Быць беларусам немагчыма толькі з факту нараджэння на тэрыторыі нашай дзяржавы. Гэта вялікая праца і свядома абраная грамадзянская пазіцыя. І няважна, дзе чалавек жыве: у Беларусі ці ў далёкім Іркуцку. Алег Рудакоў ужо пятнаццаць гадоў з’яўляецца старшынёй Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага, якое ён заснаваў у сярэдзіне 1990-х гадоў. Імпэт, энергетыка, адданасць справе гэтага чалавека не толькі ўражваюць, але і надаюць надзею — з такімі асобамі ў Беларусі ёсць будучыня. З іркуцкім беларусам размаўляла журналіст «НЧ» Вольга Хвоін.
— Я заўжды, хоць знаходжуся за шэсць тысяч кіламетраў ад Беларусі, назіраю за падзеямі, што тут адбываюцца. Раней дык увогуле моцна перажываў. Бо, на мой погляд, тут не адбывалася сапраўднага адраджэння беларускай культуры. Я пятнаццаць гадоў кірую Іркуцкім таварыствам беларускай культуры імя Яна Чэрскага. Для нас галоўная мэта — адраджэнне, развіццё і захаванне беларускай традыцыі, мовы, культуры. І калі мы ў Іркуцку гэта робім на аматарскіх пачатках, то нам падаецца, што ў самой Беларусі гэта мусіць рабіцца на дзяржаўным узроўні. На жаль, мінулыя гады я заўважаў, што да беларускай мовы і традыцый ставіліся абыякава. Апошнія гады, мне падаецца, справа трохі зрушылася. Нават тое, што цяпер пры Міністэрстве культуры створаны кансультацыйны савет па беларускай дыяспары, сведчыць: пайшло разуменне таго, што трэба ўзаемадзейнічаць з беларусамі, якія жывуць за мяжой. Мы лічым сябе паспяховай грамадскай супольнасцю, якая ганарыцца сваім паходжаннем, сваёй гісторыяй, сваёй культурай, сваёй мовай. Добра было б, каб такіх адданых беларускай справе людзей было як мага больш. Мы зладзілі першы фестываль беларусаў замежжа ў межах Славянскага базару. Нашы гурты спявалі песні, аўтэнтычныя тым, што спявалі нашы бабулі, якія перасяліліся ў Сібір у сталыпінскія часы. Іншыя гурты спявалі песні, напрыклад, эстрадныя. Але галоўнае — гэты фестываль быў на чысцюткай беларускай мове. Гэта ёсць паказчыкам таго, што ў дзяржаве ёсць разуменне — трэба супрацоўнічаць. Але зноў жа — усе гурты мусілі былі прыехаць за свой кошт. Праўда, нам забяспечылі пражыванне-харчаванне. У нашых людзей было вялікае жаданне прыехаць на радзіму продкаў. Нашы дзяўчаты вучаць беларускую мову, між сабой мы гаворым па-беларуску. І яны так рыхтаваліся, чыталі слоўнікі, у мяне пыталіся, як тое ці іншае слова па-беларуску. Хваляваліся, бо хацелі прыехаць сюды і адчуць, што знаходзяцца ў дзяржаве сваіх продкаў. Але прыехалі і былі трохі расчараваныя. Іншым разам яны былі як замежнікі: у краме пытаюцца па-беларуску, а ім адказваюць: «Скажите по-нормальному, по-русски». Гэта ж таксама дзяржаўная палітыка. Усё ж мы адчуваем, што часам тутэйшыя людзі, не скажу што варожа ставяцца, але ёсць напружаныя адносіны да той жа беларускай мовы. Я гляджу, як да сваёй дыяспары ў Іркуцку ставяцца Польшча, Літва. Беларусаў, паводле перапісу, пяцьдзесят тысяч. Палякаў — тры тысячы, літоўцаў — усяго паўтары. Але там ёсць консульствы Польшчы і Літвы, ёсць дзяржаўная палітыка падтрымкі, фінансавая падтрымка на правядзенне сваіх мерапрыемстваў. А ў нас такога няма. — Ужо не першы год гавораць, што трэба прыняць закон аб беларусах замежжа. Нашто вам гэты нарматыўны акт? — Як закон ён мне не патрэбны. Але ёсць прыклад — тая ж Польшча. Яны зрабілі карту паляка. І вось каб было