Заўсёды, калі надараецца бываць ў беларускай царкве ў Гайленд-Парку (ЗША), з прыемнасцю назіраю, як клапатліва завіхаецца ў грамадскай залі пад царквою сп. Людміла Бакуновіч. Накорміць усіх смачным абедам пасля службы ў царкве, усім ветліва ўсміхнецца, прывітае. Сп. Людміла ўзначальвае сястрынства пры царкве і шмат у чым дзякуючы менавіта ёй там пануе прыемная сяброўская атмасфера падчас розных беларускіх імпрэзаў ці нават у звычайную нядзелю, калі людзі збіраюцца, каб проста пагутарыць, абмяняцца навінамі.
Сп. Людміла належыць да паваеннай хвалі эміграцыі і мне неяк падумалася, што вось яна цяпер ужо на пенсіі і мае час так шмат займацца беларускімі справамі. Але падчас апошняй сустрэчы ў нашай бруклінскай царкве мы разгаварыліся і для мяне сталася нечаканасцю, што, аказваецца, сп. Людміла не мае так шмат вольнага часу, бо дапамагае дачцэ Сафіі даглядаць яе чатырох дзетак. Наймалодшы з іх, хлопчык, нарадзіўся зусім нядаўна – 2 чэрвеня і гэта ёсць ужо дванаццаты сярод унукаў і унучак сп. Людмілы. З гэтай радаснай падзеяй мы віншуем сп. Людмілу.
Разам са сваім мужам Уладзімірам Бакуновічам сп. Людміла выгадавала пяцёра дзяцей – сына і чатырох дачок. Іхнае сямейнае жыццё пачыналася ў Бельгіі. Абодва яны выехалі напрыканцы вайны з бацькамі на Захад. Сям’я Уладзіміра трапіла ў Аўстралію, дзе і да сёння жыве адзін ягоны брат Мітрафан, другі- Аляксандар нядаўна памёр і сп. Людміла ездзіла на пахаванне. Падчас маёй паездкі ў Аўстралію я некалі таксама пазнаёмілася з Аляксандрам і ведала яго як актыўнага чалавека ў беларускім грамадскім жыцці.
Будучы муж Людмілы з Аўстраліі паехаў вучыцца ў вядомы беларусам Лювэн, дзе маладыя людзі і пазнаёміліся, а потым выехалі ў Амерыку. Жылі напачатку ў Нью-Джэрсі, там нарадзіліся іх трое дзяцей, а потым муж дастаў добрую працу ў Дэтройце, і Бакуновічы перасяліліся ў штат Мічыган. На той час ў Дэтройце была досыць актыўная беларуская грамада, там жылі Сажычы, Плескачы і іншыя вядомыя беларускія сем’і. Бакуновічы далучыліся да беларускага жыцця і актыўна працавалі там праз увесь час. Бралі чынны ўдзел у пачатках дзейнасці там беларускай царквы.
Тут патрэбна сказаць, што Людміла была далучаная да царкоўнага жыцця ад самага маленства. Яе дзед Сцяпан Войтэнка быў святаром. Сям’я паходзіць з Гарадзеншчыны, з гістарычных мясцінаў. Людміла нарадзілася ў Міры. Ейны бацька Віктар Войтэнка быў лекарам, жылі потым ў Баранавічах і Слоніме. Доктар Войтэнка пад час вайны заклаў вядомую медычную школу ў Баранавічах, дзе вучылася шмат беларускай моладзі.
На эміграцыі дзед Людмілы Сцяпан Войтенка стаў першым святаром у
беларускай царкве ў Гайленд-Парку, дзе зараз так актыўна працуе Людміла.
Пасля смерці Сцяпана Войтэнкі паўстала пытанне, хто пяройме ягоныя святарскія абавязкі. І тады ягоны сын Віктар высвяціўся на святара і пачаў працягваць справу бацькі адначасна працаваў і лекарам, каб утрымаць сям’ю.
Віктар Войтэнка ездзіў у Дэтройт і служыў там першую службу ў новай беларускай царкве.
Сп. Людміла скончыла Даглас коледж, які цяпер ў складзе Ратгерскага універсітэту, вывучала біялогію і хімію. Некаторы час ў Нью-Джэрсі працавала ў фармацэўтычнай кампаніі. Але пасля пераезду ў Дэтройт, калі сям’я павялічылася, ужо мусіла гадаваць дзяцей і займацца хатнімі справамі.
Дзеці падраслі і няўрымслівы характар сп. Людмілы не дазволіў ёй сядзець дома. Скончыла настаўніцкія курсы і атрымала права на выкладчыцкую працу. Пасля 14 гадоў выкладала хімію і біялогію ў публічных школах Дэтройту.
Калі памёр муж, і прыйшла пара выйсці на пенсію, сп. Людміла вырашыла, што і далей нельга сядзець ў хаце ў адзіноце, а лепш дапамагаць дзецям гадаваць унукаў. Шэсць гадоў таму яна вярнулася ў Нью-Джэрсі, каб дапамагчы дачцэ Сафіі, якая на той час найбольш патрабавала падтрымкі маці, каб гадаваць траіх дачок. Вось у сям’і Сафіі і нарадзіўся цяпер той дванаццаты ўнук і расце на руках у бабулі.
Людміла Бакуновіч з унучкамі (дочкамі Сафіі) і дванадцатым унукам Дзінам
Але мацярынскае сэрца найбольш баліць зараз пра іншых чатырох унукаў, якія жывуць ў Мічыгане і гадуюцца без маці. Некалькі гадоў таму дачку сп. Людмілы Ганну забіў уласны муж і асіраціў дзяцей, бо і сам зараз у турме. Усіх чатырох іх узяла на выхаванне самая малодшая дачка Людмілы Елізавета. Яна самотная, не мела сваёй сям’ і і ўзяла на сябе гэтую цяжкую ношу. Так вось падтрымліваюць адзін аднаго ў гэтай вялікай сям’і, галавою якой цяпер ёсць сп. Людміла. Наведвае яна і сваіх траіх унукаў ад старэйшай дачкі Наталлі і ўнука ад сына Віктара. Дабрыні і цеплыні ў сп. Людмілы хапае на ўсіх іх, яшчэ дастаецца і нам, калі мы прыходзім у беларускую царкву ў Гайленд Парку.
Людміла Бакуновіч ( на пярэднім пляне) ў беларускай царкве на Атлантык Авеню ў Брукліне па час хіратоніі Япіскапа Серафіма
Іншымі вачыма гляджу цяпер на зграбную постаць беларускай жанчыны ў нацыянальным строі, якая заўсёды прысутнічае на беларускіх імпрэзах, бо яна не толькі пры царкве, але і актыўная сяброўка БАЗА і сябра Рады БНР. Дзіўлюся яе духовай і фізічнай моцы, яе нязломнасці і жыццялюбству, яе адказнасці і цвёрдасці характару. Усё гэта дасталося ёй ў спадчыну ад двух моцных беларускіх родаў – Войтэнкаў і Бакуновічаў.
Ганна Сурмач, газета “Беларус”, №581, чэрвень 2011 г.