Пра жыццё на чужыне, беларускую працу, культуру Беласточчыны мы размаўляем з Асяй Чабан, стваральніцай беларускага культурнага таварыства “Terra incognita” ў Крынках, што на Сакольшчыне (Польшча).
- Ася, колькі слоў пра сябе: дзе нарадзіліся, вучыліся, хто бацькі?Першых пяць гадоў свайго жыцця я правяла ў вёсцы Востраў Палуднёвы, што ў Крынскай гміне. Як раз мае бацькі трапілі ў тамтэйшую школу, дзе яны жылі і працавалі настаўнікамі. Бацькі ўвесь час давучаліся ў лепшых універсітэтах Польшчы і Беларусі, а мной апекавалася наша суседка бабуля Аня, а таксама мая родная баба Вера, якая тэж пражывала з 1958 года ў гэтай вёсцы. Баба Вера, якая была вельмі ўцаркаўлёнай асобай, братчыцай востраўскай царквы, вяла манаскі лад жыцця, безупынна малілася і пасцілася. У нас з ёй была вельмі моцная эмацыйная сувязь. У бабулі тэлевізара не было, а радыё яна толькі рускае ўключала. Як я крыху падрасла і пачала задумвацца над пытаннем нацыянальнасці, бабуля гаварыла мне, што яна руская, мы рускія. Паняцце “беларус” было для яе невядомым, праўда яна нарадзілася ў часы ўцякацтва ў Тамбове, а яе бацька быў менавіта з гэтага горада.
- Калі да Вас прыйшло разуменне сваёй тоеснасці? Разуменне сваёй нацыянальнай прыналежнасці?
Пачуццё меншасці было мне вядомым заўсёды: мяне вадзілі ў царкву, а дзяды з боку мамы і бацькі гаварылі выключна на беларускай мове. Мяне заўсёды цягнула да сваіх. Цэлае жыццё я спявала ў царкоўных хорах, гуляла на руска-беларуска-ўкраінскіх забавах, спявала песні на такіх жа мовах. Такі клімат я знаходзіла незалежна ад месца знаходжання: на Беласточчыне, у Еўропе, другіх частках Польшчы. Я вельмі любіла і люблю наведваць Беларусь, Расію, Украіну, і мне не перашкаджаюць эканамічныя і іншыя недахопы – там адчуваю сябе ў хаце. Доўгія гады я правяла ў Вялікай Брытаніі, а дакладней Лондане.
- Я чуў, што Вы працавалі за мяжой. Ці не было думак застацца там назаўжды?
Не скажу, каб мне там вельмі дрэнна было: і мову вывучыла, і два інстытуты скончыла, пазнаёмілася з вялікай культурай, развівалася ў шматлікіх напрамках, і сябры там былі добрыя. Кажучы пра сяброў, гэта былі людзі, якіх я пазнала ў рускай праваслаўнай катэдры ў цэнтры Лондана. З імі я знаходзіла супольную мову, падтрымку. Мы жылі амаль у сямейнай сувязі, разма святкавалі і гаравалі. Гэтай блізкасці я ніколі не адчувала ў кантактах з людзьмі іншых культур, у тым ліку і ў палякаў. Яны заўсёды былі для мяне нейкімі чужымі, быццам бы з другой планеты. Мяне заўсёды пераследвала думка, звязаная з нейкім амаль місійным поклікам. Я ведала, што мне трэба вяртацца ў родны кут, там жыць і быць перадусім сабой, што мне бы гэта не каштала. Я думала, што толькі на гэтай зямлі магу цалкам рэалізавацца і быць шчаслівай.
- Калі казаць шчыра, упершыню я пачуў пра Асю Чабан па “Радыё Рацыя” з нагоды Вашай “вайны” за беларускую школу. Што там была за гісторыя? Чым, урэшце, яна скончылася?
Пасля доўгіх гадоў інтэнсіўнага фарміравання сваёй асабовасці і светапогляду ў Лондане, я і не падазравала, што мая родная старонка засталася ў далёкім завуголлі цывілізацыянага развіцця. Тут я вылучна маю на ўвазе ўзровень маральна-інтэлектуальнага існавання маіх суайчыннікаў. Тое, што для мяне явілася нормай, для астатніх было “паталогіяй”, “небяспекай”, “абсурдам” і “фанабэрыяй”. Так крынскія чыноўнікі, людзі якія кіруюць культурай, адукацыяй і гаспадаркай, ацанілі мае спробы захавання роднай спадчыны ці то ў форме ўвядзення ў школу нявялікіх заняткаў на беларускай мове, ці заснавання калектыва родных песень.