нешта падобнае — карта беларуса, нейкае пасведчанне. Каб была пэўнасць, што дзяржава вылучае тых, хто займаецца беларускай спадчынай. Нават карту паляка ўсім не даюць. Аднойчы я быў сведкай размовы палякаў у Іркуцку. Да нас прыйшла кіраўніца мясцовай польскай суполкі, і ёй нехта пазваніў з просьбай выдаць карту паляка. І яна зрабіла заўвагу, што гэты чалавек не ўдзельнічаў у культурным жыцці суполкі, нічым не дапамагаў. Паабяцала дапамагчы атрымаць карту паляка, але авансам, з умоваю, што ён будзе рабіць пасільны ўнёсак у жыццё суполкі. Цяпер мы вядзём актыўную працу, але ўсё на аматарскіх пачатках, ніякіх стымулаў апроч гэтага няма. Усё трымаецца на энтузіязме, на апантанасці. Калі б такі закон быў прыняты, мы б мелі праграмы па ўзаемадзеянні, тут даведваліся, што нам насамрэч патрэбна. Бо мы прыехалі, а нам надарылі кніжак, якія можа і сто год не патрэбныя. Вось падарылі пераклад Ван Гюста. Але што мне гэтая мастацкая кніга, можа б мы хацелі кнігі па гісторыі, па арнаменту, слоўнікі. Запытайцеся нас, чым мы займаемся і што нам патрэбна. Трэба, каб гэты закон меў канкрэтныя пункты, якія б падкрэслівалі ўзаемавыгаднасць супрацоўніцтва, каб мы адчулі, што Беларусь пра нас ведае і ставіцца да нас паважліва. — Да вас прыходзіць столькі моладзі, інфармацыі пра таварыства многа ў медыях. У чым сакрэт паспяховасці? — Два месяцы таму я сустракаўся са старшынёй украінскага цэнтру культуры. І ён мне гаворыць: «Слухай, Алег, чаму ў цябе так шмат моладзі, а ў мяне адны бабкі ды дзедкі прыходзяць?» Яны раз на год ладзяць «Шаўчэнкаўскія чытанні». Чытаюць творы Шаўчэнкі, далей стол накрываюць, Украіну паўспамінаюць, нехта «Дніпро шырокі» праспявае. І ўсё. Дык гэта нецікава моладзі. Мы ладзім нашыя традыцыйныя святы — Купалле, гуканне вясны. Мы робім якую-небудзь праграму. Гэта не проста пасядзець каля вогнішча. У нас ёсць карагоды, гульні, ёсць секцыя па вывучэнні народных танцаў. Ад самага пачатку я думаў: мы стварылі Іркуцкае таварыства беларускай культуры, але ўсе людзі розныя, з рознымі інтарэсамі, як іх аб’яднаць? Трэба было стварыць праграму развіцця, і цяпер у нас каля дваццаці кірункаў працы. Усе нашы святы праходзяць у інтэрактыўнай форме. Не будзеш жа праз вогнішча на Купалле ў джынсах скакаць! З’явіўся кірунак па аднаўленню народных строяў, потым пачалі займацца народнымі рамёствамі, танцамі... Праводзім абрадавыя святы. Працуе літаратурна-гістарычны клуб «Спадчына», дзе вывучаюць гісторыю Беларусі, развіццё беларускіх рамёстваў. Ёсць секцыя па вывучэнню беларускіх бытавых танцаў і шмат іншага. Моладзь, якая прыходзіць да нас, узгадвае свае карані, з задавальненнем вывучае этнаграфічныя факты. У нас цяпер вельмі добры актыў! — Ці дапамагае вам мясцовая адміністрацыя? — Нічым не дапамагае, але, дзякуй, і не пярэчыць. На пачатку чэрвеня быў дзень горада, і мы ўдзельнічалі ў святочным шэсці — самі падрыхтавалі строі, аформілі машыну, зрабілі шыльду. Прайшліся па галоўнай вуліцы з нашымі песнямі-карагодамі. За гэта атрымалі падзяку ад мэра і нават падарунак — карціну нашых мясцовых мастакоў. Ведаю, што ў Томску, Новасібірску, Цюмені ёсць нават стаўкі для цэнтраў беларускай культуры. А ў Іркуцку, як і ў Беларусі, няма разумення, што трэба дапамагаць беларускаму цэнтру культуры. У нас толькі бураты маюць стаўку ў адміністрацыі, бо гэта карэнныя жыхары.
