыстыжна ў Літве быць беларусам. Калі ў першыя класы польскіх школ у Вільні праводзяцца конкурсы, то ў беларускай школе стаіць праблема, каб набраць хаця б мінімальную колькасць вучняў у першы клас. І такіх прыкладаў шмат. Пакуль у Беларусі не будзе шанавацца беларуская мова і культура, датуль яна будзе не патрэбнай і ў Літве. І як прыклад, мы сёння назіраем практычна поўную спаланізаванасць Віленскага края. Там, дзе яшчэ паўстагоддзя назад размаўлялі па-беларуску, сёння гучыць польская мова. Польская школа і польскі касцёл зрабілі сваю справу. І гэта ў іх вельмі лёгка атрымалася, бо за імі стаяла дзяржава, якая была зацікаўлена ў захаванні польскасці ўсходніх тэрыторый. Беларуская  ж дзяржава зацікаўленая выключна ў адным – у дэнацыяналізацыі беларусаў.

У гэтым месяцы споўнілася пяць год  з дня смерці беларускага пісьменніка Янкі Брыля. Належыць адзначыць, што за сваю любоў да Беларусі ён быў пакараны: яго смерць афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі практычна абышлі маўчаннем і таксама пазбавілі яго магчымасці быць пахаваным у Мінску. Янка Брыль належаў да кагорты старога пакалення беларускіх пісьменнікаў, якія ўзгадаваліся на камуністычнай ідэалогіі, нягледзячы на гэта змаглі стварыць сапраўдную беларускую літаратуру высокага ўзроўню, якая перакладалася на шматлікія мовы і чыталася ва ўсім камуністычным лагеры. Варта адзначыць, што менавіта гэты час узгадаваў такія глыбы ў беларускай літаратуры і культуры як Караткевіч, Быкаў, Навуменка, Мележ, Шамякін і інш. Да многіх з іх можна адносіцца па рознаму, але ім трэба аддаць належнае, што яны стварылі сапраўдную беларускую літаратуру, дзе галоўны герой беларус з яго светаўспрыманнем, жыццёвым вопытам і праблемамі. Да таго ж, дзякуючы ім будзе захавана для будучых пакаленняў  беларуская мова, на якой яны стваралі свае творы.

Кастусь Манкус

На  імпрэзе не абмінулі і становішча ў Беларусі. Палітолагі Кастусь Манкус і Артур Юдзіцкі распавялі як пра эканамічны крызіс, так і пра палітычныя моманты. Кастусь крыху спыніўся на маўклівых пратэстах, так званай рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі. Затым крыху распавёў пра дажынкі, якія мусяць адбыцца ў Маладзечне ў гэтым годзе. Да іх рыхтуецца ўвесь горад, разбураныя вуліцы, робяцца розныя забудовы. Да таго ж знеслі помнік Змагарам за незалежнасць Беларусі, які асвяцілі тры святары: каталіцкі, уніяцкі і праваслаўны – і на яго месцы вырашылі паставіць практычна аголеную кампазцыю на тэму Купалля. Артур больш увагі звярнуў на эканамічны крызіс у Беларусі. На яго думку, у Беларусі ўжо адбыўся дэфолт, толькі ён пакуль не аформлены юрыдычна. Як лічыць палітолаг, да восені даляр будзе каштаваць 25000 беларускіх рублёў.

Артур Юдзіцкі

У ТБК былі і госці. Гэтым разам Таварыства наведаў карэспандэнт Радый “Рацыя” Зміцер Кармазін, які кораценька распавёў аб сваёй працы і пазнаёміў прысутных са сваёй асобай.

Таксама Таварыства наведалі госці з Маладзечна, прадстаўнікі дабрачыннага фонда “Северные Афіны”, якія займаюцца вяртаннем Агінскага ў айчынную культуру. Як яны лічыць, асоба Агінскага аб’ядноўвае тры народы: беларускі, літоўскі і польскі. Сёння задача, знаходзіць агульныя кропкі ў гэтым пытанні, выпрацоўваць агульную тактыку па пашырэнні і папулярызацыі Агінскіх у свеце. І Агінскі гэта тая асоба, якая не раз’ядноўвае, а аб’ядноўвае нас. І сёння той час, калі яго трэба вяртаць і беларусам.

Вільня, ліпень 2011 г.

Алесь Адамковіч