Са мной перасталі размаўляць, кантактавацца ўсе людзі, якія займаюць пасады ў культурна-адукацыйна-гаспадарчых пляцоўках Крынак і бліжэйшага наваколля. Мяне не прымалі на працу нават у характары стажыроўшчыка ці асістэнта – ўсе дзверы перад мной зачынілі. Неяк удалося мне дастацца на працу перакладчыка з ангельскай і расійскай мовы і турыстычнага гіда ў “Надлясніцтва Крынкі”, але не бачучы на мае прафесійныя поспехі, і згэтуль на вуліцу выкінулі, ацэньваючы мяне як “беларускую нацыяналістку”. Такім у іх месца не было, няма і не будзе.
Найбольш перажываю за сваю любімую дачку Таню, якой споўнілася два годзікі. Вельмі баюся, што ў школе настаўнікі, а перадусім пані дырэктар будуць помсціцца на яе за мае ўчынкі. На гэтую пляцоўку гляджу як на турму, якая прадукуе фашыстоўскіх выпускнікоў. Вядома, як галава хвора, так і астатнія часткі цела нездаровы.
Слава Богу, Таня развіваецца выдатна, дзякуючы кніжкам, якія яшчэ цяжарнай я чытала ў голас на розных мовах:беларускай, рускай, ангельскай і польскай. Яна таксама вельмі любіць спяваць перадусім беларускія народныя песні, якія пастаянна гучаць у нашай хаце. Пабачым як будзе далей, якія сацыяльна-адукацыйныя магчымасці адкрыюцца для яе ў сферы беларускасці.
– Крынкi – terra incognita. Што зараз з сябе ўяўляе гэтая зямля?
Думка пра заснаванне сваёй культурнай асацыяцыі з’явілася ў мяне ў сувязі з рэпрэсіямі, якія ўчынілі вышэй узгаданыя. Назва асацыяцыі “Terra Incognita” не выпадковая. З 1919 г. па сёння цягнецца паспяховы працэс забівання тутэйшай, беларускай культуры. Думаю, што людзі яшчэ не забылі і баяцца легіянераў з Познаня, якія ў узгаданым годзе крывава расправіліся з настаўнікамі і вучнямі крынскай беларускай школы, заснаванай Лукой Дзекуць-Малеям.
Мясцовая інтэлігенцыя прыкладае ўсе высілкі, каб стварыць новую, выгодную ім гісторыю гэтых зямель. Мая дзейнсць ім не па дарозе, раз ужо я пачула ад галоўнага даследчыка гісторыі Крынак, які сам тут жыве, што мая дзейнасць адбываецца “не ў той час і не ў тым месцы”.
- Як тубыльцы ставяцц да беларускай мовы і роднай культуры?
Тут “Polska dla Polakow”, а не падабаецца, так за граніцу да суседзяў збірайся. У такім перакананні жывуць усе крынчане, і касцельныя, і царкоўныя, хаця ніхто з іх польскай мовы добра не ведае, бо ў хатах толькі беларускую гутарку чулі. Таму і ніякіх больш дзеячоў тут пакуль няма, бо які дурань свядома галаву пад сякеру будзе класці…
- Вы з’яўляецеся актыўнай ўдзельніцай “Зараніцы” – колькі слоў, калі ласка, пра Ваш спеўны гурт і яго ўдзельнікаў.
У рамках нашага культурнага згуртавання, каторае ствараюць тры асобы: я, мая родная сястра Магдаліна Чабан і сяброўка родам з Мастоўшчыны, полька па нацыянальнасці, Гэлена Пухальска, дзейнічае вакальна-інструментальны калектыў “Зараніца”. Утрох ездзім па вёсках, шукаем астатніх старажылаў, каб ад іх вучыцца спяваць, правідлова гаварыць на роднай мове, пазнаваць даўнія часы і зразумець сучаснасць.
Гаворачы пра песні: хаця людзі штодзень паслугоўваліся беларушчынай, то спявалі перадусім на рускай, былі і беларускія песні, але ў меншай колькасці; зрэдка спявалі і на пакалечанай польскай мове. Як нам заспяваюць, так і мы спяваем. У гэтым выпадку мы імкнемся захаваць аўтэнтыку, не мяняем слоў, удараў, мелодыі. Так было, і так трэба гэта перадаваць у дальнейшы пакаленні. Ведаю, што за гэту неакрэсленасць у рэпертуары на нас будуць крыва глядзець і беларускія, і польскія дзеячы, бо рускіх як раз тут няма. Праўда часта баліць, але на мой погляд няма за яе лепшых лекаў. Страшылі нас згнілымі яйкамі мясцовыя інтэлігенты-чыноўнікі ў час нашых выступаў на грамадскіх святах. Галоўны манапаліст беларускай культуры ў Польшчы – славутае БГКТ – забараніла нам выступаць на іхніх сцэнах у час беларускіх святаў, але мы не здаемся, і спадзяемся на лепшую будучыню.