Гурт "Крывічы", Іркуцк
— Покліч продкаў, генетычная памяць — гэта міф, ці насамрэч людзей нават праз пакаленні цягне на родную зямлю? — Наша таварыства абуджае зацікаўленасць у людзей да сваёй традыцыі, каранёў. І я ўжо магу назваць шмат прозвішчаў людзей, якія, пабыўшы ў нашым таварыстве, так натхніліся, што пераехалі ў Беларусь. У нас ёсць адна дзяўчына, якая вучылася тут, жыла, але вярнулася ў Іркуцк, маўляў, у Беларусі вельмі цяжка, эканамічнае становішча такое-сякое. Праз пару год зноў прыехала ў Беларусь: «У Беларусі лепш, людзі больш добрыя, надвор’е цяплейшае». Потым прыехала ў Іркуцк, але зноў вярнулася ў Беларусь, выйшла замуж, нарадзіла дзіця і сказала: «Усё, цяпер буду жыць тут». Мяркую, што краіна пражывання — не самае галоўнае. Важна, ці зможа чалавек уладкаваць сваё жыццё — стварыць сям’ю, знайсці добрую працу. У Беларусі, і праўда, надвор’е лепшае, адносіны людзей адзін да аднаго таксама больш прыязныя. Сібір — гэта кацёл, намяшана ўсё, кожны сам па сабе. А калі ідзеш па вуліцы ў Беларусі і спытаеш, як прайсці, то, даведаўшыся, што з Іркуцку, нават правядуць да патрэбнага месца. У цэлым, што ў Іркуцку, што ў Беларусі, аднолькава жыць: і тут і там свае цяжкасці ёсць. — Чаму вы ўзяліся за стварэнне Іркуцкага таварыства беларускай культуры? — З маральнага пункту мне гэтае дае толькі адно — галава баліць. Я гэтым пачаў займацца таму, што з дзяцінства ў мяне было шмат выпадкаў, калі мне хацелася абараняць беларускую мову. Я жыў у вёсцы, пасля сёмага класа мы паехалі на экскурсію ў Ленінград. Жылі мы ў інтэрнаце, а елі ў сталоўцы. Аднойчы чакалі сваёй чаргі на абед, а побач стаяла купка школьнікаў, якія размаўлялі паміж сабой на незразумелай мове. І нешта так прыкра стала, то мы пачалі паміж сабою па-беларуску гаварыць. Абы што плялі, толькі б беларускія словы былі: «Цыбулю маеш? А бульбу, а навошта?». Урэшце і тыя дзеці на нас звярнулі ўвагу, пазнаёміліся з намі і былі вельмі здзіўленыя таму, як гучыць беларуская мова. Калі прыехаў у Іркуцк, то сутыкнуўся з тым, што ніхто ўвогуле нічога пра Беларусь не ведае. Мне проста прыкра стала. Але, калі цяпер вы прыедзеце ў Іркуцк і запытаецеся пра беларусаў, вам адразу раскажуць пра наша таварыства. Быў смешны выпадак: арнітолаг ехаў у Манголію, але нешта з пашпартам у яго было не тое. І ў чыгуначнай касе ён спытаў, ці ёсць у горадзе якое консульства, то касірка яго адправіла ў наша таварыства. Мы ўжо грымім у Іркуцку, кожны месяц нейкія мерапрыемствы ладзім, імкнёмся быць навідавоку. І мы паднялі прэстыж беларускага народа. Раней нават пра беларускія сталыпінскія вёскі гаварылі «там хахлы жывуць». Шмат слоў гавораць пра братэрства рускіх і беларусаў. Але беларусы ведаюць пра Пушкіна і Лермантава, а ці ведаюць рускія беларускіх класікаў? На адным прыёме ў губернатара я пажартаваў, што ёсць закон, паводле якога ва ўсіх беларускіх школах будзе вывучацца руская мова і літаратура, а ў расійскіх школах — беларуская. Першую палову жарту ўспрынялі добра, а пасля другой — мову ім заняло. Якое можа быць братэрства ў такіх варунках?! Я ў Іркуцку адчуваю сябе як на перадавой: трэба ўвесь час нешта адстойваць, весці вялікую асветніцкую працу. У Льва Гумілёва ёсць твор пра пасіянарнасць. Ён гаворыць, што народ, які пачынае знікаць, мусіць мець пасіянарных людзей, які ахвяруюць сваім жыццём, сваімі грашыма, сваімі асабістымі справамі дзеля таго, каб народ наш паўстаў. Чым больш народаў са сваімі традыцыямі, асаблівасцямі, тым больш цікава. Гэта выдатна! Чалавек, калі не ведае сваёй гісторыі, то ён сарамлівы. Наша гісторыя вельмі гераічная. Нашы продкі ўсё ж захавалі для нас, перадалі нам культуру, традыцыю. Цяпер нашая чарга, што мы зробім — ці згубім, ці захаваем і перададзім далей гэта.
Вольга Хвоін, "Новы Час"