

Праект, які арганізуе ініцыятыва Kreisau (Kreisau-Initiative Berlin), прысвечаны праблеме парушэння правоў чалавека. У праекце бралі ўдзел 18 маладых журналістаў з Германіі, Польшчы і Беларусі. Яны праводзілі даследаванні і пісалі артыкулы па тэме становішча правоў чалавека ў гэтых трох краінах. Вынікі праекту былі прадстаўлены 22 ліпеня ў берлінскай кавярні Nest. Акрамя непасрэдных удзельнікаў праекту, на мерапрыемстве прысутнічалі беларусы, якія жывуць у Нямеччыне, прадстаўнікі Нямецка-беларускага таварыства.
Развітальным падарункам удзельнікам праекту стаў канцэрт беларускай спявачкі Таццяны Беланогай. Адмыслова для гэтага канцэрту Таццяна падабрала песні, у якіх гучыць тэма свабоды і правоў чалавека.
Падчас канцэрту на вялікім экране дэманстраваліся тэксты ўсіх песень на англійскай мове. Пераклады падрыхтваў Зміцер Занеўскі.
“Я хацела не проста расказаць пра палітычныя і эканамічныя праблемы ў Беларусі, -- гаворыць Таццяна, – але і данесці беларускую культуру, паказаць, што мы маем шмат цікавай літаратуры, у нас багатая культура”.
Таццяна выканала песні на словы Яўгеніі Янішчыц, Дануты Бічэль, Максіма Багдановіча, распавяла прысутным, што ў гэтым годзе адзначаецца 120-гадовы юбілей з дня нараджэння Максіма Багдановіча.
Па словах спявачкі, публіка вельмі добра ўспрыняла беларускія песні: “Я лічу, што гэта добрая ідэя з перакладамі. Бо якая б там ні была прыгожая мелодыя ў песні, прыгожы меладычны голас, экспрэсія выканаўцы, лепей, калі людзі ведаюць, пра што песня. Я адчувала, што людзі разумеюць, пра што я спяваю, што гэта не ідзе ў пустэчу. Такім чынам, кантакт адбыўся на больш высокім узроўні, мэта распавесці пра беларускую культуру была дасягнута. Гэта было відаць па апладысментах, па тым, што мяне выклікалі на “біс”.