- Якія планы мае “Зараніца” ў бліжэйшы час? Ці будзеце выдаваць уласны дыск?
Цяпер рыхтуем музычны матэрыял на нашу першу кружэлку пад загалоўкам “ Надзея – песенны фальклор вёскі Перажкі”. Гэта будуць песні адной з нашых галоўных настаўніц – старажылкі спадарыні Надзеі Алекшы – выдатнай спявачкі, якая з маленства пражывае ў вёсцы Перажкі пад Крынкамі.
Гурт "Зараніца"
- Якія планы маеце на ніве беларушчыны ў Крынках?
Як згуртаванне маем вялікія планы адкрыцця беларускага культурна-турыстычнага цэнтра ў наваколлі Крынак з месцам на музей, залай для спектакляў і канцэртаў. Мая сястра Магда – аматар авангарднага тэатра, і хоча рабіць нешта ў гэтым напрамку, за ўзор стаўляючы сабе тэатр “Гардзеніцэ”, што на Любліншчыне. Думаю, што пачаткова ў якасці акцёраў можна было б запрасіць студэнтаў беларусістыкі з Беластоцкага універсітэта, бо ведаю што там недахоп такога тыпа заняткаў. Яшчэ запрасіць добрага прафесійнага акцёра ў якасці інструктара і “паехалі”…
Маім атутам з’яўляецца, між іншым, краязнаўства і турыстыка, і таксама бажаю этнічную музыку і традыцыі, люблю сустрэчы з цікавымі, перадусім адкрытымі людзьмі. Мару пра правядзенне навуковых экспедыцый ў пошуках людзей і песень тут на забытай, у плане беларускай спадчыны, Сакольшчыне, якая з’яўляецца часцінай Гродзенскай зямлі. Хачу гэта спалучыць з падобнымі даследаваннямі вёсак па другой старане граніцы, з якімі, між іншым, Крынкі былі праз вякі сцісла спалучаны. Можна было б у выніку ў нас правадзіць маленькія фестывалікі нашага супольнага, культурнага багацця з абавязковым удзелам гасцей з другога боку граніцы.
Бажаю наведаць Беларусь, але нажаль вельмі рэдка мне гэта даецца, і баліць мне рэчаіснасць у якой гэта практына немагчыма. Мая хата стаіць літаральна 200 метраў ад граніцы, якая клаустрафабічна давіць на маё пачуццё свабоды. Смела можна яе параўнаць з Берлінскай сцяной. Калі скончыцца гэты кашмар?
- Кім, дарэчы, запісаліся пад час апошняга перапісу насельніцтва? Ці ўсе хатнія папісаліся аднолькава?
У спісе я запісалася беларускай, пра другіх членаў сям’і не буду казаць, бо гэта іх прыватна справа.
- Як Ваш праект з аграсядзібай?
На аграсядзібу пакуль не маю грошай – гэта пакуль застаецца толькі ў планах, а калі яны здзейсняцца – Бог ведае…
- Ці сутыкаліся з дзейнасцю Саюза ўкраінцаў Падляшша?
Гаворачы пра Саюз украінцаў Падляшша, у мяне зусім няма нагоды з імі спатыкацца. Іх дзейнасць пачынаецца неяк каля ста кілометраў на поўдзень ад Крынак – там, дзе пачынаецца сапраўднае Падляшша. Крынкі – гэта Літва, Гродзеншчына, то бок другая мова і другія традыцыі.
- Як можаце ахарактарызаваць палітыку Польшчы датычна абароны правоў нацыянальных меншасцяў?
Палітыка Польшчы? У палітыку стараюся не лезці, а палітыкам я ніколі не давярала, і, мабыць, ніколі не паверу. Для мяне палітыка – гэта грошы, што больш, брудныя грошы.
Я бы памяняла форму адукацыі ў школах. Гэта з дзяцей трэба пачынаць, дарослых ўжо не памяняеш. Трэба ўвесьці гісторыю ўласнага рэгіёна, малай айчыны, таксама вывучаць і падтрымліваць яе традыцыі. Трэба вучыць дзяцей дыялогу адкрытасці і пашаны для другіх культур і народаў, вучыць дыстансу, сціпласці, навучыць іх думаць і так сама шанаваць саміх сябе.
- Дзякуй за размову!
Запісаў Фарыд Беррашэд
*Гутарка запісана з улікам дыялектных асаблівасцяў мовы суразмоўніцы.