Асвячэнне табліцы запланавана на 24 кастрычніка. На яе ўрачыстае адкрыццё з Беларусі выправяцца дзве групы пілігрымаў і каталіцкага духавенства. Па словах арганізатараў пілігрымак, важная для ўсёй Беларусі падзея можа стаць дадатковай нагодай, каб здзейсніць паломніцкае пажарожжа ў Святую Зямлю.
Храм Патэр Ностэр (Pater Noster) стаіць на Алейнай гары ў Іерусаліме. Менавіта ў гэтым месцы ўпершыню з вуснаў Хрыста прагучала малітва «Ойча наш». Цяпер сцены храма ўпрыгожваюць больш сотні табліц на розных мовах свету. У кастрычніку сваё месца ў святыні зойме каменная дошка з малітвай па-беларуску. «Інсталяцыя табліцы «Ойча наш» на беларускай мове ў Ізраілі – важная падзея не толькі ў рэлігійным плане, але і ў культуральным, – адзначыў пробашч рымска-каталіцкай парафіі ў Расонах і каардынатар пілігрымак Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Вячаслаў Барок. – Гэта сведчыць аб тым, што культура нашай краіны гарманічна ўпісваецца ў культуру іншых народаў і займае сярод іх дастойнае месца. Гэта табліца з’яўляецца сімвалам таго, што беларуская мова жывая, і, прынамсі, некаторыя гэтую мову на Беларусі шануюць. У тым ліку каталіцкі касцёл, які прыкладае шмат намаганняў, каб захаваць гэты дар Божы, якім з’яўляецца мова».
Асвячэнне табліцы ініцыяваў мітрапаліт Мінскі Тадэуш Кандрусевіч. Інсталяцыя, асвячэнне і ўрачыстая цырымонія адкрыцця каменнай дошкі з малітвай па-беларуску адбудзецца ў час ранішняй імшы. З боку беларускага духавенства ў Ізраіль у кастрычніку плануюць паехаць мітрапаліт Мінскі Тадэуш Кандрусевіч, біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін, архімандрыт грэка-каталіцкай царквы айцец Сяргей Гаек і святары з розных куткоў Беларусі.
Вернікі таксама змогуць пабываць на цырымоніі адкрыцця беларускай табліцы. Пілігрымка ў Святую Зямлю запланавана на 18–25 кастрычніка. Вернікі наведаюць найбольш значныя месцы, пра якія ўзгадваецца ў Евангеллі: сталіцу рымскіх пракуратараў Кейсарыю, святыя месцы ў наваколлі Галілейскага мора, Назарэт, гару Фавор, Мёртвае мора, раку Іярдан, Іерусалім. Другая група вернікаў паедзе ў Ізраіль ад Катэдральнага сабору.