У шпіталі ў Санкт-Пецярбургу памёр дзеяч беларускай дыяспары ў Аўстраліі Міхась Лужынскі. У Санкт-Пецярбургу ён знаходзіўся з турыстычнай групай. Верагодна, збіраўся наведаць Беларусь. Пра гэта паведаміла сябра Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, старшыня Беларуска-Амерыканскага Задзіночання Ганна Сурмач.
Міхась Лужынскі (злева) на беларускіх могілках у Сіднеі, лістапад 2008 г.
Міхась Лужынскі нарадзіўся ў 1926 годзе ў вёсцы Кабылкі Палачанскай воласці Маладзечанскага павету Віленскага ваяводства (цяпер Маладзечанскі р-н Мінскай вобл.). Бацька працаваў сакратаром воласці. У 1935 годзе сям’я пераехала ў Гарадок, потым ў 1939 годзе ў Палачаны. У 1941 годзе Міхась Лужынскі скончыў сямігодку ў Хажове. А ў 1942 годзе пайшоў у гандлёвую школу ў Маладзечне, дырэктарам якой быў Барыс Кіт. Правучыўся там два гады. Быў сябрам СБМ.
Пасля закрыцця гандлёвай школы запісаўся добраахвотнікам у школу Люфтвафэ і разам з іншымі 46 хлопцамі быў вывезены ў Польшчу, а потым — у Нямеччыну. У 1945 годзе апынуўся ў беларускім лагеры Ватэнштат (Нямеччына), дзе ў 1946-м пазнаёміўся з будучай жонкай Надзеяй. Ажаніўся ў канцы 1948-га, а ў канцы 1949-га выехаў з жонкай ў Аўстралію.
Сям’я пасялілася ў Сіднеі. Спачатку Міхась працаваў электраманцёрам. Потым, скончыўшы інжынэрныя курсы, пайшоў па службовай лесвіцы ўгару, быў інспектарам пры пабудове электрычных лініяў. У 1979-м пачаў невялікі бізнэс — займаўся пакупкай і продажам драўніны.
Ад самага пачатку актыўна ўдзельнічаў у беларускім грамадскім жыцці Аўстраліі, быў сябрам Беларускага Аб’яднання ў Аўстраліі, узначальваў Беларускае Аб’еднанне ў Новай Паўднёвай Валіі (1951—1953 гг.), рэдагаваў часопіс «Новае жыцьцё», быў старшынёй Беларускага грамадска-культурнага клубу.
На працягу 17 гадоў яго голас гучаў на аўстралійскіх радыёхвалях аж да 2003 года, калі ўлады Аўстраліі закрылі беларускія радыёперадачы.
Успаміны Міхася Лужынскага чытайце тут.