
Сёлета спаўняецца 120 год з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Паэта даўно няма ў жывых, але ляціціць яго “Пагоня”. З імём Максіма Багдановіча і яго “Пагоняй” звязана гісторыя Севастопальскага таварыства беларусаў імя М. Багдановіча “Пагоня”, якое заснаваў у 1997 годзе і нязменна ўзначальвае Валеры Барташ.
Герб Валерыя Барташа
Сябры таварыства “Пагоня” займаюцца даследчыцкай, культурна-асветніцкай дзейнасцю. Асноўная тэма даследаванняў - удзел беларусаў у абароне і будаўніцтве Севастопаля.
Сядзіба таварыства – гэта не проста кватэра, гэта месца, дзе амаль палтара дзесяткі год пульсуе беларуская ідэя, гэта гісторыя гераічнай беларускай прысутнасці ў Севастопалі.
У гэтай кватэры, якую наведнікі справядліва называюць музеем, сабрана цэлая экспазіцыя прысвечаная ўдзелу севастопальскіх беларусаў у Крымскай вайне і ў Вялікай айчыннай вайне. Таксама ў хатнім музеі суполкі “Пагоня” ёсць асобная экспазіцыя, прысвечаная творчасці Максіма багдановіча, матэр’ялы па гісторыі сям’і Валерыя Барташа, шэраг экспанатаў на флотскую тэматыку: кулі, сцягі, спражкі, гербы, знакі, іконы, вышыўкі, сувеніры, карціны, фотаздымкі.
Севастопальская “Пагоня” адзначае свой дзень нараджэння 28 чэрвеня. Па традыцыі сябры таварыства ў гэты дзень сабраліся ля помніка нашаму земляку, камандзіру легендарнага брыга “Меркурый”, капітан-лейтэнанту Аляксандру Казарскаму. Яго асоба з’яўляецца маральным прыкладам і натхніцелем для сябраў таварыства “Пагоня”.
Валеры Барташ ля помніка Аляксандру Казарскаму
Старшыня таварыства Валеры Барташ выступіў з прамовай, у якой гаварыў пра смеласць тых, хто сёння захоўвае вернасць ідэалам свабоды і незалежнасці Беларусі, перш за ўсё пра тых, хто знаходзіцца ў беларускіх турмах. Былі зачытаны імёны і прозвішчы ўсіх палітвязняў, прагучала патрабаванне іх неадкладна вызваліць і спыніць палітычныя рэпрэсіі. Сябры таварыства выказалі салідарнасць з беларускімі палітвязнямі. Напрыканцы сустрэчы прагучаў духоўны гімн Беларусі “Магутны Божа”.
У музеі-кватэры Севастопальскага таварыства беларусаў імя М. Багдановіча "Пагоня":